Каб маёмасць неплацельшчыка апісалі, хопіць паперы ад натарыуса.

Нягледзячы на валютны крызіс, рост цэн і працэнтаў па крэдытах, у мінулым годзе праблемных пазыкаў у банкаў больш не стала. Беларусы па-ранейшаму спраўна плацяць. Аднак заканадаўства, якое дазваляе банкам хутчэй расправіцца з нядбайным кліентам, у канцы мінулага года вырашылі спрасціць.

Росчырк пяра натарыуса — і кватэру забяруць для пагашэння пазыкі

— Раней, каб спагнаць праблемную пазычанасць з неплацельшчыкаў па крэдыце, банк звяртаўся ў суд. Як правіла, на гэты крок ішлі пасля нагадвання кліенту аб пратэрміноўцы з дапамогай эсэмэсак, званкоў дадому, на працу і нават сваякам, — расказалі ў адным са сталічных банкаў. — Калі кліент і далей не плаціў па крэдыце, яго справу перадавалі ў суд. Суд разглядаў усе дакументы і прызначаў слуханне, на якім павінныя былі прысутнічаць і неплацельшчык (яму высылалі позву), і прадстаўнік банка.

Разгляд справы мог зацягнуцца на месяц, а то і больш. Зразумела, што банку такая сітуацыя нявыгадная. Але з 20 лістапада, з прыняццем пастановы Савета міністраў Рэспублікі Беларусь № 1518 ад 11.11.2011 г. «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у пастанову Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28.12.2006 года № 1737», сістэма змянілася.

— Цяпер рашэнне аб спагнанні пазыкі можа прыняць не толькі суд, але і натарыус, — працягваюць у банку. — Да яго прадстаўнік банка можа прыйсці і без пазыканта.

Дарэчы, натарыус можа быць як прыватны, так і дзяржаўны.

— Галоўнае — прынесці крэдытную дамову і паперы, з якіх відаць, што крэдытаатрымальнік не плаціць у тэрмін. Калі натарыус палічыць, што пазыкант вінаваты, ён робіць спецыяльны выканаўчы надпіс, — тлумачаць банкіры.

І гэтага надпісу будзе дастаткова, каб судовы прыстаў апісаў маёмасць пазыканта, напрыклад, яго кватэру, мэблю, бытавую тэхніку, машыну… Вядома, адразу маёмасць з малатка не пусцяць. Па законе, неплацельшчыку дадуць магчымасць выправіцца і пагасіць пазыку. Да таго ж грошы банк можа забіраць і з заробку неплацельшчыка, калі той недзе працуе.

Акрамя таго, новы парадак спагнання пратэрмінаванай пазычанасці не азначае, што банк адмовіцца ад судоў. Проста ў банкаў ёсць выбар: разбірацца з ў судзе або праз натарыуса.

Як прызналіся супрацоўнікі некалькіх камерцыйных банкаў, новую магчымасць заканадаўства банкі ўжо пачалі выкарыстоўваць.

Паручальніка таксама могуць прымусіць плаціць за пазыканта без суда

Як вядома, у выпадках, калі крэдытаатрымальнік перастае разлічвацца з банкам, яго паўгі могуць перакласці на паручальнікаў. Так што новы парадак спагнання пазыкаў закране і

іх. Натарыус можа зрабіць выканаўчы надпіс як у дачыненні да крэдытаатрымальніка, так і ў дачыненні да таго, хто за яго паручыўся.

Рашэнне натарыуса можна абскардзіць, галоўнае — даведацца пра яго

Такім чынам, для банкаў выбіваць пазыкі стала прасцей. А вось для крэдытаатрымальнікаў сітуацыя ўскладнілася. Вядома, калі крэдытаатрымальнік (або паручальнік) не згодны з рашэннем натарыуса, абскардзіць яго ніхто не забараняе. Але ёсць адна тонкасць.

— Сваю нязгоду з рашэннем натарыуса крэдытаатрымальнік павінен выказаць непасрэдна падчас натарыяльнага дзеяння, — тлумачыць аналітык партала InfoBank.by Кацярына Смірнова. — Гэта значыць, ён павінен ведаць, што банк напісаў заяву ў натарыяльную кантору, а таксама ведаць, у якую менавіта кантору банк звярнуўся.

Пратэрмінаваны доўг можа падаражэць

Ёсць яшчэ і фінансавы нюанс.

— Раней пасля таго, як па крэдытнай пазыцы справа перадавалася ў суд, банк пераставаў лічыць пеню. А вельмі часта суддзі змяншалі ўжо назапашаную пеню, — кажа Кацярына Смірнова. — Пазыкантам заставалася выплаціць штраф і пагасіць асноўную пазыку па крэдыце. У выпадку ж з натарыусам такое немагчыма. Значыць, пеня будзе працягваць назапашвацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?