«Кааліцыя шасці» ўзгадніла пазіцыі адносна ўдзелу ў парламенцкай выбарчай кампаніі 2012 года, паведаміў намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Леў Марголін.

Кансультацыі прайшлі ў Мінску 23 студзеня. У іх узялі ўдзел прадстаўнікі АГП, Партыі БНФ, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», руху «За Свабоду» і грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!».

Паводле слоў Марголіна, «кааліцыя шасці» лічыць, што «выбараў у Беларусі няма, і няма ніякіх намёкаў, што яны могуць быць праведзены ў адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі».

Абавязковай умовай правядзення дэмакратычных выбараў, а таксама легалізацыі ўлады пазіцыйныя структуры лічаць вызваленне палітзняволеных.

«Кааліцыя шасці» разглядае парламенцкія выбары ў якасці «шырокай палітычнай кампаніі», адзначыў Марголін. «Мы павінны прыкласці намаганні, каб выкарыстаць яе па максімуме. Прычым кампанія павінна ўключаць не толькі парламенцкія выбары самі па сабе, але і дзеянні па кансалідацыі насельніцтва вакол прыхільнікаў перамен, прапагандзе сярод выбаршчыкаў палітычнай альтэрнатывы цяперашняму рэжыму», — падкрэсліў палітык.

Каб вызначыць, якія канкрэтна дзеянні трэба рэалізаваць падчас кампаніі,

«кааліцыя шасці» мае намер правесці шырокую грамадскую дыскусію з прыцягненнем экспертаў.
Паводле слоў Марголіна, дыскусія не будзе зацягвацца: на канкрэтныя рашэнні плануецца выйсці на працягу максімум двух месяцаў. Пры неабходнасці не выключана правядзенне кангрэсу дэмакратычных сіл, які зацвердзіць адзіную пазіцыю.

Марголін падкрэсліў: для «кааліцыі шасці» «не існуе пытання, удзельнічаць у выбарах ці не». «Байкот — гэта адна з форм удзелу, якая прадугледжвае вылучэнне прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, правядзенне назірання за выбарамі, а таксама, магчыма, і вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты», — патлумачыў палітык.

Намеснік старшыні АГП лічыць, што да парламенцкіх выбараў застаецца дастаткова часу, каб «дакладна сфармуляваць усе падыходы, прад’явіць уладам умовы ўдзелу апазіцыі ў выбарах, а таксама даць ім час адрэагаваць на гэтыя ўмовы».

Найбліжэйшым часам праект дакумента, тэкст якога быў узгоднены сёння, падпішуць лідары арганізацый, што ўваходзяць у «кааліцыю шасці».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?