Гэта адбылося ў безнадзейныя часы, акурат тады, калі дэмакратычныя сілы зьбіралі дэмакратычныя сілы дзеля збору подпісаў на трынаццаты за апошнія два гады Кангрэс дэмакратычных сілаў дзеля абраньня ХІІІ Адзінага Аднаразовага Кандыдата на наступныя прэзыдэнцкія выбары...

...Калі б гэныя дэмакратычныя сілы мелі даўжэйшую доўгатэрміновую памяць, то яны, несумненна, памяталі б выказваньні Пастаяннага Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (далей ППРБ) у Берасьці перад студэнцтвам пра тое, што, маўляў, хоць два гады шукайце, а лепшага за мяне кандыдата хрэн знойдзеце. Але два гады канчаліся і, адпаведна, падрасталі шанцы знайсьці роднага, пазнавальнага, харызматычнага, шчасьцяноснага аднаразовага кандыдата. Дый тэрмін, адпушчаны ППРБ на шуканьне годнага канкурэнта, падціскаў.

Тым часам маскалі паклалі ППРБ на тушэ праз рэзкую падвышку цэнаў на энэргетычную сыравіну. Асабліва зьдзекаваўся з нас расейскі «Газпром». ППРБ вырашыў узьбіцца на атамную станцыю. Хада далейшых падзей парагатала з чэсных, але бедных дэмсілаў.

Для чысьціні выніку галасаваньня да ўдзелу ў плебісцыце не дапусьцілі апазыцыянэраў, валацуг і асоб з вышэйшай адукацыяй.

...Каб мець упэўненую падтрымку свайго народу, прэзыдэнт абвесьціў усенародны плебісцыт наконт пытаньня будоўлі атамнай электрастанцыі. Для чысьціні выніку галасаваньня да ўдзелу ў плебісцыце не дапусьцілі апазыцыянэраў, валацуг і асоб з вышэйшай адукацыяй, калі яны толькі не былі членамі выбарчых камісій. І, нягледзячы на такую тонкую падрыхтоўку, вынікі апытаньня апынуліся ашаламляльнымі: амаль 90 з сотні ўдзельнікаў рэфэрэндуму выказаліся супраць ядравай Беларусі.

Маскалям гэта было сама на руку. Яны тут жа падвысілі цану на газ да 500 сусьветных грошай за кубасажню, запатрабавалі ў нагрузку сабе «Белтрансгаз» і ў дадатак 1500 адборных дзевак з апошняга прэзыдэнцкага кастынгу. Паводле ўсеагульнага прызнаньня, гэта быў самы пасьпяховы кастынг. Багата хто тлумачыў гэты посьпех тым, што да ўдзелу ў кастынгу былі дапушчаныя выключна і толькі папярэдне пракастынгаваныя сяброўкі БРСМ.

(У выніку Ўправа Кастынгаваньня пры Кіраўніцтве справамі была задаволеная і заахвочаная рэшткамі ад кастынгаваньня).

Прэзыдэнт і народ вытрымалі б гэныя пяцьсот сусьветных грошай, але замахнуцца на хвамільнае срэбра Беларусі — «Белтрансгаз» — гэта было задужа!

Пра дзевак дзяржаўныя тэлеканалы проста заявілі, што Беларусь не аддасьць наш насенны фонд дзеля чалавечых ахвяраваньняў варварам?крэмлятаўрам. Што гэта ўдае на даніну, аброк, чынш і шарварак. Што, раз Расея шчодрая душа, то хай дзеліцца, тонка змаўкаючы наконт таго, што яны разумелі пад словам «дзеліцца».

І, урэшце, нэрвы Прэзыдэнта ня вытрымалі!

Даўно набалелае, нарыванае, разьвярэджанае лопнула ў адзін вечар.

Усю СНД абляцеў здымак, на якім беларускія жаўнеры ў касках гуртам весела рушаць памежны слуп на лініі Чарнамырдзіна-Лукашэнкі.

Мы акурат зьбіраліся патушыць тэлевізары, як сьпярша па казённых талерках, а потым і па тэлевізіі пасьля ўрачыстага і велічнага «мы-беларусы-з-братняю-русьсю-разам-шукалі гоп-гоп...» прагучалі гістарычныя словы пра гістарычнае ўзьяднаньне расейскага народу зь беларускім, пра векавечную мару абодвух народаў пра адзіны скіпэтар Вітаўта, пра покліч крыві, пра неабходнасьць шчасьця скончыць з «дывэргентнымі элемэнтамі, што гуляюць супраць славянскага адзінства» і іхнімі памагатымі.

Гэта, браце, не сэлектарная нарада!

Прэзыдэнт энэргічна абрынуўся на вераломнае маскоўскае кіраўніцтва і паабяцаў ад імя гісторыі разабрацца зь ім.

Карацей, «мы ідзём у вызвольны паход. Мы не паўзём на каленцах у Расею, мы ідзём ня супраць нашага брата, рускага народу, мы ідзём супраць жменькі бязродных касмапалітаў-плютакратаў-алігархаў, што апанавалі сьвяшчэнны Крэмль і «Газпром», якія п’юць сьвятую славянскую кроў. Жменька касмапалітаў і масонаў трымае ў страху ўсю Эўропу. Час пакласьці канец масонскай змове ў сэрцы нашай Расеі. Усходні шчыт Беларусі ў небясьпецы. Ідзём па шматвэктарным вэктары. Час аддзяліць маскоўскага мухуя ад славянскае катлеціны», — гэтак шматзначна закончыў свой выступ Прэзыдэнт. Потым, да нашага зьдзіўленьня, засьпявалі «Магутны Божа», затым загучэў «Марш Радзецкага», потым забароненыя цэнзурай велічны марш «Вітаўт Вялікі» і «Марш Астроскага», а потым іншыя нацыянальныя вайсковыя маршы і чамусьці Марсэльеза «Aux armes, citoyens! Formez vos battaillons!». І толькі потым зайгралі пра «саюз непрыступны»...

Маскалі на гэта адрэагавалі неяк млява. Іхняе тэлебачаньне, як дурнічка на хамаваты камплімэнт, на беларускі выпад прахіхікала легкадумным кавээнам.

Між тым, у працоўныя калектывы паступіла Дырэктыва №2 вызначыць самаахвотных у воіны-інтэрнацыяналісты для вызвольнага паходу. Прадпісваліся ня браць апазыцыянэраў, нацыяналістаў, гомасэксуалістаў і п’яніц. Вылучэнцы калектываў за прафсаюзны кошт накіроўваліся на

зборныя пункты, дзе атрымлівалі вялізныя торбы (як меркавалі, для будучых трафэяў, насамрэч гэта былі мяшкі для трупаў), вугляродныя вяроўкі для вязаньня палону, і разам зь недарэзанымі ў Барысаве танкамі грузіліся ў эшалёны і кіраваліся на ўсход. Усю СНД абляцеў здымак, на якім беларускія жаўнеры ў касках гуртам весела рушаць памежны слуп на лініі Чарнамырдзіна-Лукашэнкі.

Нават бачачы беларускія танкі на плятформах, маскалі не выяўлялі аніякай варажнечы. Не спатрэбіліся нават засланыя загадзя прапагандысцка-дывэрсійныя аддзелы дзеля вывешваньня правільных лёзунгаў. Замардаваны алігархамі-касмапалітамі, расейскі народ прыхільна сустракаў вызвольнае войска.

Былі нават сюрпрызы. Так, за Смаленскам, бадай, ля самага Мажайску — гэтай старадаўняй мяжы ВКЛ, упоперак шашы нашы ваяры з прыемнасьцю ўбачылі здаравенны бігборд «Здарова, таварышы! Доўга чакалі мы вас!»

І толькі калі нашыя перадавыя аддзелы выйшлі на крайнія рубяжы апэрацыі «Тайфун», у Крамлі схамянуліся. Ды запозна.

Цэлыя вайсковыя часьці маскалёў прызнавалі вяршэнства нашага галоўнага Галоўнакамандуючага: «Ягоны мундзір прыгажэйшы», — шчыра казалі яны — і статкамі пераходзілі пад штандары Саюзнай Дзяржавы. У стане масонаў пачалася паніка. Яе пабольшыў шырока распаўсюджаны напаўсакрэтны загад «нячэсных журналістаў у палон ня браць!». Акурат у гэты самы час генэрал-маёр Хралоў далажыў, што ўзяў у палон тысячу журналістаў. «Што зь імі рабіць? Як адрозьніць чэсных ад нячэсных?» —пытаў генэрал. «Адпраўце іх усіх да Харона, ён тамака разьбярэ», — быў адказ Прэзыдэнта.

Непрыяцеля бралі панікаю. «Мы гэнага Пуціна залыгаем і на вяроўцы зацягнем у Гаагу, а цягнуць паможа ўся Эўропа», — заявіў наш прэзыдэнт і паабяцаў, што кожны эўрапеец здолее патрымацца і патузаць за тую за тую вяроўку, заплаціўшы ўсяго адно эўра.

У Эўропе вызвольны анабазіс сустрэлі энтузіястычна. Усім занудзеў усходні газавы кашмар. Нездарма некаторыя — як той «Штэрн» ці «Більд» — у адчаі пісалі, маўляў, лепей ужо родны Zyklon В, чым той расейскі бутан-прапан. У Гамбургу на Рыпэрбан навезьлі канапель, каб зьвіць гістарычны повад і да яго маленькую шворку. Наш Прэзыдэнт прыслаў акцызныя маркі.

Тым часам перадавыя аддзелы дывізіі «Першы Прэзыдэнт» бесьперашкодна падышлі да хмарачосу Газпромсіці, гэтай дзяржавы ў дзяржаве, гэтага кубла масонаў і касмапалітаў. Нам казалі, што падыходы да іхняга логава замінаваныя і нам яго ня ўзяць. Сапраўды, пару сутак нашыя танкі марна мірна прастаялі воддаль; пакуль нашыя жаўнеры на халяву цешыліся з тамтэйшымі распусьніцамі і, ня ведаючы меры, спажывалі алькаголь, маёр Гацян і ахвіцэры ягонага батальёну абвязаліся пляшкамі шампанскага і сьмела рушылі да будынку. Іх нішто і ніхто не чакаў. Варта і сэк’юрыці папросту паўцякалі разам з сваімі пратэжэ, вашывымі блыхамі і адмарозкамі. Весткі пра міны аказаліся мітам.

Калі нашыя салдаты дазналіся пра ўцёкі газапрамыслоўцаў, узьнялася страшэнная трыюмфальная страляніна. Мы нават не пасьпелі выцягнуць з будынку кампутары і капіявальныя апараты. Ад выпадковых снарадаў гмах загарэўся, полымя шугала да самых серабрыстых аблокаў і было відаць ажно з Ля?Маншу. Эўрапейцы сьвяткавалі гэта з большым за ўвядзеньне эўра імпэтам дый выпілі болей, чым тады.

Багата валанцёраў з Эўропы выказалі жаданьне ўзяць удзел у вызвольным анабазісе, але, не жадаючы дапускаць іншаземцаў да славы і сваіх рэсурсаў, наш Прэзыдэнт ляканічна адпрэчыў іх славутай фразай «астаўце этат спор славян паміж сабою».

Непрыяцель даў лататы за Волгу. Наш урад папярэдзіў расейцаў, што гэтым разам «Ніякіх Мініных з Пажарскім мы не пацерпім». Пуцін, аточаны касмапалітамі і масонамі з ФСБ, быў з ганьбаю выгнаны гараджанамі зь Ніжняга Ноўгараду і мусіў уцякаць ці то да хазараў, ці то ў Нагайскую арду.

Па ўсёй імпэрыі ўзьняўся нацыянальна-вызвольны рух. Татары і якуты абвясьцілі Панцюрскі Сібірскі Каганат і ўзялі пад пратэкцыю малалікія народы Поўначы і Сібіру. Каганат быў прызнаны менскім урадам, адразу ж узяў пад свой кантроль свае прыродныя багацьці, даў нашаму ўраду ў аддзяку за помач у вызваленьні газавыя і нафтавыя канцэсіі на тэрмін прэзыдэнцтва нашага Прэзыдэнта пад гарантыі ягоных сыноў. Аказалася, што ў самой Расеі няма аніякіх газаў і нафты і тое, чым яна пагражала нам і Эўропе, насамрэч належыць народам паняволеных Расеяй калёній, то бок крадзеным дабром, па-народнаму — «кішкамі».

Клятву замацавалі ўрачыстым цалаваньнем копіі крыжа Сьв.Пр.Эўфрасіньні Полацкай і вялікай колькасьцю кумысу.

Камандуючыя франтамі паслалі Галоўнакамандуючаму е-мэйл з пытаньнем, што рабіць з палоннымі. «Выбіраць толькі ліц са славянскім тварам», — такі быў ці ня быў адказ з «Жытла Чарадзея» — афіцыйнай Стаўкі, што месьцілася недзе ў глыбі пушчаў Полаччыны. Было незразумела, што рабіць са шматлікімі расейскімі славянамі неіндаэўрапейскага паходжаньня. Іх пакуль што ня бралі.

Палону было столькі, што яго хапіла на ўсе малочна-таварныя фэрмы, сьвінакомплексы і непэрспэктыўныя вёскі. Праўда, зважаючы на спэцыфіку расейцаў, іх ужывалі толькі на спэцыфічных працах, дзе яны ад свайго нацыянальнага напою спруцянелі і знайшлі сабе апошні прытулак на нашых Пантэонах камунізму, так афіцыйна было прадпісана называць скотамагільнікі.

...Мы акурат сядзелі ля манаполькі і цундзілі таннае беспароднае пойла — на чарніла грошай у нас ужо не было — як да нас зь піпіканьнем пад’ехаў фургончык, у якім да Анабазісу гандляры развозілі муку ды высеўкі для сьвіней. Знаёмы шофэр Грыша падміргнуў нам з кабіны і спытаў: «Дзеўкі трэба?» «У нас віно, — адказаў яму Сашка Аўдульчык, — едзь сабе далей. Муку ня п’ем». «Я сур’ёзна пытаю, — пакрыўдзіўся шофэр. — Цяперака от змушаюць дзевак з Расеі развозіць па гаспадарках». «Ой, хлопчыкі, вазьміце нас. Ужо абрыдла сядзець у гэтым вагоне», — пачуліся жаласныя дзявоцкія галасы, і па залезьзю фургона заляпалі кулакамі. «Ну, пакажы, што ў цябе за тавар?» — спытаў Толя Муха. Шофэр вылез з кабіны і адчыніў заднія дзьверы. У фургоне са змардаваным выглядам сядзелі мо зь дзясятак дзевак рознага веку рознай пекнаты. Убачыўшы пляшкі з пойлам, яны ажывіліся і пачалі падлабуньвацца, каб мы ім налілі. «Паміласердуйце, паміласердуйце», — увесь час паўтарала адна, падаючы плястыкавы кубачак. «Паміласердуем», — сказаў Муха, выняў грошы — ён акурат за паўгадзіны да гэтага атрымаў пэнсію — і, зьлёгку хістаючыся, пашыбаваў у манапольку. Назад ён вынес тры вялікія пляшкі пойла і пакет з закусьсю. «От вам», — прамовіў ён, падаючы пачастунак у фургон. «Едзь далей, — загадаў ён шофэру. — У нас прыстойная кампанія». «Куды ж мне ехаць? — узмаліўся шофэр. — Ужо з тыдзень як не магу нікуды прыладзіць гэты груз. Нідзе не бяруць. Бочку саляркі спаліў». «Ты за салярку не перажывай, — супакоіў яго Міша Гурок. — Цяперака ў нас ізноў будуць саляркавыя лужыны. А да нас дзевак не вазі. Вёска наша беспэрспэктыўная, народ састарыўся, мужыкоў спраўных німа, акрамя мо’ прадсядацеля ды замаў. Вязі адкуль узяў». І з гэтымі словамі ён падаў шофэру поўную малянкоўскую шклянку пойла. Шофэр з адчаю выпіў, кінуў у рот скрылік сэндвічу з каўбасою і палез у кабіну. Дзеўкі, якія ўжо былі наважыліся расьсесьціся на нашых лонах, неахвотна павярталіся ў фургон. Муха зачыніў дзьверы.

Фургончык нехаця пацягнуўся ў няпэўным кірунку, а я, Толя Муха ды Міша Гурок вярнуліся да дубовага кульбяша, на якім стаялі дзьве ладныя пляшкі марачнага пойла, і дзе нас нецярпліва чакаў Сашка Аўдульчык, а на шматку газэты «Во славу чаркі і скваркі» ляжала груда нарэзанага хлеба, гуркоў, цыбулі і сала.

«Хлеб усяму галава», — па-філязофску наліваючы пойла па пасудах, прамовіў Міша Гурок.

Пуцін, аточаны касмапалітамі і масонамі з ФСБ, мусіў уцякаць ці то да хазараў ці то ў Нагайскую арду.

Грыша да нас болей не прыяжджаў. Казалі прыежджыя гандляры, што груз свой ён так нідзе і не прыладзіў. Казалі, што з адчаю ён кінуўся з машынаю і дзеўкамі з мосту ў Пціч. Іншыя ж баілі, што бачылі, як на Рабкоры ён браў дзеўкам білеты да Варшавы. Яшчэ была чутка, што, урэшце, у Бабруйску месца дзеўкам знайшлі ў лупанары пры БРСМ, на вушаках якога красаваліся два аўтэнтычныя надпісы шчэ мо’ з рымска-жыдоўскіх часоў. Адзін надпіс вяшчаў: «Hic habitat felicitas». Другі ж заклікаў «Lente impelle». Зрэшты, слоганы мала каго цікавілі, бо па-старарымска-жыдоўскаму ніхто ў Бабруйску чытаць ужо ня ўмеў: рымляне даўно імпэрыю развалілі ў Герцынскай Пушчы, а жыды пазьляталі ў вырай. Казалі таксама, што дзевак не хацелі браць у гэны лупанар, бо яны не з БРСМ, і быццам Грышу давялося даваць хабар іхняму верхаводу, каб дзевак прынялі, а дзеўкі баяліся ўступаць у гэны бэрэсэмэ, бо думалі, што гэта беларускі рэспубліканскі саюз манашак, але як дазналіся, пра што ідзе гамонка, то ахвотна пагадзіліся, палічыўшы лепшым жахлівы канец за жах без канца.

Так гэта ці не, мы ніколі не дазналіся, бо ў Бабруйск ня езьдзілі, а хто мо’ і езьдзіў, дык толькі на базар. Ці бачыў хто з нас Грышу? Не, болей Грышы мы ня бачылі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?