14–15 студзеня грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» правядзе акцыю «Птушкі на кармушцы».

Як паведаміў спецыяліст па экалагічнай адукацыі АПБ Руслан Шайкін, мэта акцыі — звярнуць увагу насельніцтва на праблемы птушак, вызначыць відавы склад зімовых птушак, якія прылятаюць на кармушкі. Традыцыйна ў мерапрыемстве бяруць удзел перш за ўсё калектывы школ, цэнтраў пазашкольнай работы. Удзельнікам акцыі прапануецца палічыць птушак на кармушках і паведаміць аб выніках сваіх назіранняў у АПБ. Па магчымасці, неабыякавым да праблем птушак людзям прапануецца загадзя зрабіць кармушкі.

У 2011 годзе ў акцыі ўзялі ўдзел прыкладна 200 чалавек. На кармушках было адзначана больш за 10 тыс. птушак 33 відаў. Часцей за ўсё сустракаліся вялікая сініца, дамавы і палявы вераб’і. З незвычайных відаў былі заўважаныя зяблікі і шпакі.

Як адзначыў Шайкін, зімовае падкормліванне пшутак праводзіцца з позняй восені да сакавіка. Аднак яно мэтазгоднае толькі для пеўчых птушак, вадаплаўных карміць не рэкамендуецца.

У склад кармавой сумесі павінны ўваходзіць
семечкі сланечніка (да 40%), проса (50%), аўсянка або авёс (10%), вельмі карысна дадаваць сумесь з насення зелля. Калі кармавой сумесі няма, то можна карміць птушак семечкамі. Акрамя таго, сініцы і дзятлы любяць несалёнае сала, вераб’і, сініцы, зелянушкі, папаўзні, чыжы і дзятлы — арахіс (нельга даваць смажаныя або салёныя арэшкі і семечкі).
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?