Урад Беларусі запатрабаваў прыняць аператыўныя меры па ліквідацыі наступстваў снегападу. Гэтыя меры змешчаны ва ўрадай тэлеграме за подпісам намесніка прэм’ер-міністра Беларусі Анатоля Калініна, які з’яўляецца таксама старшынёй камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Саўміне.

Тэлеграма накіравана кіраўнікам рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, старшыням аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама. Меры прыняты ў сувязі з неспрыяльнымі метэаралагічнымі ўмовамі на большай частцы тэрыторыі рэспублікі, выпадзеннем вялікай колькасці снегу і прагназуемым на бліжэйшы час няўстойлівым надвор’ем.

Урад запатрабаваў выключыць негатыўныя наступствы снегападаў і забяспечыць функцыянаванне аб’ектаў жыццезабеспячэння.

З гэтай мэтай неабходна стварыць рабочыя групы, штабы з уключэннем у іх прадстаўнікоў зацікаўленых арганізацый для кантролю і кіравання ліквідацыяй наступстваў снегападу, маніторынгу бягучай абстаноўкі.
Павінна быць арганізавана кругласутачнае дзяжурства неабходнай колькасці тэхнікі для расчысткі ад снегу дарог агульнага карыстання, пад’ездаў да будынкаў, збудаванняў і крыніц водазабеспячэння. Пры неабходнасці будзе арганізавана перадыслакацыя тэхнікі, створаны неабходны запас гаруча-змазачных матэрыялаў.

Ва ўсіх арганізацыях, прадпрыемствах і ўстановах трэба ўзмацніць аварыйныя і дзяжурна-дыспетчарскія службы, стварыць дадатковыя выязныя брыгады, правесці інструктажы па тэхніцы бяспекі з іх членамі. У гатоўнасць павінны быць прыведзены мабільныя кацельні, аўтаномныя крыніцы электразабеспячэння. Будуць прымацца аператыўныя меры па ліквідацыі аварый на цепла- і электрасетках. Трэба будзе правесці работу па ачыстцы ад снегу і лёду дахаў жылых дамоў, будынкаў вытворчага, сельскагаспадарчага і сацыяльна-бытавога прызначэння.

У тэлеграме гаворыцца і аб правядзенні мерапрыемстваў па прадухіленню дарожна-транспартных здарэнняў, рэгуляванні руху транспарту на дарогах у месцах снежных заносаў. Будуць зарэзерваваны брыгады хуткай медыцынскай дапамогі для наведвання хворых дома, пры неабходнасці дадаткова прыцягвацца аўтамабільны транспарт.

Звесткі аб сітуацыі, што складваецца ў выніку снегападу, павінны даводзіцца да насельніцтва праз сродкі масавай інфармацыі, адзначана ў тэлеграме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?