ЗША глыбока занепакоены сур’ёзнымі парушэннямі правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі, што супярэчыць абавязацельствам краіны ў рамках АБСЕ.
Аб гэтым заявіў пасол ЗША пры АБСЕ ў Вене Ян Келі, выступаючы 19 студзеня на пасяджэнні Пастаяннага савета АБСЕ.

«Мы зноў выказваем нашу глыбокую заклапочанасць у сувязі з адсутнасцю ў Беларусі павагі да норм, прынцыпаў і абавязацельстваў у рамках АБСЕ, а таксама міжнародных стандартаў правоў чалавека, асабліва ў тым, што тычыцца свабоды сходаў і асацыяцый, свабоды слова, вяршэнства закона», — сказаў Келі.

Паводле слоў Келі, выклікаюць неспакой змяненні ў беларускім заканадаўстве, якія «могуць перашкаджаць свабоднаму доступу да інфармацыі ў інтэрнэце», а таксама тыя папраўкі, якія закранулі дзейнасць грамадскіх арганізацый.

Прадстаўнік ЗША заклікаў беларускі ўрад «прадэманстраваць гатоўнасць супрацоўнічаць і дазволіць ажыццявіць доўгачаканы візіт у краіну прадстаўніку АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ».

Келі таксама заявіў, што ЗША занепакоены затрыманнем і адміністрацыйным арыштам незалежнага журналіста Аляксандра Баразенкі, а таксама лёсам зняволеных экс-кандыдатаў у прэзідэнты Андрэя Саннікава і Мікалая Статкевіча.

«Мы зноў заклікаем Беларусь неадкладна вызваліць і рэабілітаваць без усялякіх папярэдніх умоў усіх палітычных зняволеных і спыніць пераслед актывістаў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, у тым ліку праваабаронцаў, незалежных журналістаў, адвакатаў і студэнтаў»,
 — сказаў Келі.

Келі таксама выказаў надзею, што сёлетнія парламенцкія выбары ў Беларусі ў адпаведнасці з абавязацельствамі АБСЕ будуць праведзены сумленна і адкрыта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?