У апошнія тыдні грамадзкая ўвага ў Беларусі была засяроджаная вакол унутраных падзеяў. Даўно ўжо не было так цікава сачыць за незалежнымі мэдыямі – прычым, ня столькі за навінамі, колькі за палітычнай дыскусіяй. Падзеі, што адбываліся тым часам за межамі Беларусі, ня тое, каб зусім выпалі з‑пад увагі аглядальнікаў, але звыкла разглядаліся адасоблена ад унутраных, як бы яны адбываліся недзе ў паралельнай рэальнасьці. Дзякаваць Богу, даўно мінуў час, калі падзеі ў Расеі ўспрымаліся як падзеі жыцьцёва важныя для беларусаў. Але важна захаваць, так бы мовіць, бінакулярнасць зроку. Тады шмат якія падзеі ўнутры краіны высьвечваюцца па‑новаму, некаторыя дэталі пры гэтым набываюць больш рэзкія й выразныя абрысы.

Мюнхэнскі сьпіч

Амаль усе камэнтатары й палітолягі, у тым ліку – расейскія, сыходзяцца на тым, што Ўладзімер Пуцін у сваёй прамове на міжнароднай канфэрэнцыі бясьпекі ў Мюнхэне не сказаў нічога новага. Заходніх аглядальнікаў (але толькі не сур’ёзных палітыкаў) уразілі, хутчэй, тон прамовы, чымся ейны зьмест. Некаторыя згадалі нават Хрушчова, які грукаў чаравікам па трыбуне ААН. Але галоўнае было нават ня ў тым, як прамаўляўся сьпіч, а ў тым, каму ён быў прызначаны.

Прыкладна тое самае паводле сэнсу Пуцін заўсёды раней прамаўляў перад унутрырасейскай аўдыторыяй: Захад нас падмануў, ЗША праводзяць аднапалярную, імпэрыялістычную палітыку, скіраваную супраць інтарэсаў Расеі, NАТО наш вораг, АБСЭ ёсьць заслонай заходніх інтарэсаў, хопіць нас вучыць дэмакратыі і г.д. Але дагэтуль Пуцін вызначаўся ўменьнем гаварыць тое, што аўдыторыя чакала ад яго пачуць. Для расейскай аўдыторыі адно, для замежнай – нешта іншае. У сьпічы ў Мюнхэне ўсё зьмяшалася.

Пасланьне расейскім «сілавікам» і полісітмэйкерам, пасланьне свайму электарату, у якога папулярнасьць Пуціна і без таго, калі верыць сацапытаньням, закшкальвае за 80 адсоткаў, і пасланьне лідэрам «вялікай сямёркі» – той самай семкі вядучых краінаў сьвету, якую прэзыдэнт Расеі яшчэ нядаўна прымаў у Санкт‑Пецярбургу на правох краіны‑гаспадара сустрэчы G‑8.

Сьпіч прамаўляўся ў маленькай залі, дзе прадстаўнікі заходніх краінаў, у тым ліку міністры і прэмьеры сядзелі, як школьнікі, радком, ледзь не судакранаючыся плячыма, а дыстанцыя паміж імі і прамоўцам на трыбуне было ўсяго пара мэтраў. Гэтая аўдыторыя прызначаная была для нефармальнай, давяральнай размовы на тэмы сучаснай палітыкі, а не для гучнай афіцыёзнай рыторыкі ў стылі «халоднай вайны». Менавіта гэтае несупадзеньне месца й стылю паводзінаў у першую чаргу й выклікала ў міжнародных аглядальнікаў шок. Навошта крычаць у мэгафон у твар суразмоўцы, калі можна спакойна пагаварыць на любыя тэмы?

Тлумачэньне можа быць толькі адно – ад суразмоўцы не чакалі адказу. Калі праўду кажуць, што замежная палітыка ёсьць працягам унутранай, дык нічога іншага ад Пуціна нельга было чакаць. Ён даўно, амаль зь першых дзён свайго прэзыдэнцтва, адмовіўся ад дыялёгу з грамадзтвам. У КГБ, канечне, прывучалі супрацоўнікаў слухаць грамадзянаў – што і дзе яны кажуць, і нават запісваць сказанае, але зусім не дзеля таго, каб да іх прыслухоўвацца, ці ўступаць у дыялёг. Хіба допыт у сьледчага можна назваць дыялёгам? А можа, дыялёгам у Расеі цяпер лічацца шматгадзінныя прэс‑канфэрэнцыі, падчас якіх журналістам дазваляецца называць прэзыдэнта «непараўнальным»?

Адказу заходніх палітыкаў на інвэктывы Пуціна не было таму, што гэта было ўспрынята як правакацыя. І нават ня тое, каб сапраўдная правакацыя ў духу «халоднай прапагандысцкай вайны», а проста як свайго роду мавэтон. Справа ў тым, што ў сьпічы расейскага прэзыдэнта прысутнічаў яшчэ адзін малапрыемны момант…

Вядома, што адміністрацыя Буша і ён сам перажываюць цяпер не найлепшы пэрыяд. Вайна ў Іраку і стаўленьне да яе раскалола амэрыканскае грамадзтва, найперш – ягоныя эліты, прычым большасьць ужо не на баку Буша. Злучаныя Штаты за апошні час страцілі пазыцыі, іх ранейшы ўплыў і аўтарытэт ня толькі на Блізкім Усходзе, ці ў Азіі ў цэлым, але нават у саюзнай Эўропе саслабеў.

І як бы ні разьвіваліся падзеі далей, якой бы ні была палітыка дэмакратаў у кангрэсе, ясна, што палітычная кар’ера цяперашняга прэзыдэнта хіліцца да завяршэньня. Нездарма ўжо цяпер, за два гады да заканчэньня прэзідэнцкага тэрміну, у ЗША фактычна пачалася паўнамаштабная перадвыбарчая кампанія.

У гэтай сітуацыі крытыкаваць саюзьніка ў барацьбе зь міжнародным тэрарызмам, «сябра Буша», які некалі разгледзеў у вачох «сябра Пуціна» душу – гэта ня проста здраджваць сябру. У палітыцы, як вядома, сяброў не бывае. Але гэта тое самае, што пінаць мёртвага льва.

Тое, што Пуцін потым апраўдваўся, быццам у яго захоўваюцца добрыя стасункі з Бушам, толькі падкрэсьлівае цынізм расейскага кіраўніка. А тое, што Буш вельмі спакойна й міралюбна адгукнуўся на выпады расейскага калегі, выглядала таксама вельмі натуральна і галоўнае – прыстойна. Яшчэ раз пацьвердзілася старая ісьціна наконт прыстойных людзей, якія ставяцца да нягоднікаў як да прыстойных людзей, і нягоднікаў, якія ставяцца да прыстойных людзей як да нягоднікаў.

Выбарнае самаўладзьдзе

Справа, зразумела, ня ў Пуціну. Ён зрабіўся закладнікам аўтарытарнай сыстэмы, пабудаванай у Расеі – праўда, пры ягоным непасрэдным актыўным удзеле. Расейская паліталягіня Лілія Шаўцова вельмі трапна назвала гэтую сыстэму выбарным самаўладзьдзем. Пуціну вельмі хацелася б сысьці, зьняць зь сябе груз дзяржаўнай адказнасьці – гэта відавочна. Але ж паплечнікі, лёс якіх разам з іхным дзяржаўным бізнэсам залежыць ад таго, хто будзе уладарыць у Крамлі, сысцьі яму не дадуць. І гэта таксама відавочна. Пуцін, напэўна, гэта ўжо зразумеў ці вось‑вось зразумее.

Аднак, дакладна прадказаць, як будуць разьвівацца далейшыя падзеі ў непрадказальнай Расеі сёньня, відаць, ніхто ня ў стане, у тым ліку й Пуцін. Але, падпарадкуючыся інстынкту, ён робіць прэвэнтыўныя захады, каб прадухіліць магчымую (а можа й цалкам рэальную) небясьпеку для ўласнай пэрсоны. Тым больш, што гісторыя расейскай дзяржавы, у якой самаўладзьдзе сталася выбарным зусім нядаўна, сьведчыць – уладары яе часта сыходзілі не па сваёй волі, асабліва ў ХХ стагодзьдзі. Таму Пуцін, як чалавек адукаваны й дасьведчаны, дакладна ведае – галоўнае не паказаць слабасьці патэнцыйным спаборнікам. Інакш – парвуць на шматкі, як сабакі. Таму ён і вымушаны пазыцыянаваць сябе як жорсткі лідэр супэрдзяржавы, хоць тае супэрдзяржавы няма і на ўспаміне.

А тое, што гэтая дзяржава ніколі ня будзе лібэральнай ці хоць бы дэмакратычнай, ужо даўно ўсім зразумела, у тым ліку й на Захадзе. Сувэрэнная дэмакратыя гучыць гэтак сама пераканаўча, як некалі – сацыялістычная, альбо рабоча‑сялянская дэмакратыя. Яна, калі памятаеце, была найвышэйшай формай дэмакратыі ў сьвеце, вось толькі на Захадзе ніхто яе дэмакратыяй не лічыў.

Відавочна, пануючай клясе – прынамсі, яе вяршыньцы, у Расеі надакучыла пераконваць Захад у тым, у чым яго немагчыма пераканаць – быццам Расея працягвае ісьці дэмакратычным шляхам. Паводле расейскага прыслоўя – палюбіце нас чорненькімі, а беленькімі нас кожны палюбіць.

Гэта сьведчыць яшчэ і аб тым, што расейскай эліце няма справы да расейскіх грамадзянаў і да будучыні сваёй краіны. Нафтадаляры забясьпечваюць будучыню прадстаўнікоў гэтай эліты, якія трымаюць грошы пра запас на Захадзе, і будучыню іхных дзяцей, якія там навучаюцца й жывуць. Усё астатняе эліты ня тычыцца.

А дзеля таго, каб забясьпечыць надалей свой спакой і магчымасьць неабмежавана высмоктваць энэргарэсурсы з расейскіх нэтраў, народу трэба кінуць костку – але ня ў выглядзе псэўдадэмакратыі ці правоў чалавека, у якія расейскія грамадзяне ніколі ня верылі й ня вераць, а ў выглядзе нацыянальнай ідэі. Гэтая ідэя неяк амаль незаўважна трансфармавалася апошнім часам у «расейскую ідэю», альбо ў «расейскі праект», які раскручвае цяпер па заданьні «Адзінай Расеі» яе актывіст, праваслаўны тэлепрадусар, колішні вядоўца «Музобоза» Іван Дзямідаў.

Ня трэба мець багатай фантазіі, каб уявіць, да чаго гэты «праект» можа прывесьці ў краіне, дзе ксэнафобскія настроі без таго дасягнулі высокага градусу.

Лідэр думскай фракцыі «Радзіма» Бабурын нядаўна заявіў з экрану тэлебачаньня, што ў Расеі ніколі не было пагромаў. Гэтаксама герой аднае савецкае літаратурнае пародыі 1970‑х гадоў– палкоўнік КГБ, казаў свайму сыну пра 1937‑ы год: «яго не было, але будзе». Цікава, што вядучы тэлепраграмы, у якой выступаў Бабурын, прамаўчаў, хаця мог бы тое‑сёе распавесьці пра габрэйскія пагромы пачатку ХХ стагодзьдзя ў Адэсе, Кіеве, Гомелі ды іншых гарадах Расейскай імпэрыі.

Шматпалярнасьць апраметнай

Што тычыцца імпэрыі, дык насамрэч, для яе, кажучы словамі Эвангельля, «няма ні эліна ні юдэя». Ёй няма справы да нацыянальнасьці салдата, які гіне за інтарэсы мэтраполіі на палях вайны. Мала таго, замежная экспансія Рымскай імпэрыі ў пэрыяд яе росквіту, як мы ведаем зь гісторыі, грунтавалася на дэмакратыі – наяўнасьці свабодных грамадзянаў і выбарнага сэнату. Разлажэньне рэспублікі і пераход да тыраніі імпэратараў азначаў блізкі заняпад імпэрыі.

Расейская імпэрыя заўсёды была імпэрыяй асобага тыпу. Яе замежная экспансія заўсёды дапаўнялася тыраніяй і гвалтам супраць усіх народаў, якія ўсе амаль у аднолькавай ступені былі яе рабамі.

«Росквіт» гэтай імпэрыі пры Сталіну працягваўся зусім нядоўга паводле гістарычных мерак. Спроба абвесьціць расейскі народ «народам‑пераможцам», якому ўсе астатнія народы вінныя да скону свайго існаваньня (а некаторыя зь іх – кшталту крымскіх татараў, чачэнаў, туркаў‑мэсхэтынцаў, габрэяў абвяшчаліся народамі‑здраднікамі, каб апраўдаць іхнае пагалоўнае высяленьне), гэтая спроба ні да чаго не прывяла. Савецкая паводле формы й ксэнафобская паводле зьместу камуністычная дзяржава ня вытрымала спаборніцтва з Захадам.

Ні да чаго не прывялі й сутаргавыя спробы аднавіць СССР (хаця б у межах Беларусі й Расеі). Ініцыятарам іх парадаксальным чынам выступіў першы прэзыдэнт незалежнай Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Але пра гэта – крыху ніжэй.

Ня маючы былой ядравай моцы, саступаючы ў эканамічнай моцы дзясятку краінаў, нават значна меншых за яе паводле прыродных і людзкіх рэсурсаў, Расея сапраўды спрабуе знайсьці сабе новую нішу ў гэапалітычнай структуры сьвету. Каб зь ёй зноў пачалі лічыцца – так, як лічыліся з атамным монстрам з ракетамі ў 1960‑я.

Нядаўна Гэнштаб РФ у адказ на плянаванае разьмяшчэньне элемэнтаў ПРА ў Польшчы й Чэхіі прыгразіў выхадам Расеі з Дамовы аб ліквідацыі стратэгічных ракет сярэдняй і меншай адлегласці. І што, вельмі ён гэтым напалохаў Пэнтагон?

Дастаткова ўзгадаць, што пры канцы 1980‑х, калі пачаўся вывад гэтых ракет – дарэчы, найперш, з тэрыторыі Беларусі, – іх было ў савецкага войска нашмат больш, чым цяпер ёсьць у Расеі. Але ж тагачаснае савецкае кіраўніцтва цьвяроза разумела, што ня ў колькасьці ракет перавага, а ў найноўшых тэхналёгіях.

І цяперашнія цьмяныя заявы расейскага галоўнага камандуючага пра нейкую таямнічую звышэфэктыўную зброю новага пакаленьня, здольную процістаяць амэрыканскім ракетам, выклікаюць на Захадзе ўсьмешкі.

(Між іншым, калі журналісты ў Мюнхэне зьвярнуліся да міністра абароны ЗША Гэйтса па камэнтар да выступу Пуціна, той толькі ўсьміхнуўся ў адказ.)

Аб якой вайсковай моцы можна казаць, калі амаль кожнага дня ў расейскім войску каго‑небудзь катуюць, нявечаць, расстрэльваюць, кідаюць у печку, гвалтуюць, дзе ўсяляк зьневажаюць шэраговых салдатаў, а міністра абароны пераводзяць за гэта на павышэньне? Пра які маральны дух і патрыятызм тут можна гаварыць?

Калі Расея і можа знайсьці годнае для сябе месца ў сьвеце – дык гэта сьвет усходніх дэспатыяў, аўтарытарных фундамэнталісцкіх рэжымаў. Пуцін і не хаваў гэтага, накіраваўшыся пасьля Мюнхэну ў Савудаўскую Арабію, дзе зноў паўтарыў свае антыамэрыканскія тэзы. І што з таго, што лёнданская газэта «Аль‑Гаят», якая фінансуецца з Арабіі, іранічна адазвалася пра спробы расейскага кіраўніцтва адрадзіць колішнюю араба‑савецкую дружбу? Унутраны складнік новага старога курсу Масквы ў замежнай палітыцы гэта не мяняе.

З другога боку, фундамэнталізм не абавязкова мусіць быць ісламскім. Калі ўлічыць той імпэт, зь якім апошнім часам Расейская праваслаўная царква ўмешваецца ў навучальны працэс у школе (спроба адрадзіць Закон Божы), спрабуе кіраваць адборам працаў на мастацкія выставы, цэнзураваць ці хоць бы рэцэнзаваць творы мастацтва, ня кажучы пра зьмест тэлепраграм, а таксама адбракоўвае навуковыя тэорыі (напрыклад, тэорыю Дарвіна), калі ўлічыць усё гэта, размовы аб праваслаўнай дзяржаўнасьці не выглядаюць ужо толькі размовамі.

Напэўна, Расея ўжо ня вернецца ў стан сярэднявечнага цемрашальства. Неяк у час Інтэрнэту й трансгеннай інжынэрыі ў гэта слаба верыцца. Але ж у сукупнасьці з камуністычнымі Кітаем, КНДР і Кубай, іранскай тэакратыяй, шыіцкім войскам Аль‑Садра, з талібамі, «Хамасам», «Хізбаллагам», іншымі тэрарыстычнымі рухамі, міжнароднымі тэрарыстамі, пралазамі й авантурыстамі рознага калібру ды афарбоўкі Расея сёньня складае той самы «шматпалярны сьвет», які павінен, на думку Пуціна, процістаяць заходняй цывілізацыі.

У чым яго крыўда?

Усё гэта варта браць пад увагу перад тым, як разглядаць цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі.

Усім відавочна, што апошнім часам яе кіраўнік сваімі выказваньнямі й паводзінамі дэманструе пэўную нэрвовасьць і разгубленасьць. Але выкліканая яна ня столькі дзеяньнямі «Газпрома» і «Раснафты», ня столькі магчымымі наступствамі падвышэньня цэнаў на энэрганосьбіты для беларускай эканомікі, колькі іншымі, больш важкімі прычынамі. Справа у тым, што эканоміка заўсёды мае пэўны інэрцыйны запас. І вынікі рашэньняў, нават самых кардынальных, прынятых сёньня, насельніцтва, спажыўцы могуць рэальна адчуць ў сваім жыцьці значна пазьней. Акрамя таго, ніхто ня ведае, да якой ступені павінен упасьці ўзровень жыцьця беларусаў, каб гэта падбухторыла іх да нейкіх усьвядомленых дзеяньняў супраць уладаў. І яшчэ ня факт, што расчараваньне ў сацыяльна‑эканамічнай палітыцы Лукашэнкі кіне ягоную электаральную масу не пад сьцягі нацыянальнае апазыцыі, а на падтрымку расейскіх пуціністаў і камунафашыстаў. Намаганьнямі дзяржаўнай тэле‑ і радыёпрапаганды ў Беларусі глеба для гэтага ўгноеная.

Галоўная бяда для рэжыму палягае сёньня не ў эканоміцы, а ў тым, што Крэмль гвалтоўна забраў у яго галоўную міталягему, любімую цацку – саюзную дзяржаву. У рамках саюзнай дзяржавы – такой, якой яна марылася і ў нейкай ступені была на самой справе – Беларусь бачылася раўнапраўным партнэрам Расеі, а Лукашэнка быў роўны Пуціну. Кіраўніку Беларусі мроіўся ня столькі адроджаны СССР, колькі канфэдэрацыя – свайго роду новае ВКЛ, толькі манструозных памераў, ад Балтыйскага мора да Ціхага акіяну – утварэньне, у якім Лукашэнка пачуваў бы сябе Вялікім князем і прэтэндэнтам на Карону.

Менавіта гэта не задавальняла Крэмль. Ягоны цяперашні кіраўнік, які хутчэй за ўсё, застанецца там на трэці ці невядома на які яшчэ тэрмін, ня можа ні зь кім дзяліць уладу. Лукашэнка ня можа больш пазыцыянаваць сябе як «апошні фарпост» Расеі на Захадзе. Бо «надёжа и опора», заступнік інтарэсаў расейскага народу можа быць толькі адзін – вялікі і ўседзяржаўны. Усе астатнія – самазванцы.

Кіраўнік Беларусі, які стаяў ля вытокаў саюзнай дзяржавы, яшчэ гэтага не зразумеў, ён усё яшчэ паводле старой звычкі спрабуе шукаць хаўрусьнікаў у Маскве – такіх, як Праханаў напрыклад. Але ж час Праханавых прайшоў. Ён са сваім сталінска‑імпэрскім рамантызмам састарэў і ня ўпісваецца ў новы афіцыйны патрыятызм цынічнага ўзору. Не Праханаў зь ягонай любоўю да расейскага авангарду ды састарэлымі ўяўленьнямі пра «афіцэрскі гонар» сёньня ў пашане, а Поткіны і Якіменкі, Маркавы ды Пушковы, рознага кшталту ідэйныя пагромшчыкі, якія яшчэ й зарабляюць на патрыятызьме грошы (што зробіш – час такі), не заўважаючы, што рыюць сваёй краіне й сваім дзецям калектыўную магілу.

Рыторыка пра «саюзную дзяржаву» яшчэ пакуль жыве. Але Пуцін і ягонае атачэньне, ягоныя тэлеканалы ўжо далі ясна зразумець – Беларусь патрэбная Расеі толькі ў якасьці Северо‑Западного Края. А йнакш: «аўчынка вычынки ня вартая». Калі кіраўнік Беларусі гэтага не разумее – тым горш для яго.

Ніхто, вядома, ня будзе пасылаць расейскі спэцназ у Дразды. Ці падліваць яго насельнікам радыяактыўны палёній у гарбату. Расея пакуль ня можа сабе такога дазволіць, хоць многія там, напэўна, ужо аб гэтым мараць. І гісторыя зь Літвіненкам ёсьць таму сьведчаньнем.

Але галоўнай зброяй Крамля ў дачыненьнях з Лукашэнкам стане, ужо становіцца, не палітыка эканамічных санкцыяў, а – адсутнасьць належнай павагі. Інтэрвію яго Праханаву – гэта енк і скаргі на тое, як над ім зьдзекваюцца ня толькі Пуцін, але рознага роду прыходзькі, з гледзішча Лукашэнкі – лёкаі расейскага калегі, якім ня можна дазваляць брахаць на прэзыдэнта сувэрэннай дзяржавы. Ягоная крыўда нявыдуманая. Няважна, ці сапраўды Лукашэнка не паляцеў пад Новы год у Маскву з‑за таго, што там не знайшлі памяшканьня для ягонай прэс‑канфэрэнцыі (так звычайна робяць у Менску ў дачыненьні да апазыцыі), ці з‑за таго, што Пуцін накрычэў на яго па тэлефоне. Важна тое, што ў Маскве перасталі выяўляць да яго знакі павагі – як гэта рабілі Ельцын і, некаторы час, Пуцін. Гэта для палітычнага дзеяча, які прайшоў шлях ад дырэктара саўгаса да вышэйшай дзяржаўнай пасады, надзвычай важна. Вось чаму так хваравіта ўспрымаюцца абмежаваньні Захаду на ўезд кіраўніка дзяржавы і ягоных саноўнікаў. Якому‑небудзь камандантэ Фідэлю на забарону прыехаць у Вашынгтон заўсёды было напляваць, сёньняшняму прэзыдэнту Вэнэсуэлы Чавэсу – таксама. А для кіраўніка Беларусі важныя знакі пашаны, асабліва ў Эўропе, паколькі ён атаясамлівае сябе з сваёй дзяржавай. І пакуль яго прымалі на вышэйшым узроўні ў Маскве, ён яшчэ мог дазволіць сабе звысок глядзець на палякаў і «разных прочих шведов». Некалі ён выгнаў у каршэнь амэрыканскага пасла разам з пасламі Вялікай Брытаніі, Нямеччыны й Францыі зь іхных рэзыдэнцыяў.

А цяпер ён вымушаны прыслухоўвацца да пасла нейкай Літоўскай Рэспублікі. І прэсавую канфэрэнцыю гэтага пасла паказваюць на Першым канале БТ як першую навіну.

Але справа, зразумела, ня толькі ў гонары й ганарлівасьці. Упершыню за апошнія гады ўзьнікла такая сытуацыя, што пагроза незалежнасьці Беларусі нясе пагрозу асабістай бяспецы яе кіраўніка. Гэта не азначае, што гэтыя дзьве пагрозы трэба атаясамліваць. Проста яны супалі.

Выйсьці з кола

Гэта не азначае таксама, што апазыцыя павінна цяпер згуртавацца вакол прэзыдэнта ды безумоўна яго падтрымаць. Зусім наадварот. Працяг ранейшага курсу кіраўніка Беларусі на збліжэньне з найбольш рэакцыйнымі, шавіністычнымі, камунанацыяналістычнымі коламі ў Расеі нясе ўсю большую пагрозу беларускай незалежнасьці, будучыні нацыі.

Зразумела, Лукашэнку вельмі цяжка пераступіць цераз усё тое, на чым будавалася дагэтуль дзяржаўнасьць Беларусі, адмовіцца ад савецкай спадчыны, павярнуцца тварам на Захад, які дагэтуль успрымаўся як вораг, у лепшым выпадку – як інструмэнт шантажу ў дачыненьнях з Крамлём.

Адзіны, хто можа дапамагчы яму (і сабе) ў гэтай сытуацыі, паспрабаваць наладзіць кантакт з Захадам – гэта беларуская апазыцыя. І першым гэта зразумеў Мілінкевіч.

Хай са спазьненьнем, але лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі ў апошнія дні праявіў сябе сапраўды як лідэр, здольны рабіць учынкі, здольны браць на сябе адказнасьць. Менавіта ўчынкаў чакалі ад Мілінкевіча амаль год пасьля выбараў ягоныя выбарцы, ягоныя прыхільнікі. Значная іх частка па‑ранейшаму зьвязвае з ім свае спадзяваньні на лепшую будучыню для Беларусі. Менавіта зь ім, а не з палітычнай радай, асобнымі партыямі ці іх кіраўнікамі, у якіх ужо быў час заявіць аб сабе.

Мілінкевічу ўдалося пераступіць заганнае кола, у якім апынуліся дэмакратычныя сілы, у якім яны круціліся гадамі – кола «ратацыі», калі чарговага «лідэра», вылучанага пад выбары, потым выкідалі за адсутнасьцю далейшай патрэбы ды закідвалі каменьнем дзеля захаваньня «кансэнсусу» й «парытэту». У жыцьці апазыцыі панаваў той жа прынцып, што ў жыцьці беларускага грамадзтва: не высоўвайся!

Яскравай ілюстрацыяй яго можа служыць лёс Казуліна, якога былыя аднапартыйцы й хаўрусьнікі, выглядае, ўжо выкрасьлілі з сваіх палітычных плянаў і разьлікаў на будучыню.

Зразумела, аднаго ці двух крокаў (калі лічыць першым крокам адкрыты ліст Лукашэнку) яшчэ недастаткова, каб рабіць канчатковыя высновы. Ці ёсьць у Мілінкевіча ўсьвядомленая стратэгія, плян дзеяньняў, ці мы сталіся сьведкамі спантаннага ўсплёску эмоцыяў, пакуль невядома.

Але ўжо першая рэакцыя на ўчынкі лідэра паказала, што яму ўдалося ўзварухнуць палітычнае балота, паламаць звыклы парадак рэчаў. Зразумела, што асноўнага шквалу крытыкі зь лягеру праціўнікаў трэба яшчэ чакаць наперадзе. І ня столькі з боку ўлады, колькі з боку былых паплечнікаў. Але гэта той выпадак, калі крытыка павінна толькі ўмацоўваць у правільнасьці абранага шляху.

Паказальным у гэтым сэнсе падаецца артыкул Паўла Шарамета «Я в смятении» на сайце «Беларускі партызан». Сама назва, бадай, яскравым чынам апісвае рэакцыю ў стане ворагаў Мілінкевіча. Расейскі журналіст называе яго «прагматычным, занадта асьцярожным», «народжаным не для барацьбы і не для палітыкі». Урэшце, ён абвінавачвае лідэра дэмсілаў нават у «асабістай баязльвасьці». Але галоўнае абвінавачваньне палягае на тым, што ён «трымае касу, на ім завязаныя асноўныя фінансавыя патокі», «за ім стаяць палякі» й г.д. Падобныя характарыстыкі выглядаюць зьнятымі пад капірку з дыктарскіх тэкстаў у праграмах «Панарама» і «Ў цэнтры ўвагі»!

Зрэшты, чаго зьдзіўляцца? Хіба не ў такім самым стылі робяцца й праграмы ОРТ, дзе працуе журналіст? Дарэчы, хіба падобныя абвінавачаньні нельга вылучыць і супраць лідэраў партыяў, якія ўваходзяць у палітраду? І калі ў гэтых абвінавачаньняў ёсьць доказы, чаму б не давесьці справу да канца і ня выкласьці іх у Інтэрнэце, як кнігу Алкаева?

Інакш можа скласьціся ўражаньне, што агульны сэнс абвінавачаньняў на адрас Мілінкевіча зводзіцца да вельмі знаёмай формулы: «трэба дзяліцца».

Трэба зазначыць, што гэты артыкул зьявіўся вельмі своечасова. Чэскі міністар абароны на ўжо згаданай канфэрэнцыі ў Мюнхэне падзякаваў Пуціну за тое, што ягоны выступ бліскуча патлумачыў эўрапейцам, дзеля чаго патрэбны блёк NАТО.

Публікацыя ў «Беларускім партызане» засьведчыла, што аўтарам гэтага інтэрнэт‑выданьня не абыходзіць лёс Беларусі. Яны крытыкуюць рэжым Лукашэнкі, найперш, з гледзішча яго карыснасьці, альбо шкоднасьці для інтарэсаў Расеі. Разьвіцьцё нацыянальнай эканомікі, культуры й мовы іх цікавіць куды ў меншай ступені. Што ж, яны маюць права на ўласны погляд.

Але варта сёньня задумацца тым унутры Беларусі, хто яшчэ зусім нядаўна выказваў думку, быццам краіне няблага было б далучыцца да Расеі, паколькі ўзровень дэмакратыі там вышэйшы. І гэта, маўляў, падвысіла б узровень дэмакратыі ў беларускім грамадзтве, якое да расейскага ўзроўню яшчэ не дарасло.

Гэтая краплёная карта цяпер бітая крамлёўскім кіраўніцтвам. Ніякай дэмакратыі, акрамя сувэрэннай (гэта значыць – дэкаратыўнай) у расейскай палітычнай пэрспэктыве не прадугледжваецца.

Беларусам даўно насьпеў час самім пачаць адбудоўваць дэмакратыю для ўласнай краіны, абапіраючыся на эўрапейскую гісторыю і традыцыі. Расейскія інтэлектуалы‑дэмакраты празаходніцкай арыентацыі, загнаныя, як і ў Беларусі, у рэзэрвацыі ў выглядзе некалькіх інтэрнэт‑выданьняў, газэт і тэлерадыёстанцыяў, нічым ужо тут не дапамогуць беларусам.

А вось дэмакратычныя пераўтварэньні ў Беларусі, наадварот, могуць паслужыць выразным сыгналам для руху ў бок пазытыўных зьменаў у Расеі, прынамсі, да больш адэкватнага ўспрыманьня ёй свайго месца і ролі ў сучасным сьвеце.

Вольная дэмакратычная Беларусь можа паспрыяць і адраджэньню ідэалаў «аранжавай рэвалюцыі» ва Ўкраіне, больш хуткай інтэграцыі і адзінству Эўропы, што зусім немалаважна ў сьвятле пагрозаў ХХІ ст.

Для таго, каб іх адолець, важна разьвітацца са спадчынай мінулага. Дэмакратызацыя Беларусі павінна стаць фінальным акордам вызваленьня Ўсходняй Эўропы ад расейскага камунізму, якое пачалося пасьля падзеньня Бэрлінскай сьцяны.

Магчыма, сёньня гэта падаецца ўтопіяй. Але ж ХХ стагодзьдзе – разам з антыўтопіямі Замяціна, Кёстнэра і Оруэла, кожная зь якіх спраўдзілася ў яшчэ больш жудаснай рэчаіснасьці – павінна некалі скончыцца, каб саступіць месца новай эпосе.

І чаму б гэтаму ня здарыцца ў Беларусі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?