Наваполацкія ўлады далі дазвол на сустрэчу толькі ў чацьвер, таму газэты паведаміць пра візыт кандыдата не пасьпелі. Шмат новапалачанаў даведалася пра яго ад сябра ініцыятыўнай групы адзінага, камуніста Вячаслава Крышталёва — ён узяў партыйны мэгафон ды пайшоў па вуліцах, запрашаючы гараджанаў на сустрэчу. Але поўная заля гарадзкога палацу культуры не сабралася, прысутнічала 500 чалавек.

Сустрэча ў Наваполацку пачалася з паўгадзінным спазьненьнем, Мілінкевіч затрымаўся ў Віцебску. Спачатку адзіны выклаў асноўныя палажэньні перадвыбарчай праграмы. Заля падтрымлівала свайго кандыдата гучнымі аплядысмэнтамі. У залі было шмат студэнцкай моладзі.

У Полацку мерапрыемства атрымалася больш гарачым. Нават вэртыкальны «Полацкі веснік» даў абвестку пра сустрэчу. Праводзілі яе ў гарадзкім Палацы культуры з заляй на 270 месцаў — людзі стаялі ў праходах. Варта зазначыць, што рэпрэсіўныя захады, якія пракаціліся па Полаччыне напярэдадні візыту Мілінкевіча, дасягнулі свайго — на сустрэчы не было паловы мясцовых грамадзкіх актывістаў. Людзі баяцца згубіць працу. Найбольш актыўна падтрымку кандыдату дэманстравалі прадпрымальнікі.

На сустрэчу прыйшла прадстаўнічая дэлегацыя старых і цяперашніх выканкамаўскіх работнікаў, якія занялі два першыя шэрагі. Калі справа дайшла да пытаньяў, яны дружна заатакавалі госьця хатнімі нарыхтоўкамі. Мілінкевіч пасьля двух сустрэчаў выглядаў стомленым, але пытаньні апанэнтаў не ігнараваў — адказваў на самыя бязглуздыя. Выбіць яго з каляіны не ўдалося.

Большасьць прысутных палачанаў ставілася да кандыдата зь вялікай сымпатыяй, не аднойчы заля рэагавала на словы Мілінкевіча гучнымі аплядысмэнтамі.

Сустрэча скончылася позна ўвечары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?