Паводле папярэдніх даных, аб’ём золатавалютных рэзерваў Беларусі на 1 студзеня 2012 года дасягнуў гістарычнага максімуму

і склаў у вызначэнні МВФ $7915,9 млн.
Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні інфармацыі Нацыянальнага банка Беларусі.

Такім чынам, за 2011 год рэзервы ў міжнародным вызначэнні павялічыліся на $2885,2 млн., або больш як на 57 працэнтаў. У выніку паказчык міжнародных рэзервовых актываў значна перасягнуў прагнознае значэнне: у адпаведнасці з асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2011 год аб’ём рэзерваў на 1 студзеня 2012 года павінен быў скласціся на ўзроўні $6230,7 млн.

Як адзначылі ў Нацбанку,

у снежні павелічэнню золатавалютных рэзерваў садзейнічала паступленне другога траншу крэдыту з Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС у суме $440 млн., а таксама залічэнне ў склад рэзерваў часткі сіндыкаванага крэдыту Ашчадбанка Расійскай Федэрацыі і Еўразійскага банка развіцця, выдадзенага ААТ «Беларуськалій».
«Пры гэтым урадам і Нацыянальным банкам Беларусі ў поўным аб’ёме былі выкананы знешнія і ўнутраныя абавязацельствы ў замежнай валюце», — падкрэслілі ў Нацбанку.
Цяпер золатавалютныя рэзервы пакрываюць амаль двухмесячны імпарт.
«Падтрыманне рэзерваў на ўзроўні, які забяспечвае эканамічную бяспеку Беларусі, а таксама забеспячэнне своечасовага пагашэння ў поўным аб’ёме знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце з’яўляюцца прыярытэтнымі задачамі ўрада і Нацыянальнага банка», — адзначылі ў галоўным банку краіны.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?