Анархісты ўбілі ў 10 дрэваў пад рознымі вугламі доўгія цвікі, аб чым папярэдзілі цыдулкамі, навешанымі на гэтыя дрэвы. Так званае «шыпаванне» — адзін з радыкальных спосабаў процідзеяння высечцы дрэваў.
Дарагія аўтаматычныя пілы або бензапілы, а ў некаторых выпадках нават лесапільні, пры сутыкненні з цвікамі ламаюцца, з-за чаго высечка такіх дрэваў перастае быць эканамічна апраўданай.

«Гэтай акцыяй мы хацелі паказаць, што ёсць больш эфектыўныя і дзейсныя спосабы абароны нашых паркаў і сквераў, чым пісанне лістоў у розныя інстанцыі», — гаворыцца ў паведамленні на сайце анархістаў.

Участак пад будаўніцтва новага гатэля «Пекін» выдзелены ўнутры парку імя 40-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі, што не дазваляе захаваць яго нават часткова. Праект будаўніцтва гатэльнага комплекса прадугледжвае знішчэнне больш як 300 дрэў і забудову каля 70% тэрыторыі парку. Каля двух дзясяткаў дрэваў ужо знішчаныя.

Супраць знішчэння парку выступілі мясцовыя жыхары і эколагі. Яны прапаноўваюць уладам і інвестарам перанесці «Пекін» на тэрыторыю размешчанага побач недабудаванага завода імя Кірава, а парк — захаваць. Абаронцы парку ўжо звярталіся ў прэзідэнцкую Адміністрацыю, да старшыні Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцькі, у Камітэт дзяржкантролю, адміністрацыю Ленінскага раёна Мінска, Дзяржаўную інспекцыю аховы прыроды, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, у палату прадстаўнікоў. Больш як 400 чалавек падпісаліся пад зваротам на імя Аляксандра Лукашэнкі.

Міністэрства прыродных рэсурсаў таксама накіравала на імя Мікалая Ладуцькі ліст, дзе выказвае меркаванне, што неабходна максімальна захаваць тэрыторыю мінскага парка імя 40-годдзя Кастрычніка пры будаўніцтве гатэля «Пекін».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?