Ну, усё, — з усмешкай прамовіла жонка, — ты цяпер наменклатура. Трэба шыць рацінавае паліто…»

Такім нібыта жартам адзначыўся пачатак маёй працы ўласным карэспандэнтам усесаюзнай па тым часе газеты «Труд». І то праўда: усе ўласныя карэспандэнты маскоўскіх газет аўтаматычна траплялі ў наменклатуру ЦК КПБ…

Жарт жартам, але жонка ведала, што гаварыла.

Па рацінавым паліто ды андатравай шапцы наменклатура пазнавала «свайго».

Але дзе прыдбаць гэты кляты рацін?

Англійскі рацін захоўваўся чамусьці ў Дзяржынскім КБА, там жа працаваў і кравец, які шыў з яго паліто для наменклатуры…

І вось першы раз у новым паліто едзем з маскоўскім калегам на Палессе праз славуты горад Бабруйск, травім пад чарачку розныя байкі ды показкі. Тут якраз і прыгадаўся стары анекдот, як сустракаюцца два бабруйскія яўрэі і адзін пытае ў другога, дзе ён шыў такі добры касцюм. «У Парыжы», — адказвае другі. «А ці далёка ён, гэты Парыж?» — «За 3 тысячы кіламетраў». — «Во дзіва! Такая глуш, і так добра шыюць!»…

Парагаталі, а праз колькі хвілін разміналі ногі ля нейкай крамы. І раптам аднекуль збоку, ледзь перастаўляючы ногі, наблізіўся дзядок і, асцярожна дакрануўшыся да гузіка, спытаў: «І дзе вы шылі такое добрае паліто?» Мы з калегам аж прыселі ад рогату…

Дома жонка перавесіла паліто з вешалкі на плечыкі ў шафу: «Так лепш захаваецца…»

…Амаль праз 40 гадоў былы маскоўскі калега, пабываўшы на аўто ў Мінску, з нейкім зайздросным расчараваннем падзяліўся, мабыць, самым моцным сваім уражаннем:

«Ды ў вас тут не жыццё, а казка! Вуліцы перакрываюцца дзеля ўсяго аднаго чалавека, а ў нас…». І ён пачаў загінаць пальцы, намагаючыся падлічыць, дзеля каго перакрываюцца вуліцы ў Маскве.
А потым запытаўся: «Што, у вас тут зусім няма наменклатуры?»…

Я разгубіўся, не ведаючы, што адказаць. Сапраўды, ці ёсць у нас наменклатура? На першы погляд, ёсць, і немалая па колькасці, калі ўявіць сабе ўсю вертыкаль. Але ж якая гэта наменклатура, калі дзеля яе, згодна з маскоўскім разуменнем, не перакрываюцца вуліцы?!

Вось раней, памятаю, адзін правінцыйны партыйны ўладар не тое што вуліцу, а ўсё галоўнае ў райцэнтры скрыжаванне перакрыў. Не спадабалася яму, як даішнік рэгулюе рух, затрымлівае праезд начальніцкай «Волгі». Раз, другі… А на трэці адабраў у рэгуліроўшчыка жазло, сарваў фуражку і, начапіўшы яе на запацелы лоб, узняў жазло ўгору…

Трэба заўважыць, што наступствы былі для яго самыя спрыяльныя: праз выцвярэзнік у прафсаюзы — было такое сховішча ад народа. Але ж з наменклатуры не выпаў. Тагачасная наменклатура сваіх не здавала. У адрозненне ад сусветнапралетарскай, існавала сапраўдная наменклатурная еднасць…

А сёння?

Ну дзе вы знойдзеце сёння такога адчайнага наменклатуршчыка, які адважыўся б адабраць «жазло» ў галоўнага «рэгуліроўшчыка» краіны?

Нават калі і знойдзеце, хто яго падтрымае?

Кволыя спробы падчас рэферэндуму 1996 і выбараў 2006 яскрава паказалі, як раструшчылася былая наменклатурная еднасць. У адрозненне ад Расіі, ад Масквы, дзе, як сцвярджаюць некаторыя даследчыкі, менавіта яна з’явілася падставай для канчатковай і незваротнай перамогі наменклатурна-капіталістычнай рэвалюцыі. Рэвалюцыі, што падзяліла былую і народжаную наменклатуру на некалькі дзяржалігархічных груповак, якія чамусьці завуцца партыямі. Нават тузаюць адзін аднаго ў барацьбе за ўласнасць і ўладу. Можа, і датузаюцца калі-небудзь да «честных выборов»…

Карацей кажучы, «такая глуш», а ўсё ж нешта шыюць…

У нашай жа нацыянальнай, так бы мовіць, наменклатуры, акрамя «цэнтра Еўропы», хутка нічога не застанецца: ні ўласнасці, ні ўлады. Нават таго, што скралі — паціху ці з дазволу «моцнай рукі». Рукі, якая ўсё часцей шые для яе не «паліто», а турэмную робу…

Але спачування няма і наўрад ці будзе. Бо пачуццё ўласнай годнасці ў беларускай наменклатуры ніколі не распаўсюджавалася далей рацінавага паліто («мэрса», «лексуса», катэджа за глухім плотам — з папраўкай на гістарычны працэс).

Адно хвалюе: як бы разам з наменклатурнай уласнасцю не згубіць краіну.

…А тое паліто, дарэчы, так і правісела на плечыках у шафе больш за 30 гадоў, пакуль цешча не аднесла яго ў камісіёнку.

Ну, не любіў я насіць паліто. Ні рацінавых, ды ніякіх іншых.

Глядзець таксама:

Сяргей Ваганаў. Пераходны перыяд

Сяргей Ваганаў. Мосцік над вечнасцю

Сяргей Ваганаў. Калгасная праўда

Сяргей Ваганаў. Божы дар і яечня, ці Правадыр на раялі

Сяргей Ваганаў. Вайна пад дахамі, альбо Кампот з восеньскіх дзіячак

Сяргей Ваганаў. Доўгі доўг

Сяргей Ваганаў. Суддзя Стук і пракурор Стук

Сяргей Ваганаў. Разруб, ці Візітоўка ад Расіі.

Сяргей Ваганаў. З нагоды ўзнагароды

Сяргей Ваганаў. Кроў лялькі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?