На 2012 год для ўдзелу ў паседжаннях Баранавіцкага гарвыканкама акрэдытаваны толькі адзін чалавек — галоўны рэдактар выдання Уладзімір Янукевіч. У мінулыя гады такога абмежавання не існавала.
Пра новаўвядзенне рэдакцыю праінфармавалі лістом ад 4 студзеня, падпісаным начальніцай аддзелу ідэалагічнай працы Таццянай Жытко.

Таксама ў выдання нечакана ўзніклі складанасці ў супрацы з Баранавіцкім Гарадскім аддзелам унутраных спраў. Карэспандэнтку выдання Наталлю Семяновіч, якая асвятляе крымінальную тэматыку, 6 студзеня паінфармавалі, што міліцыя больш не будзе даваць інфармацыі незалежнаму выданню.

Неафіцыйна журналістцы сказалі, што на спыненні супрацоўніцтва ГАУС з газетай настойваў Баранавіцкі гарвыканкам.

Гэтае рашэнне для рэдакцыі стала абсалюна нечаканым. У выдання было наладжана плённае супрацоўніцтва з ГАУС. Наталля Семяновіч за свае публікацыі па прафілактыцы правапарушэнняў неаднаразова атрымлівала ўзнагароды Міністэрства ўнутраных спраў, УУС Брэсцкага аблвыканкама. «Не ведаем, хто выйграе ад спынення супрацоўніцтва, але дакладна не міліцыя і не гараджане», — сказалі службе маніторынгу БАЖ у рэдакцыі.

Цікава, што такое рэзкае пагаршэнне сітуацыі з доступам да інфармацыі адбылося пасля з’яўлення рэзананснага сюжэту Intex-press аб адкрыцці «Еўраопту» ў Баранавічах.

Па звестках выдання, старшыня гарвыканкама на сустрэчах з кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый горада неаднаразова выказваў незадаволенасць гэтым нібыта «ганебным для горада» сюжэтам і адкрыта заклікаў быць асцярожней у дачыненнях з незалежным выданнем.

«На прэс-канферэнцыі 23 снежня прэзідэнт наўпрост заявіў, што рэгіянальныя СМІ павінныя займаць прынцыповую пазіцыю ў асвятленні праблем. Нават кіраўнік дзяржавы, якога наўрад ці можна падазраваць у любові да незалежнай прэсы, запрашае незалежных журналістаў на прэс-канферэнцыі, слухае вострыя пытанні, чытае вострыя публікацыі на свой адрас. А кіраўніцтва Баранавічаў, відаць, лічыць, што пра іх можна пісаць як пра нябожчыкаў — альбо добра, альбо ніяк. Ніякага паклёпу альбо знявагаў у нашых публікацыях няма. Як кажуць, няма чаго на люстэрка наракаць. Мы выконваем сваю працу прафесійна і ў межах дзейнага заканадаўства. І працягнем гэта рабіць», — паведамілі службе маніторынгу БАЖ у рэдакцыі Intex-press.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?