На мінулым тыдні адзін з арганізатараў грамадзкай ініцыятывы жыхар Слоніму Віктар Марчык прынёс у рэдакцыю «Газеты Слонімскай» ксэракопію «Звароту жыхароў г.Слоніма і сумежнай вёскі Петралевічы да Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнка А.Р.». Вось тэкст гэтага незвычайнага звароту.

«Паважаны Аляксандар Рыгоравіч!!! Мы, жыхары г.Слоніма і в.Петралевічы, настойліва просім не адмовіць у просьбе даць сваю згоду і неабходныя, на Вашу думку, распараджэньні для таго, каб перайменаваць вул. Петралевіцкую ў вул. Лукашэнка А.Р. Так як яна зьяўляецца мастом паміж горадам і вёскай і будзе ўвасабляць сабою сымбаль связуючага зьвяна. І вельмі Вас просім пры наведваньні г.Слоніма заехаць і да нас. З вялізарнай павагай да Вас, Вашыя выбарцы і грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Подпісы далучаюцца».

Паводле Віктара Марчыка, пад зваротам да прэзыдэнта падпісаліся больш за дзьвесьце сяльчанаў і гарадзкіх жыхароў. Перадгісторыю ліста да прэзыдэнта тлумачыць іншы тэкст — зварот грамадзянскай ініцыятывы Петралевічаў да жыхароў вёскі.

«Пасьля Вялікай Айчынай вайны прайшло ўжо больш за 60 гадоў. Пераможаная Германія квітнее. Эўрапэйцы жывуць і радуюцца жыцьцю, а мы як сядзелі ў брудзе па вушы, так і працягваем сядзець, прывыкнуўшы да сьвінячых умоваў жыцьця. Паглядзіце на нашыя вуліцы. Іх у сваіх творах апісвалі расейскія клясыкі 19 ст. Паглядзіце на вашае жытло. Так у 21‑м стагодзьдзі людзі не павінныя жыць: няма цэнтральнага водазабесьпячэньня, адсутнічае каналізацыя, не падведзены газ. Кожны дзень па тэлевізары мы чуем і бачым, як квітнее наша краіна. То можа мы самыя вінаватыя, што гэты росквіт не закрануў нас? Сядзім і маўчым, вось улады і думаюць, што нас усё задавальняе.

Толькі ад нас самых залежыць тое, як мы жывём і як будзем жыць. Давайце разам будзем патрабаваць ва уладаў заняцца тым, чым яны і павінныя займацца. Давайце арганізуем збор подпісаў, будзем зьвяртацца ў розныя ўладныя структуры, каб яны зразумелі, што мы настроеныя сур’ёзна і гатовыя дабівацца вырашэньня пытаньняў уладкаваньня нашых Петралевічаў», — гаворыцца ў звароце.

Свой зварот грамадзкія актывісты не забыліся адрасаваць у кожы дом у вёсцы.

Тым часам група дэпутатаў мясцовых Саветаў рыхтуе дэпутацкі запыт на імя старшыні Слонімскага райвыканкаму Мечыслава Касьцюка. У ім усё тыя ж просьбы і пажаданьні жыхароў Петралевічаў і слонімцаў, што пражываюць на вул. Петралевіцкай, заасфальтаваць гэтую вуліцу і правесьці ў Петралевічы ваду і газ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?