Інтэрнэтаўская статыстыка засьведчыла: наведнікі блогу дружна прачыталі вось гэты і вось гэты фрагмэнты з успамінаў славутай дыктаркі Зінаіды Бандарэнкі. Таму бязь лішніх прадмоў прапаную яшчэ адзін яе расповед, запісаны мною пару гадоў таму для этэру "Свабоды".

Усё актуальна, бы сказана сёньня.

"Я казала ўжо, што за савецкім часам шмат разоў вяла перадачы ды канцэртныя праграмы і ў Маскве, і ў сталіцах рэспублік.

Паступова выпрацавалася крэда: пры любой магчымасьці за межамі сваёй рэспублікі выступаць па-беларуску. Тым болей што пераканалася: нашу мову цудоўна разумеюць, дзе б я ні была: і на Каўказе, і ў Сібіры, і ў Сярэдняй Азіі, і ў Петрапаўлаўску-Камчацкім.

А яшчэ я імкнулася выходзіць на сцэну ў стылізаваным беларускім строі.

Запаў у памяць выступ у Кіеве на Першым усесаюзным фестывалі тэлевізійных фільмаў. Там вядоўцам з саюзных рэспублік напачатку належала па чарзе сказаць літаральна некалькі фразаў.

Першая — Валянціна Лявонцева з Масквы. Знакамітую артыстку сустрэлі цёплымі воплескамі.

Другую, сваю ж украінку, прынялі даволі стрымана.

І вось — мая чарга.

— Добры вам вечар! Добрага вам здароўечка! Шчырае прывітаньне ад нашай блізкароднай для вас Беларусі!

І тут людзі пачалі ўставаць. Авацыя! Я стаяла, і проста ліліся слёзы.

Потым падобны посьпех быў неаднойчы. У самых розных кропках Саюзу. Думаю, на такі эфэкт працавалі два чыньнікі — родная мова і асабліва цёплае стаўленьне да беларусаў. Людзі старэйшага веку, якім давялося павандраваць па СССР, добра памятаюць гэту асаблівую цеплыню, дзе б ты ні сказаў, што зь Беларусі.

Выступ у Кіеве я прыгадала не выпадкова. Быў працяг.

Неяк зноў жа ў Кіеве праводзіліся Дні беларускай культуры. Я, натуральна, стала весьці канцэртную праграму па-беларуску.

Раптам прылятае за кулісы чыноўнік зь Міністэрства культуры, што быў у нашай дэлегацыі. І — нібы той певень накінуўся. Што вы сабе дазваляеце, маўляў! Там жа палова залы — расейскамоўныя людзі! Яны нічога не разумеюць!

Было гэта так зьнянацку, што я разгубілася — і ня ведаю, што сказаць.

Але тут умяшалася ўкраінская адміністратарка. Гэтая кабета сядзела за кулісамі, каб кіраваць своечасовым выхадам артыстаў на сцэну.

І вось яна кажа таму чыноўніку, менавіта па-украінску:

— Слухайце, — кажа, — ды калі вашая вядоўца пачне па-расейску гаварыць — яе ў нас проста слухаць ня стануць. Пасаромейцеся, шаноўны!

І чыноўнік сумеўся. Болей ён мяне не чапаў.

А я яшчэ мацней упэўнілася: трэба — менавіта па-беларуску! Калі ты выступаеш за межамі Радзімы — за табою ўся твая краіна. Ты за яе адказваеш, ты яе прэзэнтуеш, ты яе ўвасабляеш.

...А зараз перанясемся ў Астанкінскую студыю, дзе рыхтуецца канцэрт да чарговага савецкага свята.

Мне тым разам прапанавалі прачытаць верш Петруся Броўкі ў перакладзе Якава Хелемскага. Перакладчык шчыраваў як мог, але ж само гучаньне моў зусім рознае! Ну возьмем хоць гэты радок:

Шуршащие ленты шуршащих дорог...

Кладучы руку на сэрца, хіба можна ўявіць падобнае з вуснаў беларуса?

І тады далікатна прапаную рэдактарцы Ноне Несьцяроўскай: а можна, я прачытаю іншы верш? Па-беларуску...

Дарэчы, гэты верш наша выдатная паэтка Анэля Тулупава колісь напісала адмыслова для мяне. На нейкае сьвята я чытала яго ў Палацы спорту. Здаецца, адзначалася 90-годзьдзе Леніна.

Радкі запалі ў душу. Не зьдзіўляйцеся, бо нічога казённага, ніякіх дыфірамбаў правадыру рэвалюцыі там не было. Верш такі, што хоць сёньня стаў ва ўлётку любога дэмакратычнага кандыдата.

І зараз вы самі пераканаецеся.

Беларусь мая, маці ласкавая,

Сінявокая азярніца,

Дай да рук тваіх прытуліцца,

Да тваіх ласкавых далоняў.

Ці ж маглі яны быць у палоне,

У няволі, за кратамі,

Гэтыя рукі твае крылатыя,

Гэтыя вочы празрыстыя?

Дык глядзіце ж у іх, глядзіце —

У іх столькі цяпла і волі,

Яны столькі шчырасьці гушкаюць,

што ніхто, нідзе і ніколі

Іх сьвятла не парушыць!..

Беларусь мая сінявокая,

Васілёчак мой дарагі,

Узьляцела ты ясным сокалам,

Над табою ляцяць сьцягі!

Тады, у Астанкіне, я мусіла сама перайначыць апошні радок, каб болей дапасоўваўся да наступнай маёй фразы. Бо потым належала анансаваць выступ нашай Сьвятланы Данілюк.

Таму замест "Над табою ляцяць сьцягі" я зрабіла так: "Над табою песьня ляціць!".

І далей — натуральны пераход:

— "Расцьвітай, Беларусь" на музыку Юр'я Семянякі, верш Алеся Бачылы. Сьпявае народная артыстка Савецкага Саюзу Сьвятлана Данілюк.

Атрымалася пераканаўча, і маскоўская рэдактарка згадзілася.

Калі гэта гучала на канцэрце, я на свае вочы ўбачыла, што зала закранутая да слёз.

А гэта ж была ўсесаюзная трансляцыя. І я потым пераканалася, што беларусы ўсяго Савецкага Саюзу таксама былі ўзрушаныя. Столькі ўдзячных лістоў атрымала!

...Згадваю ўсё гэта і думаю: ну чаму сёньня нашыя вядоўцы і ў Палацы Рэспублікі, і ў Маскве баяцца слова па-беларуску сказаць? Здаецца, ужо і ўлада трохі сьцішыла свой інтэграцыйны імпэт... Але ці то нашых артыстаў настолькі застрашылі, ці то самі іхнія душы страцілі патрэбу ў родным слове?..

Але ж так хочацца верыць, што становішча не зусім безнадзейнае! І што родная мова спакваля зойме "свой пачэсны пасад" і на экране, і на сцэне".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0