На студзеньскім канцэрце ў межах праекту «Тузін. Unplugged» гурт BosaeSonca сыграе разам з струнным трыё. Іншыя ўдзельнікі J: Морс таксама рыхтуюць адмысловы сэт, які будзе пасаваць да надзвычай інтымнай атмасфэры. Спэцыяльным госьцем вечарыны будзе сьпявачка Паліна Рэспубліка, прызнаная парталам Tuzin. FM галоўным адкрыцьцём у беларускай музыцы ў 2011 годзе.

Гурт BosaeSonca проста феерычна нагадаў пра сябе на пачатку гэтай зімы праз досыць працяглую паўзу ў чатыры гады. Іх новая кампазіцыя «Зіма» апынулася ў лідэрах чарту, прапусьціўшы наперад толькі песьні «Воплей Відоплясова» і «Ляпіса Трубяцкога». А па выніках сьнежня гэтая кампазіцыя стала яшчэ і самай запатрабаванай песьняй месяца на Tuzin. FM. 30 студзеня гурт выступіць з акустычнай праграмай на «Тузін. Unplugged». Цікава, што да арыгінальнага складу гурта дзеля гэтага выступу далучыцца новыя музыкі: «Мы паставіліся неабыякава да гэтай прапановы, таму вырашылі падрыхтаваць незвычайную праграму пры ўдзеле струннага трыё», — кажа лідэр каманды Алесь Кот-Зайцаў.

Гурт J: Морс для выступу на «Тузін. Unplugged» таксама рыхтуе адмысловую акустычную праграму. «Пры складаньні трэк-ліста мы абавязкова ўлічам тое, што будзем граць у надзвычай інтымнай атмасфэры, калі няма ніякай мяжы паміж публікай і артыстам, — кажа лідэр каманды Ўладзімер Пугач. — Гэта вельмі адказна і няпроста выступаць на такой блізкай адлегласьці, таму наш канцэрт 30-га будзе нагадваць у нечым сьпевы ля вогнішча». Пры гэтым, музыка заўважае, што наўмысна пакідае момант імправізацыі: трэк-ліст на гэты вечар будзе складзены прыблізны і можа зьмяняцца ў залежнасьці ад рэакцыі слухачоў.

Да ўсяго, спэцыяльным госьцем вечарыны будзе Паліна Рэспубліка, прызнаная парталам Tuzin. FM галоўным адкрыцьцём у беларускай музыцы ў 2011 годзе. 17-гадовая сьпявачка сыграе некалькі песень, якія палюбіліся ўжо яе прыхільнікам.

Падчас выступаў гледачы змогуць задаць пытаньні музыкам. Весьці імпрэзу «Тузін. Unplugged» па традыцыі будзе Алег Хаменка, музыкант і нязьменны вядучы радыёвэрсіі гіт-параду «Тузін Гітоў». Да ўсяго, наведнікі канцэрту маюць шанец атрымаць прызы ад сталага партнэра «Тузіна Гітоў» — кампаніі «Будзьма беларусамі».

Канцэрт пачнецца ў 19:00 30 студзеня (панядзелак) у менскім клюбе «Графіці» (зав. Калініна, 16). Кошт квітка — 100 000 руб. Набыць квіткі можна ў клюбе загадзя з 18:00 да 22:00 штодня, акром суботы і нядзелі. Інфалінія: (029) 638-44-44, (033) 638-44-44, skype, google: Diskoteq, ICQ: 531-07-353.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0