6 студзеня ў Мінску, у офісе грамадскай арганізацыі «Рух "За Свабоду», прайшоў вечар памяці былога прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавала.

На мерапрыемстве прысутнічала другі сакратар пасольства Чэхіі ў Беларусі Дагмар Дыдзенка-Наваградска, якая адзначыла, што Вацлаў Гавал стаў сапраўдным героем свайго часу.

Журналістка Ірына Халіп, жонка асуджанага экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, прыгадала, што падчас знаходжання яе ў турме пасля падзей 19 снежня 2010 года ў Мінску «з ёю ў камеры» знаходзіўся ліст-зварот Вацлава Гавала, які праз усе «шмоны» цудам захавала яе калега Наталля Радзіна.

«На жаль, я не ведаю, ці атрымаў мой муж у турме паштоўку ад Гавала, — падзялілася Халіп з карэспандэнтам БелаПАН, — але ведаю, што Вацлаў Гавал адразу пачаў рабіць усё магчымае, каб абараніць беларускіх палітзняволеных. Наогул, гэта той чалавек, чыя асоба, чый вобраз, напэўна, дапамагаюць вытрымаць выпрабаванні за кратамі: калі Гавал здолеў такое перажыць — і мы павінны вытрымаць».

«Думаю, такія асобы, як Гавал, прыходзяць раз у сто гадоў, — лічыць лідар руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч. — Было шмат людзей, якія вялі барацьбу з таталітарызмам на постсацыялістычнай прасторы, але Гавал — гэта асаблівая фігура. Тое, што ён быў, увогуле кажучы, і для нас вельмі важна, хаця і беларусам вельмі хацелася б мець такога абсалютнага маральнага лідара, лідара палітычнага, лідара барацьбы за дэмакратыю. Будзем спадзявацца, што ён яшчэ з`явіцца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?