«Газпрам» мае права патрабаваць ад улад Беларусі выкупіць за 5 млрд. долараў раней перададзеныя расійскай кампаніі акцыі ААТ «Белтрансгаз» у выпадку невыканання шэрагу палажэнняў пагаднення паміж урадамі дзвюх краін аб умовах куплі-продажу акцый і далейшай дзейнасці «Белтрансгаза».

Вытрымкі з пагаднення, якое ААТ «Газпрам» і Дзяржкамітэт па маёмасці Беларусі падпісалі 25 лістапада мінулага года ў Маскве, публікуе РІА Новости. Раней змест гэтага дакумента не выдаваўся.

«Беларускі бок абавязваецца па патрабаванні ААТ «Газпром» выкупіць усе раней перададзеныя ААТ «Газпрам» акцыі ААТ «Белтрансгаз» за 5 мільярдаў даляраў, а таксама кампенсаваць ААТ «Газпрам» усе страты, якія могуць у яго ўзнікнуць у сувязі з гэтым «у выпадку невыканання любых са згаданых у дакуменце ўмоў», — паведамляе РІА Новости.

Да такіх умоў, у прыватнасці, адносяцца:

— спажыванне закупляемага ў ААТ «Газпрам» газу выключна на тэрыторыі Беларусі;

— бесперашкодная і бесперабойная транспарціроўка па тэрыторыі Беларусі прыроднага газу, які падаецца з тэрыторыі Расіі;

— выключнае права «Белтрансгаза» на закупку прыроднага газу, што вывозіцца з тэрыторыі Расіі і прызначаецца для спажыўцоў Беларусі;

— невыкарыстанне спецыяльных правоў па кіраванні ААТ «Белтрансгаз», якія парушалі б або ўшчамлялі аб’ём правоў, дадзеных акцыянерам «Белтрансгаза» ў адпаведнасці з заканадаўствам аб гаспадарчых таварыствах, уключаючы ўвядзенне асаблівага права («залатой акцыі»)
на ўдзел у кіраванні беларускім газатранспартным прадпрыемствам;

— адсутнасць не санкцыянаванага ўласнікам прыроднага газу адбору з патокаў газу, што транспартуюцца цераз тэрыторыю Беларусі;

— нязменнасць умоў карыстання зямельнымі ўчасткамі пад аб’ектамі нерухомай маёмасці беларускага ўчастка газаправода Ямал — Еўропа ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі, якое дзейнічае на дату падпісання пагаднення.

Нагадаем, пасля падпісання гэтага пагаднення, якое прадугледжвала куплю «Газпрамам» астатніх 50% акцый ААТ «Белтрансгаз», расійскі манапаліст стаў уладальнікам 100% акцый беларускай кампаніі. Першыя 50% акцый «Белтрансгаза» «Газпрам» выкупіў долямі на працягу 2007–2010 гадоў.

«Газпрам» ужо абнародаваў рашэнне перайменаваць «Белтрансгаз» у «Газпрам трансгаз Беларусь».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?