Як паведамілі ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў (РІКВ), другі этап рэпетыцыйнага тэставання праходзіць са студзеня па люты. Нагадаем, першы быў арганізаваны з кастрычніка па снежань 2011 года, трэці пройдзе з сакавіка па красавік.

Праверыць веды можна па 14 прадметах: рускай, беларускай, англійскай, нямецкай, іспанскай, французскай мовах, фізіцы, матэматыцы, хіміі, біялогіі, гісторыі Беларусі, геаграфіі, грамадазнаўстве, сусветнай гісторыі найноўшага часу. Для кожнага этапу рыхтуюцца новыя тэсты. Ахвотныя могуць узяць удзел у кожным з трох этапаў. Колькасць тэстаў для ўдзельнікаў рэпетыцыйнага тэставання не абмяжоўваецца.

Як паведамілі ў РІКВ,

пункты рэпетыцыйнага тэставання працуюць па ранейшых адрасах.
У Мінску тэставанне праводзіцца на базе дзяржаўных ВНУ і ліцэя БДУ, у Мінскай вобласці — ва ўсіх аддзелах адукацыі раённых і гарадскіх выканкамаў. У Магілёўскай вобласці тэставанне пройдзе на базе Беларуска-расійскага ўніверсітэта, у Гомельскай вобласці — Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя Сухога, Гродзенскай вобласці — Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Брэсцкай вобласці — Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. У Віцебскай вобласці вызначаны тры пункты рэпетыцыйнага тэставання: Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, аддзел адукацыі Аршанскага гарвыканкама.
Кожны пункт рэпетыцыйнага тэставання самастойна вызначае час правядзення іспытаў па прадметах.
Для рэгістрацыі неабходна мець пры сабе пашпарт і квітанцыю аплаты за ўдзел у тэставанні. Сёлета тры пункты рэпетыцыйнага тэставання даюць магчымасць анлайн-рэгістрацыі: ліцэй БДУ, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя Сухога.
Кошт удзелу ў тэставанні па адным навучальным прадмеце складае 30 тыс. рублёў.

РІКВ рэкамендуе ўдзельнічаць ва ўсіх трох этапах рэпетыцыйнага тэставання. Гэта дазволіць не толькі праверыць узровень ведаў па выбраных для паступлення навучальных прадметах, але і азнаёміцца з тэматыкай тэставых заданняў, набыць тэхнічныя навыкі запаўнення бланка адказаў, лепш псіхалагічна падрыхтавацца да ўступных экзаменаў, адзначаюць спецыялісты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?