Трое супрацоўнікаў Беларускага тэлеграфнага агенцтва (БелТА) узнагароджаны медалямі. Адпаведны ўказ 6 студзеня падпісаў Лукашэнка, паведамляе БелТА.

Медаля «За працоўныя заслугі» ўдастоены першы намеснік генеральнага дырэктара агенцтва Ігар Луцкі.

Галоўны рэдактар ​​часопіса «Беларуская думка» Вадзім Гігін і фотакарэспандэнт рэдакцыі фотаінфармацыі Віктар Талочка ўзнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Вадзім Гігін, апроч іншага, таксама вядзе блог на сайце БелТА, дзе бэсціць апазіцыю, Еўрасаюз і ўсяляк ухваляе курс Лукашэнкі. Яму забаронены ўезд у ЕС. Гігін спрабуе аспрэчыць забарону ў Еўрапейскім судзе па правах чалавека.

Ва ўзнагароджанні Гігіна медалём Скарыны ёсць і пэўная іронія. Гігін — адзін з нешматлікіх беларускіх інтэлектуалаў-русафілаў, ды такі заўзяты. Пры Гігіну «Беларуская думка» стала трыбунай новага заходнерусізму. У той жа час Скарына быў сімвалам прыналежнасці Беларусі да заходнееўрапейскага культурнага поля: вучыўся ў Падуі, аддрукаваў першую кнігу ў Празе, абапіраўся ў сваёй асветніцкай дзейнасці на віленскую буржуазію, рэалізоўваў ідэі тагачаснай перадавой еўрапейскай інтэлігенцыі.

Вось так сустрэліся Францішак Лукашоў сын Скарына з Вадзімам Францавым сынам Гігіным.

...А нам застаецца далучыць свае віншаванні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?