«Наша Ніва» папрасіла Уладзіміра Някляева пракаментаваць заяву Мікалая Чаргінца, які звінаваціў паэта ў тым, што ў Мінску няма вуліцы Быкава.
«Хай Мікалай Чаргінец назаве хоць адзін гурток беларускай мовы, які ён арганізаваў, —сказаў Уладзімір Някляеў. — Моўная сітуацыя не можа палепшыцца без вырашэння палітычнага пытання, і Чаргінец гэта разумее, бо з таго палітычнага пытання ён корміцца.
Гэта ён займаецца палітыкай у першую чаргу.
Вуліцы Быкава ў Гродне і Мінску мусілі з’явіцца калі не пры жыцці, дык прынамсі адразу пасля смерці Васіля Уладзіміравіча, — працягнуў паэт. — Значна раней, чым Уладзімір Някляеў з кампаніяй «Гавары праўду» пачаў збор подпісаў за гэта. Дык
што ўсе гэтыя гады рабіў Чаргінец — чаму не назваў вуліцу, калі Някляеў яму не перашкаджаў?
Сёлета на з’ездзе Саюза беларускіх пісьменнікаў быў прыняты зварот да Савета Міністраў і асобна міністра культуры. Пісьменнікі прапанавалі надаць імя Быкава Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, калі нельга пакуль назваць яго імем вуліцу, Чаму Чаргінец да гэтай ініцыятывы не далучыўся?» — запытваецца Някляеў.
Пісьменнік называе заявы генерала «падменай паняццяў» і адзначае, што «якраз гэта і родніць Чаргінца з Лукашэнкам — схільнасць да падмены паняццяў».