Чорная кніга (Zwartboek)
Нідэрлянды – Вялікабрытанія – Нямеччына, 2006, каляровы, 135 хв.
Рэжысэр: Паўль Вэрхувэн
Ролі выконваюць: Карыс ван Хутэн, Сэбастыян Кох, Том Хофман, Халіна Рэйн, Вальдэмар Кобус, Дэрэк дэ Лінт, Крыстыян Бэркель
Жанр: Ваенны трымценьнік, прыгоды
Адзнака: 7,5 (з 10)
Прызы Нідэрляндзікіх кінафэстаў, намінацыі на “Залатога ільва” на МКФ у Вэнэцыі, намінацыі на прэмію “BAFTA“.
Рахель Сэйн – габрэйка. Калі гінуць ейныя бацькі, Рахель далучаецца да галяндзкага супраціву. Яна фарбуецца ў бляндынку – і мусіць увайсьці ў давер да высокапастаўленага эсэсаўца.
Як і раньніх стужках Вэрхувэна (“Чацьвёрты мужчына”, “Цела+кроў”), менавіта “цела” адрозьнівае хлусьню ад праўды. Рахель ванітуе ад гестапаўца – які забіў ейных бацькоў. Юр да эсэсаўца – даводзіць ворага да антыфашызму. А нечыстоты, што выліваюць на гераіню – ёсьць знакам надыходнае здрады.
Вэрхувэн у сваім характэрным стылі зьмешвае эратычнае й ваеннае. Замест фалясу – пісталет, пацалунак – знак кансьпірацыі. Шматразовыя пераўвасабленьні герояў наўмысна правакацыйныя. Эсэсавец становіцца гуманістам, герой вайны – марадзёрам, а растрэлам пасьля перамогі камандуе... зацяты нацыст.
Але іранічна-скандальныя акцэнты – прыкмета вэрхувэнаўскай рэжысуры. Кабарэтныя нумары са свастыкай, аголеныя грудзі, труна для кантрабанды. Пры гэтым рэжысэр ня зьдзекваецца са сьвятога: ён распавядае сур'ёзную гісторыю часоў акупацыі ў захапляльнай форме – і на сваёй, галяндзкай мове.
Фільм дэманстраваўся ў фармаце “4х4”. Сэансы ў “Перамозе”:
20 і 21 лютага а 21.10;
22, 23 і 25 лютага а 18.30;
24 лютага а 15.50, 21.10