Адміністрацыя калёніі «Віцьба‑3» працягнула адмысловы рэжым для Аляксандра Казуліна, у якога пасьля спыненьня 53‑трохдзённай галадоўкі рэзка пагоршылася здароўе.

«Адмысловы рэжым для Аляксандра Казуліна не закончыўся. Пакуль усё працягваецца», — паведаміў «Свабодзе» Руслан Прымак, намесьнік начальніка віцебскай калёніі «Віцьба‑3», дзе ўтрымліваюць Аляксандра Казуліна.

Раней адвакатам і сваякам асуджанага ў калёніі казалі, што 15 лютага Аляксандра Казуліна перавядуць на звычайны рэжым утрыманьня і прымусяць зноў працаваць. Цяпер Аляксандар Казулін па‑ранейшаму мае права не выходзіць на працу — яго глядзяць лекары, ён атрымоўвае адмысловае харчаваньне, з улікам былой галадоўкі.

Праўда, пра цяперашні стан здароўя Казуліна міліцыянт гаварыць адмовіўся.

Летась у сьнежні, пасьля заканчэньня галадоўкі, якая працягвалася 53 дні, Аляксандар Казулін адчуў сябе вельмі дрэнна. На спатканьні са сваякамі ён казаў: «Было адчуваньне, што цела зараз разарвецца». У палітыка апухлі ногі й рукі, рэзка ўпаў ціск. Турэмныя мэдыкі рэкамэндавалі Аляксандру Казуліну ляжаць і адмыслова харчавацца. Што гэта азначае, патлумачыла жонка палітыка Ірына Казуліна:

Казуліна: «Гэта калі ён можа атрымліваць малочныя харчы, нешта адмысловае набываць у харчовым кіёску і мае права гатаваць сабе адмысловыя стравы».

Апошні раз Ірына Казуліна бачылася з мужам пры канцы студзеня. Жанчына згадвае, што Аляксандар Казулін трымаўся бадзёра, але адзначала, што «ад ранейшай постаці нічога не засталося, былая вага да яго гэтак і не вярнулася, ногі й рукі па‑ранейшаму апухлыя».

Ірына Казуліна выказваецца за працяг адмысловага рэжыму для яе мужа, пакуль ён не ачуняе.

Казуліна: «Калі толькі спыняць гэты рэжым, то гэта будзе вельмі моцны ўдар па ягоным здароўі. Ня ведаю, як далей ён будзе існаваць, бо ежу, якую даюць у калёніі, ягоны арганізм не прымае»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?