— Што вы думаеце наконт пазытыўных сыгналаў, якія дасылае Захаду прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка? Ці ня ёсьць гэта толькі гульнёй у сытуацыі, калі Масква пагражае стабільнасьці ягонага рэжыму?

— Лукашэнка зьмяніў рыторыку, але трэба даваць ацэнку ўчынках: ці прытрымліваецца ён дэмакратычных прынцыпаў і ўлады закону. А тут істотных зьменаў ня бачна. Тое, што ён спрачаўся з Расеяй пра цану на транзыт ды энэргапастаўкі, ня робіць яго дэмакратам.

Не выключаю, што ў Беларусі насьпяваюць вялікія перамены, нават у фундамэнтальных справах, але да таго часу, пакуль мы іх не пабачым, мусім устрымлівацца ад ацэнак.

— У інтэрвію для заходняй прэсы Лукашэнка казаў, што Расея ёсьць пагрозай для Беларусі. Ці мае ён рацыю?

— Мы ніколі не сьцьвярджалі, што праблема Лукашэнкі ёсьць вынікам блізкага суседзтва Беларусі з Расеяй. Справа хутчэй у тым, што дэмакратыя зьяўляецца для яго нечым чужым. Так што мы баімся не ягонай блізкасьці з Расеяй, а таго, што ён не пільнуецца дэмакратыі і правоў чалавека.

— Што можа зрабіць Швэцыя, каб выправіць становішча беларусаў?

— Гэта задача найперш для іх саміх. Мы адчыняем там пасольства, хочам разьвіваць мэдычныя і гаспадарчыя кантакты, повязі між беларускім і заходнім грамадзтвам. Мы размаўляем пра Беларусь з Польшчай, Літвой, Латвіяй, якія таксама цікавяцца сытуацыяй у гэтай краіне. Думаю, мы павінны зьвярнуць увагу Масквы на тое, што Лукашэнка — вялікі клопат таксама і для расейцаў.

— А ці падпісаліся б вы пад сьцьвярджэньнем дзяржсакратакі ЗША Кандалізы Райс пра тое, што Беларусь — гэта апошняя дыктатура ў Эўропе?

— Ну давайце падумаем… Ці ёсьць у Беларусі якія‑небудзь канкурэнты?

— Хіба не.

— Гэта залежыць ад таго, як мы уяўляем межы Эўропы, але хіба так. Рэжым Лукашэнкі — гэта вялікая праблема, і ён шкодзіць разьвіцьцю самой Беларусі.

— Ці падзяляе Швэцыя польскую пазыцыю, што ЭЗ павінен пашырацца на ўсход, далучыць Украіну, Грузію, ну і Беларусь?

— Нядаўна швэдзкі парлямэнт прыняў дэклярацыю пра замежную палітыку. У ёй прапісаная ідэя адкрытасьці да тых краін, якія хочуць увайсьці ў ЭЗ і могуць выканаць умовы сяброўства ў нашым клюбе. Найперш маюцца на ўвазе заходнія Балканы, Турцыя й Украіна.

Украіна вельмі важная эўрапейская дзяржава, і нельга адмаўляць ёй у эўрапейскіх амбіцыях. Відавочна, палітычная сытуацыя там вельмі складаная, але нават зважаючы на гэта Ўкраіна цалкам асэнсаваная, функцыянальная, хоць і неідэальная дэмакратыя.

Таму мы павінны ўзмацняць эўрапейскія памкненьні Ўкраіны, нават калі з пункту гледжаньня эканамічнай і прававой сытуацыі сяброўства гэтай краіны ў ЭЗ справа няблізкая. Мы мусім выразна сказаць, што дзьверы Зьвязу для гэтай краіны адчыненыя. Калі заявім, што дзьверы замкнутыя, Украіна скіруецца да іншых дзьвярэй.

— Да расейскіх?

—Хто ведае, але дакладна не да нашых.

— Дык дзе знаходзіцца апошняя мяжа аб’яднанай Эўропы? На беларуска‑расейскай мяжы?

—У Рымскім трактаце сказана, што краіны ЭЗ мусяць быць дэмакратычнымі, эўрапейскімі і прытрымлівацца супольных правілаў і законаў. Пытаньне, што значыць эўрапейскія? Возьмем Турцыю, якую мы заўсёды разглядалі як частку Эўропы. Расею таксама варта прызнаць эўрапейскай краінай.

— А Грузію?

— Грузіны гэта эўрапейцы, таксама як і расейцы. Бо ад часоў Пушкіна нельга сказаць пра расейцаў «азіяты». Гэта ня значыць, што Расея ўвойдзе ў ЭЗ, яна ж бо таго ня хоча. Але Ўкраіна, Беларусь, Малдова — так. Што да Грузіі і паўднёвага Каўказу, то трэба адкрыць дэбаты на гэтую тэму.

***

Карл Більдт (Carl Bildt) — кіраўнік швэдзкай дыпляматыі. У 1991‑94 быў прэм’ер‑міністрам. У другой палове 90‑х быў спэцыяльным пасланьнікам ЭЗ, а пасьля ААН у краінах былой Югаславіі. У кастрычніку 2006 г. апазыцыя абвінаваціла Більдта ў справавых сувязях з «Газпромам», які будуе разам зь немцамі паўночны газаправод. Більдт удзельнічаў у назіральнай радзе інвэстыцыйнага фонду «Восток Нафта», каля 91% партфэля фонду — гэта ўдзел у «Газпроме». Сам Більдт таксама валодаў значным пакетам акцый у «Восток Нафце», і дзякуючы раней набытаму прывілею меў права льготнай пакупкі чарговага пакету. Калі гэтая інфармацыя сталася вядомай, Більдт прадаў расейскія акцыі.

Фота bildt.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?