Меркаванні6262

Куды вядуць санкцыі ЕС?

Палітолаг Дзяніс Мельянцоў: з санкцыямі пара сканчаць.

23 студзеня Рада ЕС прыняла рашэнне пашырыць крытэры выкарыстання персанальных санкцыяў адносна Беларусі.
Верагодна, у бліжэйшым будучым «чорны спіс» Еўрасаюза істотна пабольшае. Гэткім чынам Еўрапейскі саюз адказаў на пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і на факт наяўнасці палітычных зняволеных у краіне.

Разам з тым эфектыўнасць такіх мер Еўрасаюза выклікае вялікія сумненні.
За 15 год санкцыяў сітуацыя не толькі не палепшала, але працягвае пагаршацца. На пашырэнне абмежавальных мер з боку Захаду Мінск адказвае ўзмацненнем рэпрэсіяў і антызаходняй рыторыкай. Ізаляцыя з боку ЕС вядзе да ўсё большага збліжэння Беларусі з Расіяй. Разам з тым, усё больш беларускіх і заходніх экспертаў падкрэсліваюць, што для лібералізацыі краіны патрэбны дыялог і супрацоўніцтва з Еўрасаюзам, а не санкцыі і ізаляцыя.

Ці працуюць санкцыі ўвогуле?

У навуковай мове санкцыямі лічыцца ўсталяваная міжнародным правам мера адказнасці (мера прымусовага характару) за тое або іншае міжнародна-прававое дзеянне дзяржавы, якая накладаецца міжнароднай міжурадавай арганізацыяй. Санкцыі (эмбарга, байкот тавараў і інш.) накладаюцца з дазволу Арганізацыі Аб’яднаных нацыяў на краіны, якія парушілі міжнароднае права і ўтвараюць сваімі дзеяннямі пагрозу міжнароднай бяспецы.

Зыходзячы з гэтага,

меры, што ўжываюцца Еўрапейскім саюзам да Беларусі, могуць называцца санкцыямі толькі ўмоўна.
Гэта, хутчэй, абмежавальная мера, скіраваная на краіну, што дазваляе сабе непажаданыя дзеянні з пункту гледжання ЕС. Наколькі такія меры эфектыўныя?

Паводле меркавання шматлікіх даследчыкаў, міжнародныя санкцыі рэдка даюць пажаданы эфект.
У дакладзе Генеральнага сакратара ААН аб працы арганізацыі ў 2000 годзе адзначаецца: «санкцыі не заўсёды прыносяць аднолькавыя вынікі ў плане пабуджэння да выканання рэзалюцыяў ААН, і ў апошнія гады іх эфектыўнасць усё часцей ставіцца пад сумнеў» .

Найбольш значаная праблема, звязаная з ужываннем маштабных міжнародных эканамічных санкцыяў, палягае ў нанясенні «спадарожнай шкоды» мірнаму насельніцтву краіны
і парушэнні эканамічных, сацыяльных і іншых правоў чалавека. Наступствам больш чым дзесяцігадовага эканамічнага байкоту Ірака сталася значнае пагаршэнне жыцця мірных грамадзян, недахоп медычнага абсталявання і ўзрастанне дзіцячай смяротнасці. Да таго ж эканамічныя санкцыі вядуць да непазбежнага фармавання чорнага рынку і атрымання велізарных прыбыткаў групоўкамі, што яго кантралююць.

Больш за тое, улады часта нават атрымліваюць выгоду ад гэтых санкцыяў, бо яны кантралююць чорны рынак і атрымліваюць прыбытак, а таксама санкцыі даюць ім нагоду для ліквідацыі ўнутранай палітычнай апазіцыі».
Прыклады Паўночнай Карэі, Ірана і Кубы таксама яскрава дэманструюць «эфектыўнасць» эканамічных санкцыяў, уведзеных Захадам. Дзякуй богу, пакуль Беларусі не даводзіцца адчуваць на сабе эфект паўнамаштабных эканамічных санкцыяў, але частка апазіцыйных сілаў працягвае агучваць гэткія суіцыдальныя (у першую чаргу для сябе) заклікі.

Што ЕС робіць не так?

Калі эканамічныя санкцыі не працуюць, дык што ўжо й казаць пра візавыя абмежаванні. Яны дзейнічаюць у адносінах вышэйшага беларускага кіраўніцтва з 2004 года з перапынкам у 2008–2011, але пакуль што не далі вынікаў, якія ЕС хацеў бы атрымаць ад гэтай меры.

Да гэтай пары эксперты спрачаюцца, што стала галоўнай прычынай вызвалення Аляксандра Казуліна ў 2008 годзе: эканамічныя санкцыі ЗША ці супадзенне па часе прапановаў ЕС (Усходняе Парнтёрства і макраэканамічная дапамога) і агрэсіўных дзеянняў Масквы (вайна ў Грузіі).
Але візавыя санкцыі як верагодную прычыну пераменаў у паводзінах Лукашэнкі ніхто нават і не прыгадвае.

Сапраўды, ці могуць абмежаванні на ўезд у ЕС і замарожванне рахункаў быць мадыфікатарам унутранай палітыкі ўрада? Наўпроставы эфект візавых санкцыяў малаадчувальны:
беларускія чыноўнікі асабліва па Еўропе не раз’язджаюць, а адпачываць можна і ў Турцыі з Егіптам, або ў Крыме, ўлічваючы цяперашнія эканамічныя цяжкасці. І нават працы ў міжнародных арганізацыях гэтыя санкцыі не перешкаджаюць.

Гэта зусім нядаўна паказаў на сваім прыкладзе неўязны міністр унутраных спраў Куляшоў, які наведаў штаб-кватэру Інтэрполу ў францускім Ліёне.

Таму, каму вельмі патрэбна, усё адно выедуць: або пад прыкрыццём міжнароднага імунітэту (як у выпадку Куляшова), або па пашпартах на іншую асобу (спецслужбы такое часта практыкуюць).
Што датычыць сімвалічнага ўздзеяння візавых санкцыяў, то яны яшчэ менш відавочныя. Наадварот, для многіх беларускіх чыноўнікаў лічыцца ганаровым патрапіць у чорны спіс ЕС, бо гэта сведчанне найвышэйшай лаяльнасці беларускаму прэзідэнту і сістэме ўвогуле. Візавай забаронай іх не напужаеш.

Варта таксама падкрэсліць непразрыстасць фармавання спісу асобаў, што патрапляюць пад санкцыі. Часта гэта прыводзіць да кур’ёзных памылак, як, напрыклад, уключэнне ў «чорны спіс» нябожчыка. Прынцып складання гэтага спісу таксама застаецца незразумелым.

«Кропкавыя санкцыі» супраць асобных прадпрыемстваў, якія, на думку еўрапейскіх палітыкаў, фінансуюць рэжым Лукашэнкі, таксама выклікаюць шмат пытанняў.
Чаму менавіта гэтыя прадпрыемствы, а не іншыя? Дзе доказы, што менавіта яны даюць грошы на рэпрэсіўныя захады кіраўніцтва Беларусі? Чаму Лукашэнка не можа замест Пефціева выкарыстаць любыя іншыя крыніцы фінансавання? Выглядае так, што санкцыі ўводзяцца выключна дзеля санкцыяў і не базуюцца на аналізе сітуацыі і агульнай стратэгіі ўздзеяння.

Паўнавартасныя санкцыі нерэальныя.

Еўрапейскі саюз не можа ўвесці сапраўдныя поўнамаштабныя эканамічныя санкцыі (эмбарга, байкот тавараў, замарозка ўсіх рахункаў) па некалькіх прычынах:

1. Для ўвядзення санкцыяў мусяць быць вельмі важкія падставы:
краіна, супраць якой уводзяцца санкцыі, мусіць парушаць міжнароднае права, ставіць пад пагрозу міжнародны мір і бяспеку. Беларусь пад гэтую катэгорыю не патрапляе. Яна паслядоўна прытрымліваецца міжнародных рэжымаў у сферы бяспекі, не мае тэрытарыяльных прэтэнзіяў да суседзяў і нават у 2010 годзе дамовілася з ЗША пра ліквідацыю запасаў высокаўзбагачанага урану. Канечне, з дэмакратыяй у Беларусі сур’ёзныя праблемы, але сітуацыя і блізка не параўнальная з тым, што адбываецца, напрыклад, у Сірыі.

2. Некаторыя краіны ЕС маюць з Беларуссю інтэнсіўныя эканамічныя адносіны,
і іх бізнэс можа пацярпець ад увядзення санкцыяў. Суседнія з Беларуссю краіны-сябры ЕС жадалі б падтрымліваць добрасуседскія адносіны з Мінскам і таму яны наўрад ці прагаласуюць за санкцыі. А пры прыняцці гэтага рашэння будзе неабходнае адзінагалоссе ў Радзе ЕС.

3. У Брусэлі цудоўна разумеюць, што нават калі эканамічныя санкцыі будуць уведзеныя, яны не будуць мець жаданага эфекту з-за Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП),
куды ўваходзіць Беларусь. Іншымі словамі, Расія ніколі не дапусціць, каб яе вайскова-палітычны саюзнік панёс страты ад эканамічнай блакады з боку ЕС ці каго-небудзь яшчэ.

4. Ёсць таксама разуменне таго, што эканамічныя санкцыі ўрэшце адаб’юцца на ўзроўні жыцця насельніцтва
краіны пры мінімальным уздзеянні на кіроўную эліту. А гэта ніякім чынам не будзе спрыяць дэмакратызацыі ўнутрыпалітычнага жыцця.

Такім чынам, у арсенале Еўрапейскага саюза застаюцца меры ўздзеяння, збольшага сімвалічнага характару, якія, па сутнасці, з’яўляюцца паўмерамі,
бо знаходзяцца недзе паміж сапраўднымі санкцыямі і бяздзейнасцю.

А паўмеры горшыя за бяздзейнасць.

Паўмеры хутчэй шкодзяць, чым спрыяюць выпраўленню беларускага кіраўніцтва.

Візавыя санкцыі і палітыка ізаляцыі прыводзяць да разбурэння сувязяў паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, у выніку чаго ЕС губляе апошнія рычагі ўплыву на сітуацыю і адсякае каналы паступлення інфармацыі; а беларуская эліта ўсё менш разумее сваіх еўрапейскіх калег і ўспрымае гэтыя дзеянні як варожыя і небяспечныя.

Кропкавыя санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў адпужваюць заходніх інвестараў, у выніку чаго выйграе расійскі капітал і расійскі «кіруючы тандэм». Адсутнасць супрацы з Захадам спрыяе узмацненню рэпрэсіўных практык і яшчэ большай кансалідацыі рэжыму, што апраўдваецца пагрозай з боку варожых заходніх краін, што «плятуць змовы супраць суверэннай Беларусі». У выніку палітыка ізаляцыі замест дэмакратызацыі прывяла да таго, што Беларусь была выштурхнутая ў моцныя абдымкі Расіі, з якіх не так проста будзе выбірацца.

Але што зрабіць для лібералізацыі Беларусі, калі дзейсныя санкцыі немагчымыя, паўмеры шкодзяць, а ўлады не ідуць на саступкі?

Супрацоўніцтва сёння — самая моцная санкцыя.

Як гэта ні парадаксальна, але найлепшым сродкам у дадзеных умовах з’яўляецца пашырэнне супрацоўніцтва з Беларуссю ўва ўсіх сферах. Адказам на закрытасць і недавер з боку Мінска мусіць быць нарошчванне Брусэлем супрацоўніцтва і камунікацыі на самых розных узроўнях грамадства.

Кантакты з рэфармісцкі скіраванай бюракратыяй паспрыяюць яе сацыялізацыі, азнаямленню з еўрапейскімі стандартамі працы і паводзінаў, зменшаць ступень варожасці і будуць сродкам пабудовы даверу.
Мэсідж чынавенству вельмі важны, бо ён запэўнівае, што ЕС можа стаць сур’ёзным міжнародным партнёрам, а не толькі структурай, што высоўвае палітычныя патрабаванні і фінансуе апазіцыю.
Беларусь мусіць як мага хутчэй падключыцца да Балонскага працэсу. Праграмы адукацыйных абменаў, стажыровак і стыпендыяў для беларускіх студэнтаў трэба пашырыць.
Большую падтрымку мусяць атрымаць арганізацыі грамадзянскай супольнасці, якія паступова, марудна, але няўхільна змяняюць грамадства знізу.

Шырокі спектр грамадства мусіць зразумець, што Еўрапейскі саюз не адгароджваецца ад Беларусі, што ён з’яўляецца прыязным суседам, гатовым дапамагчы ў цяжкую часіну. Найлепшым чынам гэта можа зрабіць праз адмену Шэнгенскіх візаў для беларусаў. Параўнанне ўзроўняў жыцця ў Беларусі і ў ЕС цяпер як ніколі важнае для еўрапейскага выбару беларусаў і небяспечнае для дзяржаўнай прапаганды.

Інвеставанне еўрапейскага бізнэсу ў Беларусь прынясе прыбытак не толькі еўрапейскім фірмам, але і паспрыяе мадэрнізацыі Беларусі, дыверсіфікацыі яе эканомікі, запаволіць нарастаючую залежнасць ад Расіі.

Усё вышэй сказанае не адмяняе важнасці і неабходнасці вызвалення палітычных зняволеных. Але, як паказала гісторыя, вязняў вызваляюць не санкцыі, а дыялог.
Як прыклад, узгадаем сустрэчы Лукашэнкі з нямецкім амбасадарам Вайсам у 2008, з Саланам у 2009 і з Младэнавым у 2011. Нармалізацыя адносінаў з ЕС і пацяпленне ўнутрыпалітычнага клімату сталі вынікам гэтых сустрэчаў і перамоваў, а не гадоў ізаляцыі і санкцыяў.

* * *

Дзяніс Мельянцоў — аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS).

Каментары62

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Ізраільскі авіяўдар перарваў эфір дзяржтэлерадыё Ірана. Штаб-кватэра ТБ знішчаная ВІДЭА32

Ізраільскі авіяўдар перарваў эфір дзяржтэлерадыё Ірана. Штаб-кватэра ТБ знішчаная ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

П'яны васьмікласнік у Гомелі ў гандлёвым цэнтры біў нагамі супрацоўнікаў міліцыі12

Аўтамабіль пад Мінскам сутыкнуўся адразу з трыма ласямі1

Ад заўтра зноў пачне халадаць2

Каля Сбер банка ў Мінску адкрываюць помнік качцы

На канферэнцыі Reshape 2025 абурыліся «тысячамі канферэнцый», абвінавацілі Ціханоўскую ў дыктатуры і ацанілі вынікі 5 гадоў у эміграцыі28

«Тое, што Ізраіль зрабіў з Іранам, — гэта тое, што Расія хацела зрабіць з Украінай»18

Жанчына злавіла на Прыпяці гіганцкага таўсталобіка. Яго вага — каля 60 кг3

Дзяўчынцы з Польшчы, ахвяраваць грошы якой заклікаў беларус, сабралі патрэбную суму1

Пяць фактаў пра новага прэс-сакратара МЗС, які хамаватасцю косіць пад Марыю Захараву10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ізраільскі авіяўдар перарваў эфір дзяржтэлерадыё Ірана. Штаб-кватэра ТБ знішчаная ВІДЭА32

Ізраільскі авіяўдар перарваў эфір дзяржтэлерадыё Ірана. Штаб-кватэра ТБ знішчаная ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць