У траўні ў Сьмілавічах плянуюць адкрыць музэй Хаіма Суціна, ягонае палатно прададзенае за рэкордны кошт, на ягонай радзіме спалілі мусульманскую сьвятыню.

Два тыдні таму сьвет абляцела вестка, што чарговы аўкцыён Sotheby’s у Лёндане скончыўся чарговай сэнсацыяй: палатно нашага земляка, Хаіма Суціна, «Партрэт мужчыны ў чырвоным шаліку» прададзены за рэкордныя грошы — $ 17,2 млн. Але ня гэта было галоўнай неспадзяванкаю. Непараўнальна меншыя сумы далі пакупнікі за клясыкаў францускага імпрэсіянізма Агюста Рэнуара, Эдгара Дэга, Клёда Моне.

Гэтак менавіта нечуваны разрыў у кошце карцінаў стварыў сапраўдную сэнсацыю. Аднак сэнсацыі, за усімі выдаткамі, цягнуць за сабою ўвагу да асобы. Ці гэта якая прэмія ці месца ў конкурсе – сьвятло славы шчасьліва можа выхапіць зь невядомасьці творцу. Пытаньне толькі ў тым, як распарадзіцца гэтай славаю?

Пытаньне толькі ў тым, як распарадзіцца славаю Суціна?

У сэрцы Беларусі, у Сьмілавічах, пра дапамозе Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА ў Беларусі на радзіме слыннага мастака Хаіма Суціна, у траўні мае адкрыцца ягоны музэй. Музэй плянуюць разьмесьціць у адным з пакояў шыкоўнага палацу Манюшкаў‑Ваньковічаў, дзе цяпер месьціцца Аграрны каледж. У экспазыцыі «Прастора Хаіма Суціна» плянуецца адрадзіць колішні сьвет мястэчка, у якім нарадзіўся сусьветна вядомы жывапісец. А ў кавярні, што плянуецца стварыць тутсама, аздоба будзе ў духу Парыжу 1920‑х, з рэпрадукцыямі палотнаў мастака й рэчамі стогадовае даўніны.. І, як для нашай краіны, гэта ня меншая сэнсацыя за вынікі лёнданскага аўкцыёну.

Сапраўдны дом, у якім жыла сям’я Суцінаў, зпалымнеў падчас апошняе вайны. Цяпер той пляц забудаваны. Але на старасьвецкіх жыдоўскіх могілках захаваліся пахаваньні ягоных родных. Між тым, у Беларусі яшчэ жыве пляменьніца славутага мастака. Таму шанцы прыўласьціць яшчэ адно бліскучае імя ў Беларусі ёсьць. Што праўда, ці наўрад сам Хаім Суцін, мог бы сабе ўявіць, што прысьвечаны яму музэй будзе месьціцца ў шыкоўным палацы нашых арыстакратаў. Арганізатарамі музэйнае экспазыцыі й кавярні ў Сьмілавічах выступаюць ініцыятыўная група «па стварэньні ўстойлівага разьвіцьця Сьмілавічаў» ды Цэнтар візуальных мастацтваў і мэдыў Дзяржаўнага інстытуту кіраваньня й сацыяльных тэхналёгіяў Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсітэту.

Пра тое, што гэты палац зьвязаны зь радамі Агінскіх, Манюшкаў, Ваньковічаў, імёнамі мастакоў Язэпа Пешкі й Напалеона Орды, паэтаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, арганізатары нідзе не згадалі.

Прыгожы палац быў збудаваны ў модным на пачатку XIX ст. стылі неаготыкі з выкарыстаньнем старжытных муроў замку Агінскіх. Дзьве ягоныя сьпічастыя вежы нібы рэхам паўтаралі абрысы шыкоўнага тутэйшага касьцёлу пры калегіюме місыянераў. Адначасна каля яго быў створаны парк. Зараз пра яго нагадваюць адно старадаўнія ліпавыя прысады. Паўз іх сьцяжына йдзе да пекнага берагу Волмы, над якім ўздыбіліся старжытныя замкавыя равы. Новы палац быў аддадзены пад калекцыі карцінаў, бібліятэку, архівы Агінскіх, Манюшак, Ваньковічаў. У «старым» корпусе былі бальная заля, більярдная і спальныя пакоі. Засталіся ў больш‑менш прыдатным стане рэшты «новага корпусу», хоць і ў панявечаным выглядзе – дабудаваны нягеглы тамбур пры ўваходзе, вокны заменены на сучасныя суцэльнашкляныя. Раней перад палацам быў шыкоўны батанічны сад выбітным батанікам Андрэем Сьнядэцкім. Зараз большая частка колішняга саду брутальна занятая гмахам «Завочнага сельскагаспадарчага каледжа».

Хаім Суцін быў дзясятым дзіцём у надзвычай беднай сям’і гэбрайскага шаўца. Ня маючы грошай на праезд, ён пешкі хадзіў да Менска, дзе й атрымаў сваю першую навуку... У 1907, ва ўзросьце 14 гадоў Суцін змушаны быў працаваць. Яму пашэнціла знайсьці месца памочніка рэтушора ў фотатэлье. Паўгалоднае, паўжабрачае дзяцінства запала ў ягоную душу назаўжды. Апроч шыкоўнага замку з палацам, выдатнага калегіюма з касьцёлам, цэркваў, сынагогаў і мячэту, была ў Сьмілавічах і вялікая пажарная каланча, што спрыс была размаляваная й распісаная пажарная каланча. На яе ўзьбіраліся ці ня ўсе тутэйшыя хлапчукі – беларусы, гэбраі, татары. Зь яе яны бачылі ўсё старадаўняе мястэчка. А тое, што хавалася за смугою далягляду, за сінім полем і чорным лесам, уяўлялася небясьпечным і недасягальным.

Ад колішняе велічы і хараства Сьмілавічаў часоў Суціна засталіся адны магілы

Тутсама, у родных Сьмілавічах, Хаіма, які краў спакаваля ў бацькоўскай хаце ўсё, на што можна было прыдбаць каляровыя алоўкі, фарбы ці паперу, жорстка зьбілі. Не за крадзеж. А за тое, што ён наважыўся быў намаляваць самога рабіна. Цемрашалы сыны сьвятара зьбілі падлетка да паўсьмерці. Каб залагодзіць справу, рабін змушаны аплаціць выправу па навуку ў Вільню. Далі дваццаць пяць рублёў. Гэтак коштам уласнае крыві Хаім Суцін станавіўся мастаком. Не выпадкова той чырвоны, крывавы колер абавязкова сачыцца з усіх ягоных палотнаў.

У вайну згарэла славутая пажарная каланча, яшчэ да вайны былі разрабаваныя ўсе сьмілавіцкія сьвятыні, а вялізарны палац доўгі час быў Домам творчасьці для пісьменьнікаў. Па вайне тут была зусім іншая гісторыя. Ад колішняе велічы й хараства, у якіх вырас Хаім Суцін, сёньня тут блізу нічога няма. Апроч магілаў…

На пачатку лютага са Сьмілавічаў прыйшла яшчэ адна вестка, што ў іншых бы краёх была бы першай сэнсацыяй – пры нявысьветленых абставінах згарэў вядомы тутэйшы мячэт. Стары драўляны будынак ў 1997 г. быў абмураваны. Грошы на будаўніцтва мячэту фундавала сястра караля Кувэйту, Нурыя... Тадысама быў пастаўлены й гожы мінарэт. Цяжка паверыць што пажар у бажніцы выпадковасьць. Цяпер закурэлыя сьцены спаленай мусульманскае бажніцы, руіны некалі шыкоўнага палацавага комплексу ды ўзоры калгаснага будаўніцтва маюць сузіраць наведнікі «парыскае» кавярні на радзіме гэніяльнага мастака. Будзе над чым падумаць і Нацыянальнай камісыі па справах ЮНЕСКА і Цэнтру візуальных мастацтваў і мэдыў Дзяржаўнга інстытуту кіраваньня й сацыяльных тэхналёгіяў Беларускга дзяржаўнага ўнівэрсытэту… Зрэшты й гасьцям таксама.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?