Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі лічыць неабходным максімальна захаваць тэрыторыю мінскага парку імя 40-годдзя Кастрычніка пры будаўніцтве гатэля «Пекін».
Адпаведны ліст за подпісам кіраўніка Мінпрыроды Уладзіміра Цалко адпраўлены 10 студзеня на імя старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцькі.

Як паведаміла прэс-сакратар Мінпрыроды Алена Пенязь, у лісце зазначаецца, што распрацаваны праект дэталёвага планавання тэрыторыі ў межах вуліц Ульянаўская, Першамайская, Пуліхава, Смаленская і Леніна прадугледжваў стварэнне парку імя 40-годдзя Кастрычніка агульнай плошчай 7,6 га з дапушчальнай забудаванасцю да 40%.

У складзе гэтага плана схема забудовы не распрацоўвалася, не былі вызначаны аб’екты, плануемыя да размяшчэння ў праектаваных межах.
Архітэктурны праект забудовы згаданай тэрыторыі на дзяржаўную экалагічную экспертызу не паступаў. Участак пад будаўніцтва новага гатэля выдзелены ўнутры парку, што не дазваляе захаваць яго нават часткова.

Пенязь паведаміла, што раней па прапанове Мінпрыроды гарадскімі ўладамі былі прынятыя рашэнні аб адмене будаўніцтва рэстарана на тэрыторыі гэтага парку, а таксама аб недапушчэнні руху ў ім аўтатранспарту.

Для вырашэння гэтай і некаторых іншых праблем Мінпрыроды прапаноўвае Мінгарвыканкаму правесці нараду з удзелам зацікаўленых дзяржорганаў і арганізацый.

Як раней паведамляў БелаПАН, праект будаўніцтва гатэльнага комплексу «Пекін» прадугледжвае знішчэнне больш як 300 дрэў і забудову каля 70% тэрыторыі парку імя 40-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Каля двух дзясяткаў дрэў ужо знішчаны.

Супраць знішчэння парку выступілі мясцовыя жыхары і эколагі. Яны прапаноўваюць уладам і інвестарам перанесці «Пекін» на тэрыторыю размешчанага побач недабудаванага завода імя Кірава, а парк — захаваць. Абаронцы парку ўжо звярталіся ў Адміністрацыю прэзідэнта, асабіста да старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцькі, у Камітэт дзяржкантролю, адміністрацыю Ленінскага раёна Мінска, Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, у Палату прадстаўнікоў. Больш як 400 чалавек падпісаліся пад адпаведным зваротам на імя Аляксандра Лукашэнкі.

5 студзеня прадстаўнікам грамадскасці ўдалося прыпыніць высечку дрэў у парку, але актывісты апасаюцца, што работы могуць аднавіцца ў любы час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?