Была вялікая спакуса прамаўчаць. Але калядна-навагодні час, багацейшы на вольныя хвіліны, падштурхоўвае да ўважлівага чытання. Зазірнуўшы ў сеціва, пагартаўшы тоўстыя часопісы, востра пэўны неспакой. Уражанне крышталізавалася пад уплывам разрэкламаванай ўсімі магчымымі спосабамі «літаратурнай дыскусіі» на сайце радыё «Свабода» з удзелам вядомых у літарацкім асяроддзі імёнаў.

Не хачу паглыбляцца ў тэму (дэсакралізацыя Янкі Купалы за ягоную капітуляцыю перад сталінскім рэжымам)
і не згадваю імёны ўдзельнікаў, каб мой допіс не стаў тэхнічнай рэплікай на шляху да загадзя вызначанага, як выглядае, фіналу. Не бачу ў сённяшняй сітуацыі фундаментальных падставаў звяртацца да тэмы пераасэнсавання савецкай спадчыны, няблага распрацаванай пасля колішняга артыкула сп. Дубаўца «Чырвоны туман». Не пачуваюся гатовым да асуджэння ці апраўдання класіка, а калі хто наважыцца, раю, каб не вынаходзіць чарговы ровар, перш перачытаць сякія-такія паэмы і вершы ды (для кантэксту) «У капцюрох ГПУ» сп. Аляхновіча ці п’есу сп. Петрашкевіча «Воля на крыжы», і толькі потым чапаць клавіятуру.

Няма навізны ў змесце, відавочна новае ў форме. Перайначваецца псеўданім,

асоба пачынальніка нашай літаратуры выстаўляецца ў як мага непрывабным святле, а тыя, хто спрычыніўся да ягонай трагедыі… нават і не згадваюцца. Нібыта сам ён сябе зламаў, каб пазбавіцца права на павагу нашчадкаў (у гэтым і адрозненне сітуацыі Купалы з Гамсунам).

Але

гэты аднавокі аб’ектывізм — голас аднаго надзвычай амбітнага чалавека,
таксама як эмацыйнае пярэчанне яму — пазіцыя тэхнічнага апанента, дапушчанага ў дыскусію дзеля фармальнай наяўнасці двух бакоў. Сапраўдную дрыготку выклікаюць пісанні шараговых дыскутантаў — апалагетаў бязлітаснага стаўлення да песняра, які меў няшчасце трапіць пад каток рэпрэсіўнай машыны сталінізму.

Уладальнікі вядомых імёнаў усяляк апелююць да карыснасці актуалізацыі памяці аўтара «Кургана» і «Спадчыны»! Інтэлект працуе напоўніцу. Сыплюцца трапныя метафары і адметныя слоўныя канструкцыі — чаго вартая хаця б «крэатыўная інтэрпрэтацыя» або «цёмная камора белліту»! Ідуць спасылкі на слынных філосафаў…

Арганізатары дыскусіі назвалі яе «літаратурнай» без надзейных падставаў.
Гаворка ж ідзе не пра літаратуру (хіба што хтосьці лічыць літаратурай тое, што самі класікі назвалі былі «дрындушкамі»), а пра лёс і гонар пэўнай асобы, якая, так ужо выйшла, гэтай літаратурай займалася — у малапрыдатным месцы і ў неспрыяльны час. А калі б займалася жывапісам ці гісторыяй? Нічога б не змянілася. Літаратура тут — выпадковая акалічнасць, чаго ніхто з удзельнікаў, здаецца, не заўважыў.

Гэта сімптаматычна, але блякне перад разважаннямі пра «крэатыўную інтэрпрэтацыю» і «месцы памяці». У вытанчана інтэлектуальных закліках да актуалізацыі і свабоды творчасці нядбальства пужае па-сапраўднаму. Услаўляючы права кожнага сказаць «новае і па-свойму», заклікаючы разбурыць табу на будзь-якія тэмы, удзельнікі «літаратурнай» дыскусіі зусім не звяртаюць увагі, што вымаўляць новае можна па-рознаму і што выбар тону мае неапошняе значэнне. Тонкія стылісты адмаўляюцца разумець, што неабходна абіраць адпаведныя прадмету размовы стыль, выразы, словы. Тое, што

не столькі змест закідаў Народнаму паэту і пачынальніку літаратуры абурыў іншых удзельнікаў, а менавіта пыхліва-раскаваная форма,
мімаходзь адсоўваецца ўбок. Дзіўная нячуласць для людзей, якія са словам працуюць прафесійна.
Дзіўна гэта, але й страшна, бо выпадак не ўнікальны.
Вось у часопісе «Верасень» № 4 Э. Акулін (які наўрад ці апынуўся б сярод вышэйзгаданых строгіх суддзяў), пытаецца ў вядомага літаратара і, між іншым, супрацоўніка «Свабоды» М. Скоблы:

«Ты аўтар-укладальнік дзвюх фундаментальных паэтычных анталогій: «Краса і сіла» (2003) і «Галасы з-за небакраю» (2007). Звычайна, з’яўленне такіх выданняў — гэта плён працы навуковага калектыву цэлага Інстытута літаратуры… Ты адзін здалеў узняць ношку айчыннай паэзіі за ўсё ХХ стагоддзе… Пасля шматгадовай тытанічнай [падкрэслена мною — ДЖ] працы чаго ўсё-ткі ты больш пачуў у свой адрас — падзякаў ці папрокаў?

Паказальна, што на гэткі прыхаваны заклік да сціпласці паважаны сп. Скобла не адрэагаваў, а ў мяне паўстала сваё пытанне: як будзем звяртацца да гэтага сапраўды актыўнага літаратара год праз дваццаць, калі ўжо цяпер ягоная праца (ў тым ліку ім самім?) ацэньваецца менавіта як «тытанічная»?

Час тэрмінова перакладаць панегірычную паэзію Ўсходу, перад хваласпеўнасцю якой усе савецкія вершы мала важаць? Або лепш пагартаць слоўнікі ў пошуках словаў, адэкватных здабыткам нацыянальнага анталогіескладання? Такіх, напрыклад, як «плённы», «вялікі», «няпросты», «важкі», «значны», «нешараговы», «напружаны», «адданы». Каб не спакушаць рэдактара і паэта ў самай сіле веку і творчых сіл параўнаннем яго з паўбагамі.

Стан беларускай літаратуры, калі паглядзець на яго цвяроза, патрабуе абыходзіцца са словамі, асабліва з высокімі і крыўднымі, з вялікай асцярожнасцю.
Ідучы далей слізкім і прамым шляхам вышэйзгаданых прыкладаў ў хуткім часе давядзецца прызнаць выказванне пра дыдактычны патэнцыял вершаў Васіля Быкава спробай актуалізацыі ягонай творчасці, а творы Леа Таксіля ўводзіць у праграмы нядзельных школак, бо колькі чалавек сказаў новага і па-свойму пра Святое Пісанне.

Таксіль, нястомны змагар з «опіюмам народу» у свой час не актуалізаваў, а спрафанаваў Біблію, пазбавіў яе сакральнасці. У гэтым была мэта ягоных твораў. Нячуласць і няўважліваць да словаў, якую дэманструюць беларускія літаратары (перш за ўсё ў гаворках пра іншых літаратараў) няўмольна вядзе да таго ж выніку ў адносінах што да іх самых, што да вынікаў іхняе працы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?