«Ёсьць прапанова замяніць падземны трамвай, пра які так даўна гаварылі, на малы мэтрапалітэн на магнітнай падушцы. Малое мэтро азначае, што будзе значна меншы дыямэтар самога тунэлю, чымсьці ў звычайным мэтро. Для нас цяпер гэта фантастычная рэч. Магчыма, пра мэтро ў наступныя 5 гадоў гаварыць складана, але вось за наступныя 10 гадоў — гэта рэальнасьць. Пра гэта сьведчыць вывучэньне дынамікі горадаўтварэньня», — расказаў «Львоўскаму парталу» начальнік аддзелу генэральнага пляну ўпраўленьня архітэктуры і горадабудаўніцтва Львова Раман Андрусішын.

Галоўны архітэктар Львову Юры Крываручка ўдакладняе: Гэта мае быць мэтрапалітэн палегчанага ўзору, які не стварае такой вібрацыі, як звычайнае мэтро. Адна лінія мэтро пройдзе ад Паўднёвага рынку паўз Прывакзальную, пачатак Гарадоцкай, Гайдамацкай да Замарстыніўскай, а другая будзе злучаць Раснэ зь Сівохам церазь Зялёную і Віньнічэнкі. Аднак для будаўніцтва, вядома, патрэбна болей часу, а яшчэ болей выдаткаў, так што наўрад ці львявяне змогуць падарожнічаць пад зямлёй раней за 2020 год.

***

Мэтро для гораду — болей як сродак грамадзкага транспарту. Пра гэта сьведчыць і гісторыя з пачаткам пабудовы менскага мэтро, калі сталіцу «дацягвалі» да парамэтраў гораду-мільянэра, а толькі такім у Саюзе можна было атрымаць дазвол на «падземку». Сьведчаньне гэтаму і віртуальныя мэтрапалітэны, якія існуюць толькі ў сеціве ды марах месьцічаў-энтузіястаў.

І ў гэтым сэнсе наш Шчучын дасьць фору Львову. У шчучынскага мэтро, у адрозьненьне ад львоўскага, свой сайт ужо ёсьць. Яно складаецца з трох ліній: Гарадзенскай, Піярскай і Беларуска-Купалаўскай, было пабудаванае ажно ў 60-я гады, але «выяўленае» толькі ў 1998-м.

Нягледзячы на тое, што сайт шчучынскага мэтрапалітэну разьмешчаны ў рубрыцы «гумар», Шчучыну ад такой містыфікацыі адныя плюсы. Беларускае мястэчка трапляе ў даволі кароткі сьпіс гарадоў зь віртуальным мэтрапалітэнам побач з Караляўцом, Бранскам, Улан-Батарам, Набярэжнымі Чалнамі. Дый сам факт такога праекту ёсьць найлепшай характарыстыкай гораду і месьцічаў: значыць, горад любяць, і значыць, горад ёсьць за што любіць.

Глядзі яшчэ:
Абмеркаваньне шчучынскага мэтрапалітэну, а таксама сьпіс мэтрапалітэнаў-містыфікацый на форуме «Беларускі транспарт»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?