Беларуская праваслаўная царква выступае катэгарычна супраць сурагатнага мацярынства. Пра гэта гаворыцца ў апублікаваных на афіцыйным партале БПЦ адказах на пытанні, якія паступілі ў прэзідыум епархіяльнага сходу Мінскай епархіі.

«Праваслаўны погляд на мацярынства і святасць чалавечага цела не сумяшчальны з такім паняццем, як сурагатнае мацярынства.
Сурагатнае мацярынства не павінна быць дапушчальнае ў прынцыпе! На жаль, мы бачым, што новы закон (нядаўна прыняты Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні закон аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях) значна шырэй тлумачыць межы дапушчальнага, і таму наш абавязак у такой сітуацыі заклікаць да пільнасці сваю паству», — гаворыцца ў паведамленні.
У той жа час адзначаецца, што «да дапушчальных сродкаў медыцынскай дапамогі (пры бясплоддзі) можа быць аднесена штучнае апладненне палавымі клеткамі мужа, паколькі яно не парушае цэласнасці шлюбнага саюза, не адрозніваецца прынцыповым чынам ад натуральнага зачацця і адбываецца ў кантэксце шлюбных адносін».
Пры гэтым падкрэсліваецца, што «выкарыстанне такіх тэхналогій павінна выключаць не толькі ўсякае донарства, але і ўсякае наўмыснае знішчэнне зародкаў — як ужо ва ўлонні жанчыны, так і па-за ім». «Эмбрыён — гэта чалавек на пэўнай стадыі свайго развіцця, таму і наша стаўленне да эмбрыёна павінна быць адпаведным: як да чалавека», — гаворыцца ў паведамленні.

БПЦ таксама лічыць неабходным атрыманне благаславення ад архірэя на ўзяцце другога і трэцяга царкоўнага шлюбу. «Трэба заўважыць, што на другі шлюб царква глядзіць адмоўна. Царква настойвае на пажыццёвай вернасці мужа і жонкі і непарыўнасці праваслаўнага шлюбу. Яна дапускае яго [другі шлюб] толькі ў якасці паблажкі да чалавечых слабасцяў».

У апублікаваных адказах таксама гаворыцца, што

царква выступае супраць крэмацыі цела памерлага.
«У хрысціян ёсць свая традыцыя набожнага стаўлення да цела памерлага, якая прадугледжвае пахаванне яго ў зямлю. Нашы ўмовы дазваляюць захоўваць гэту традыцыю: зямлі пакуль хапае на ўсіх, і эпідэмій, якія рабілі б крэмацыю трупаў неабходнай, таксама не назіраецца. У нас аддаюць агню толькі смецце, спальваюць непатрэбнае. У гэтым сэнсе крэмацыя — гвалтоўнае разбурэнне цела і самачынная спроба яго знішчыць», — гаворыцца ў паведамленні. Паводле меркавання БПЦ, «крэмацыя без крайняй на тое неабходнасці павінна быць прызнана грахом — або самога нябожчыка, калі сам ён завяшчаў так распарадзіцца з яго целам, або сваякоў, калі яны самі так ненабожна паставіліся да цела свайго блізкага».
Царква таксама вельмі негатыўна ставіцца да таго, што некаторыя святары пакідаюць свае візітныя карткі ў агенцтвах рытуальных паслуг і моргах з прапановамі «правільна і якасна» правесці абрад пахавання.
«Такая практыка заслугоўвае бескампраміснага ганьбавання, — гаворыцца ў паведамленні. — Чалавек, які перажыў гора смерці блізкага, звяртаючыся ў пахавальнае агенцтва і знаходзячы там візітоўку святара з прапановай аказання пахавальных паслуг, перастае ўспрымаць пахаванне і памінальную малітву як святадзейства. Храм — вось сапраўднае месца сустрэчы чалавека і Бога. Толькі тут павінны дазваляцца такія просьбы, пры асабістай сустрэчы са святаром».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?