Яшчэ адзін неардынарны крок лідэра апазыцыі: ён накіраваў старшыні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ліст, у якім ён запрашае яго «асабіста пераканацца ў тым, што насамрэч адбываецца ў Беларусі» ў найважнейшы ў гісторыі беларускай дзяржаўнасьці дзень.

Прыводзім тут тэкст ліста.

«Паважаны Сп. ван дэр Ліндэн,

Пасля Вашага візіту ў Мінск, які выклікаў шмат спрэчак ды сумневаў, у Беларусі не адбылося значных зменаў. У турмах працягваюць знаходзіцца палітзняволеныя, адбываюцца новыя арышты і суды над апанентамі ўлады, парушаюцца правы грамадзянаў і грамадскіх арганізацыяў.

Тым не менш я згодны з Вашай ацэнкай, што сітуацыя ў краіне і вакол яе дае магчымасць па‑новаму паглядзець на перспектывы яе дэмакратызацыі. Пасля інтэнсіўных кансультацыяў і дыскусіяў з дэмакратычнай грамадскасцю і з улікам агучаных уладамі заяваў пра зацікаўленасць у наладжванні стасункаў з Еўропай я звярнуўся да А.Лукашэнкі з прапановай пачаць дыялог апазіцыі і ўлады.

Лічу, што менавіта такім чынам можна знайсці магчымасці дзеля прадухілення эканамічнага крызісу, абараніць незалежнасць дзяржавы і выпрацаваць стратэгію руху Беларусі шляхам дэмакратызацыі. Толькі ў выпадку дасягненьня згоды паміж уладай і дэмакратычнымі сіламі Беларусі можна пачынаць перамовы з Еўропай па ўсім комлексе палітычных, эканамічных і сацыяльных пытанняў.

У маім звароце да А.Лукашэнкі я прапанаваў уладзе зрабіць першы крок насустрач дэмакратычным сілам 25 Сакавіка гэтага году, у Дзень Волі, найважнейшы дзень у гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Такое ж меркаванне выказала і беларуская грамадскасць.

Думаю, што ў гэты дзень магла б пачацца сур’ёзная размова пра лёс Беларусі з удзелам усіх пластоў грамадства.

Ведаючы пра Вашую цікавасць да нашай краіны і сур’ёзнасць стаўлення ПАРЭ да беларускай праблемы, запрашаю Вас наведаць Беларусь 25 Сакавіка 2007 года і ўзяць удзел у святкаванні Дня Волі. Спадзяюся, што беларускія ўлады зразумеюць важнасць сённяшняга моманту і 25 Сакавіка таксама зробяць крок насустрач беларускай грамадскасці. У кожным выпадку, Вы зможаце асабіста пераканацца ў тым, што насамрэч адбываецца ў Беларусі. Мінулы свой візіт Вы ажыццяўлялі на запрашэнне афіцыйнага беларускага боку. Спадзяюся, што Вы разумееце важнасць візіта на запрашэнне, што зыходзіць ад дэмакратычных сілаў Беларусі.

Хачу запэўніць Вас у шчырасці і сур’ёзнасці нашых намераў.

З павагай,

Аляксандр Мілінкевіч

Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 г.

Лаўрэат Прэміі Еўрапарламента ім. А.Сахарава «За свабоду думкі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?