За паўгода працы «Мара» заняла 20,2% беларускага рынку.

За паўгода працы «Мара» заняла 20,2% беларускага рынку.

Сяргей Левін з піва перайшоў на парашкі. Ізноў з унікальным поспехам.

Сяргей Левін з піва перайшоў на парашкі. Ізноў з унікальным поспехам.

Фабрыка «Сонца», якая выпускае парашок, пабудаваная не ў Мінску, а ў Асіповічах.

Фабрыка «Сонца», якая выпускае парашок, пабудаваная не ў Мінску, а ў Асіповічах.

Сваю ролю ў поспеху адыграў крызіс, праз які замежныя тавары падаражэлі ўтрая.

Сваю ролю ў поспеху адыграў крызіс, праз які замежныя тавары падаражэлі ўтрая.

На Беларусь разлічана серыя «Мара», на рынак ЕС - даражэйшы парашок April.

На Беларусь разлічана серыя «Мара», на рынак ЕС - даражэйшы парашок April.

Пральны парашок «Мара» можна назваць адным з самых паспяховых бізнэс­-праектаў 2011 года.
Высокі даход ён прынёс не толькі свайму ўладальніку, бізнэсоўцу Сяргею Левіну. Гісторыю прадпрыемства зможа выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах і дзяржава. Сапраўды, узорная карцінка для замежных інвестараў — 30-мільённы праект здолеў хутка заняць месца на супернасычаным рынку. У дадатак, фабрыка «Сонца», якая выпускае парашок, пабудаваная не ў Мінску, а ў Асіповічах, што даказвае — прыбытковую справу можна весці і на перыферыі.
А для грамадства пазітыўным знакам будзе перадусім запамінальная рэкламная кампанія, якая была праведзена цалкам па-беларуску
і з прыцягненнем зорак айчыннага шоу­бізнэсу. Значыцца, няварта баяцца «беларускамоўнасці» свайго тавару. Дарэчы, неўзабаве на экранах з’явяцца новыя героі, абяцае кіраўніцтва «Сонца».

Тавар на перапродаж

Сярод беларускіх прадпры­мальнікаў Сяргей Левін вылучаецца тым, што надзвычай лёгка развітваецца з адным бізнэсам і пачынае новы.
Прычым кожны раз угода па продажы атрымліваецца надзвычай выгаднай.
Першым такім прыкладам была піваварная кампанія «Сябар».
Мадэрнізаваўшы Бабруйскі кансервавы завод, ён праз тры гады прадаў яго і брэнд піва «Баброў» канцэрну Heineken. Пазбыўшыся ў 2007 годзе піўных актываў, Левін шчыльна заняўся безалкагольнымі напоямі. Ягонае прадпрыемства «Старая крэпасць» выпускала сокі і нектары «Сочны» і Exotic. Адваяваўшы вялікую долю беларускага рынку ва ўкраінскіх кампаніяў, бізнэсоўца ў пачатку 2011 года выйшаў з праекта, каб заваяваць новы рынак, цяпер — бытавой хіміі.

Беларускія грошы з Кіпра

«Мару» нельга назваць праектам выключна Сяргея Левіна.
Заснавальнікам фабрыкі «Сонца» з’яўляецца кіпрская кампанія Lebortovo Capital Partners Ltd, акцыянерамі якой з’яўляюцца і літоўскія бізнэсоўцы.

На будаўніцтва трэба было знайсці $30 мільёнаў, чвэрць грошай былі гатовыя даць Міжнародная фінансавая карпарацыя і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця. Аднак Нацбанк заблакаваў іх дапамогу, растлумачыўшы, што прадухіляе легалізацыю злачынных даходаў. У выніку каля 5 мільёнаў еўра пазычыў «Прыёрбанк».

Цікава, што спачатку планавалася выкарыстоўваць назву «Свабода», аднак пасля замест яе абралі «Сонца».

Сяргей Левін заяўляў, што быў гатовы замест будаўніцтва новага прадпрыемства ўкласці тыя ж грошы ў баранавіцкі «Бархім». Але падчас перамоваў з уладамі, па словах Левіна, яму было адмоўлена на ўсіх узроўнях. Неўзабаве «Бархім» выставілі на аўкцыён па меншай цане.

Крызіс у дапамогу

«За паўгода працы на рынку «Мара» заняла 20,2% беларускага рынку, калі лічыць у грошах, і 22,5% — у тонах.
Гэта падлікі кампаніі Nielsen, зробленыя ў лістападзе-снежні 2011 года», — кажа дырэктар па маркетынгу Іна Васілевіч. Раней больш за 70% продажаў у Беларусі мелі заходнія Procter & Gamble і Henkel, якія прадавалі свой прадукт пад дзясяткам брэндаў — Tide, Ariel, Persil і іншыя. З айчынных вытворцаў быў прадстаўлены толькі «Бархім», які, аднак, папулярнасцю не карыстаўся.

Калі ж гаварыць непасрэдна пра брэнды, то «Мара» ўжо заняла першае месца ў рэйтынгу продажаў. Вядома ж,

сваю ролю ў поспеху айчыннага парашку адыграў крызіс, праз які замежныя тавары падаражэлі ўтрая.
І хоць у «Сонца» імпартная сыравіна таксама складае 85% ад канчатковай прадукцыі, айчынны прадукт дазваляе захаваць параўнальна невысокія цэны.

Што да паставак за мяжу, то праца толькі наладжваецца. «Мы ўжо прадаём «Мару» ва Украіне. Што датычыцца Еўрасаюза, то кантракт амаль падпісаны і ў найбліжэйшы час пачнуцца пастаўкі ў Прыбалтыку, — адзначае Іна Васілевіч. —

Восенню «Сонца» пачало выпуск больш дарагога парашку — April.
Але кампанія выпускае не толькі парашкі.
У снежні 2011-га з’явіліся сродкі для мыцця посуду і вадкае мыла, таксама пад брэндам «Мара».
Дадатковы аб’ём інвестыцый у вытворчасць склаў 3 мільёны еўра».

Пошук патэнцыялу

Тым часам Сяргей Левін рыхтуецца да запуску новых праектаў.
У пачатку года ён пакінуў пасаду кіраўніка прадстаўніцтва інвестыцыйнага банка «Рэнесанс Капітал» у Беларусі. Гэта ўстанова мелася стаць пасярэднікам паміж дзяржавай і прыватным сектарам у прыцягненні грошай у краіну.
Цяпер ён засноўвае фонд «Сябар Капітал», які будзе займацца інвестыцыямі ў непублічныя кампаніі, якія яшчэ не паспелі раскруціцца і падаражэць.

* * *

Сяргей Левін нарадзіўся ў 1970 г. у Крупках.
Скончыў Сувораўскую вучэльню і Ленінградскую вышэйшую ваенную вучэльню. У бізнэсе з 1994 года.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?