Сесія — няпросты час нават для самых старанных студэнтаў. Бывае, што вывучаны назубок матэрыял выскоквае з галавы ад аднаго выгляду білетаў на стале выкладчыка. Што рабіць, калі хваляванне на іспыце перашкаджае засяродзіцца? Як патрапіць у разрад шчасліўцаў, якія ходзяць на сесію як на свята? Ці можна ператварыць працэс падрыхтоўкі ў займальны занятак? На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнта БелТА адказвае начальнік псіхалагічнай службы Беларускага дзяржаўнага універсітэта, практычны псіхолаг вышэйшай катэгорыі Руслан Папок.

Студэнтам падчас сесіі неабходна выконваць 5 залатых правілаў, лічыць Руслан Папок.

Па-першае, трэба пісьменна размеркаваць сілы. Прааналізаваць, напрыклад, свой расклад: які іспыт складаней, які прасцей.
Узяць у аднакурснікаў канспекты прапушчаных лекцый. Калі нейкія тэмы ў працягу семестра ішлі цяжкавата, яшчэ раз прагартаць падручнікі.

Акрамя таго,

у працэсе падрыхтоўкі важна ўлічваць, што любы чалавек мае свой біялагічны рытм.
У кожнага з нас уздым сіл, настрою змяняецца спадам. Розніца ў інтэрвале, таму адзін без стомы можа сядзець над падручнікамі паўдня, другі — 2 гадзіны, а кагосьці ўжо праз 20 хвілін цягне адкласці канспекты ў бок. У любым выпадку свае біярытмы можна і трэба выкарыстоўваць на карысць: у перыяд уздыму сіл — вучыць, а калі актыўнасць ідзе на змяншэнне — паўтараць пройдзенае.
Па-другое, пазбягаць зубрэння. Механічна завучаны тэкст мае ўласцівасць беззваротна знікаць з памяці на экзамене. А каб гэтага не адбылася, веды трэба сістэматызаваць.
Вывучаючы матэрыял па тым ці іншым экзаменатцыйных пытаннях, паспрабуйце запомніць самае галоўнае. Гэтая інфармацыя ў далейшым паслужыць своеасаблівым маячком. Калі ўзгадалі ключавы факт, формулу, дату, то абавязкова прыйдзе на розум яшчэ што-небудзь з таго, што чыталі па гэтай тэме. Такі падыход дае значна большы эфект, чым простае завучванне. Дарэчы, правільна расставіць маячкі дапамагае выкладчык — на кансультацыі, таму прапускаць іх не варта.

Як адзначае Руслан Папок, падчас сесіі студэнты часта прыходзяць з просьбай дапамагчы ім зняць напружанне. Многія лічаць, што рыхтавацца да іспытаў трэба, у літаральным сэнсе слова, не паднімаючы галавы ад падручнікаў. Але гэта зусім не так.

Планаванне адпачынку — трэцяе залатое правіла паспяховага студэнта. «Схадзіце ў тэатр, кіно, пасядзіце ў кафэ з сябрамі ці хаця б прагуляйцеся на свежым паветры», — раіць псіхолаг.
Не варта баяцца, што выпусціце час і штосьці не паспееце вывучыць. Наадварот, пасля адпачынку працаздольнасць павялічыцца.
Чацвёртае правіла — надайце ўвагу свайму харчаванню, якое павінна быць паўнавартасным і збалансаваным.
Нельга адмаўляцца ад абеду нібыта з-за таго, што трэба рыхтавацца. Пачуццё голаду не дапаможа добра засвоіць матэрыял — хутчэй наадварот. На час сесіі таксама забудзьцеся пра дыеты. Бо нават самая лёгкая з іх — стрэс для арганізма, а тут яшчэ іспыты. Падвойная нагрузка!
Спецыялісты настойліва рэкамендуюць выключыць з меню энергетычныя напоі.
Эфектыўнасць іх, можа, і высокая, але недаўгавечная. Затым нязменна надыходзіць заняпад сіл, з якім бывае цяжка справіцца.
І, нарэшце, пятае. Займіцеся спортам. Падчас сесіі студэнты ў асноўным вядуць сядзячы лад жыцця. Аднак зрабіць раніцай зарадку або схадзіць, напрыклад, у басейн не перашкодзіць.
З аднаго боку, гэта дазволіць зняць напружанне, а з іншай (спецыялісты даўно гэта высветлілі) — узровень фізічнай актыўнасці напрост уплывае на душэўны стан.

Непасрэдна ж перад іспытам паспрабуйце сябе не накручваць. Не выпытвайце ў тых, хто ўжо здаў, як усё прайшло, калі адчуваеце, што пачынаеце ад гэтага хвалявацца яшчэ больш. У аўдыторыю заходзьце ўпэўнена. Усім сваім выглядам паказвайце, што вы ўсё ведаеце. Сутнасць не ў тым, каб зрабіць уражанне на выкладчыка, растлумачыў Руслан Папок, такім чынам вы самі настройвайцеся на поспех.

Выцягнуўшы білет, адкладзіце яго ў бок і дайце сабе ўстаноўку, што гатовыя адказаць на пытанні, якія ў яго ўключаны.
Спакойна падрыхтуйце сваё працоўнае месца: дастаньце асадку, аркуш паперы. Перапішыце першае пытанне, затым — наступнае. Звыклыя дзеянні дапамагаюць разрадзіць абстаноўку: нічога незвычайнага не адбываецца — значыць, хвалявацца няма пра што.
Працу над білетам псіхолагі рэкамендуюць пачынаць з пытання, якое здаецца больш лёгкім.
Накідаў схему адказу, тое ж самае зрабіце і з больш складаным заданнем. Затым вярніцеся і дапоўніце папярэдні адказ. Такая, на першы погляд, чахарда таксама дапамагае стварыць адчуванне поспеху. Пры неабходнасці можна разбавіць адказ звесткамі з сумежных абласцей. Спатрэбіцца, калі выкладчык пачне задаваць дадатковыя пытанні. Некаторыя могуць паставіць у тупік, але і ў гэтым выпадку важна не губляць упэўненасці.
«Ні ў якім разе не пачынайце апраўдвацца. Я, маўляў, вучыў, чытаў ... — прайграе сітуацыю Руслан Папок. — Гэтым чалавек у першую чаргу сам сябе пераконвае, што не гатовы. Трэба ўпэўнена, па дзелавому папрасіць, каб вам далі час на роздум».
Узяўшы тайм-аўт, паспрабуйце перафразаваць пытанне, пераказаць яго сваімі словамі. Гэтым вы наладзіце сябе на тое, што пачалі пранікаць у сутнасць праблемы, вернецца упэўненасць у сабе, а там і патрэбная дата-формула прыйдзе ў галаву. Зрэшты, такі варыянт магчымы ў тым выпадку, калі вы сапраўды нешта чыталі перад іспытам.

Ёсць яшчэ адна простая парада, як паменшыць псіхалагічную нагрузку падчас сесіі. Не жывіце аднымі экзаменамі, жывіце тым, што будзе пасля — вакацыямі. Будуйце планы, прызначайце сустрэчы з сябрамі. А яшчэ лепш — думайце, як прыйдзеце на вучобу, адпачыўшыя, паразумнеўшыя, з новым досведам.

Дарэчы, сесія — стрэсавы перыяд не толькі для студэнтаў, але і для выкладчыкаў. Асабліва для маладых.
Тыя, хто старэй, умеюць супрацьстаяць націску з боку некаторых студэнтаў. Бо іншы раз маладыя людзі разважаюць так: ацэнку мне ўсё роўна паставяць, нікуды не дзенуцца. Хтосці, адчуваючы, што «плавае» падчас адказу, пачынае сцвярджаць, што матэрыялу па дадзенай тэме не давалі або давалі недастаткова. Іншы скардзіцца на дрэннае самаадчуванне, сёй-той (часцей дзяўчыны) іншы раз пачынаюць плакаць. Гэтыя хітрыкі старыя як свет, выкладчыкі добра іх ведаюць і рэагуюць адпаведна.
Аднак бывае, што студэнт сапраўды трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю або проста моцна накруціў сябе перад экзаменамі.
Сярод моладзі шмат максімалістаў, якім ўласціва кідацца з крайнасці ў крайнасць, адзначыў псіхолаг. Сёння малады чалавек бясконца ўпэўнены ў сабе, а заўтра ад былой упэўненасці можа не застацца і следу. Дасведчаны і чулы выкладчык не стане пагаршаць і без таго няпросты псіхалагічны стан студэнта, але і патуранняў не зробіць, магчыма, прапануе прыйсці яшчэ раз.

Пытаннямі, як справіцца з хваляваннем на іспыце, зняць стрэс, студэнты задаюцца альбо незадоўга да сесіі, альбо ўжо пасля. Між тым да сесіі, на думку Руслана Папка, трэба пачынаць рыхтавацца з пачатку навучальнага года. Аналізаваць свае паводзіны на іспытах, вылучаць плюсы і мінусы. Камусьці, магчыма, варта паводзіць сябе больш упэўнена, а камусьці наадварот, трэба быць сціплей. А што датычыцца пяці залатых правілаў, то іх можна з поспехам прымяняць не толькі падчас сесіі, але і на працягу ўсяго навучальнага года, адзначыў псіхолаг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?