Фота «Виртуальный Брест».
Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Машноў, 9 студзеня ў 7.45 у службу па надзвычайных сітуацыях па тэлефоне 101 паступіў званок ад дзяжурнага па станцыі. Ён паведаміў аб тым, што на дваццатым пуці інжынернага парка станцыі Брэст-Паўночны знаходзіцца грузавы састаў, у якім з аднаго з вагонаў адбываецца выпарэнне. Састаў накіроўваецца з Германіі ў Расію (горад Салікамск).
Да месца выкліку былі накіраваныя шэсць адзінак тэхнікі МНС: аўтацыстэрны і аўтамабілі хімічнай і радыяцыйнай абароны. Пасля прыбыцця ўстаноўлена, што ў гэтым вагоне разгерметызаваліся 5 металічных ёмістасцяў з дытыянітам натрыю. У 11.00 работы па ліквідацыі аварыі былі завершаныя.
Падраздзяленнямі МНС было арганізавана ахаладжэнне ёмістасцяў унутры вагона. Аддзяленнем хімічнай і радыяцыйнай абароны пажарнага аварыйна-ратавальнага атрада праведзены замеры ўтрымання ў паветры небяспечных газаў. Іх не выяўлена.
Усяго ў вагоне знаходзілася 280 ёмістасцяў аб'ёмам 200 літраў кожная. Работнікамі чыгункі з дапамогай кара праведзена разгрузка вагона. Прычына разгерметызацыі ўдакладняецца. Пацярпелых няма.
Натрыю гідрасульфіт тэхнічны (дытыяніт натрыю) — малатаксічнае рэчыва, пыл якога выклікае раздражненне слізістых вачэй і скураных покрываў. Дытыяніт натрыю прымяняюць у лёгкай, хімічнай і іншых галінах прамысловасці.