У 2011 годзе не было зарэгістравана ніводнага грамадскага аб’яднання праваабарончай скіраванасці або арганізацыі, якая ставіць перад сабой мэту дэмакратычных перамен у краіне.
Пра гэта 23 студзеня ў Мінску на прэзентацыі агляду «Свабода асацыяцый і прававое становішча няўрадавых арганізацый у Беларусі» паведаміла дырэктар установы «Цэнтр прававой трансфармацыі» Вольга Смалянка.

Так, паводле яе слоў, у 2011 годзе было адмоўлена ў рэгістрацыі такім грамадскім арганізацыям, як «Беларускае аб’яднанне літвінаў», «Аб’яднанне ўкраінцаў горада Баранавічы «Кобзар», маладзёжнае грамадскае аб’яднанне «Маладыя дэмакраты», рэспубліканскае маладзёжнае аб’яднанне «Праваабарончы цэнтр «Альтэрнатыва-плюс».

Як адзначыў на прэзентацыі агляду юрыст незарэгістраванай Асамблеі недзяржаўных дэмакратычных аб’яднанняў Юрый Чавусаў, улады «вельмі выбарачна» падыходзяць да рэгістрацыі НДА. «З аднаго боку, яны рэгіструюць грамадскія аб’яднанні спартыўнай скіраванасці. Спартыўныя аб’яднанні, аб’яднанні фанатаў, хакейныя, футбольныя асацыяцыі, асацыяцыі спартыўнага покера… Толькі за 2011 год былі зарэгістраваны тры маладзёжныя арганізацыі ўсходніх адзінаборстваў „Сэнкё“. Усё гэта дае магчымасць уладам гаварыць аб развіцці трэцяга сектара ў Беларусі. На самой жа справе гэта клубы па інтарэсах, а не трэці сектар», — заявіў Чавусаў.

Вольга Смалянка звярнула ўвагу на той факт, што за апошнія 10 гадоў у Беларусі не было зарэгістравана ніводнай палітычнай партыі. «Мы ведаем, што аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя“ ўжо чацвёрты раз падае дакументы на рэгістрацыю. Больш за тое — двойчы БХД падавала на рэгістрацыю як грамадскае аб’яднанне. Цяпер я не думаю, што БХД зарэгіструюць. Працэс рэгістрацыі пакуль прыпынены», — сказала яна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?