Жыхар адной з вёсак Шчучынскага раёна, які не спытаўшы, узяў у былой сужыцелькі буйную суму грошай, распарадзіцца імі не здолеў. Зберажэнні ў яго забралі сабутэльнікі, з якімі ён пазнаёміўся па дарозе дадому, паведамілі ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Паводле слоў начальніка Шчучынскага раённага аддзела Следчага камітэта Івана Новікава,
51-гадовы пацярпелы сам прапанаваў пахмяліцца за яго кошт тром моцна п'яным незнаёмцам.Пры разліку за гарэлку ён дастаў з кішэні пачак купюр, якія ўбачылі выпадковыя знаёмыя. Хутка яны яго моцна збілі і забралі грошы.
Завалодаўшы 16 мільёнамі рублёў і больш як двума тысячамі долараў, рабаўнікі адправіліся ў магазін, дзе купілі спіртное.Туды іх падвёз мясцовы жыхар, якога яны шчодра аддзячылі. У гэты час зламыснікаў ужо шукалі. Пры затрыманні ў нападнікаў супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі большую частку выкрадзеных грошай. Распачата крымінальная справа.
Ацэнка факту завалодання пацярпелым грашыма сужыцелькі будзе дадзена падчас папярэдняга расследавання. Жанчына звярнулася ў міліцыю з заявай.
На той момант яна не падазравала, хто мог узяць грошы.Высветлілася, што гэта сужыцель, якога жанчына выгнала некалькі дзён таму.