Мінскія ўлады вырашылі ўпрыгожыць горад помнікамі, прысвечанымі розным гістарычным падзеям і асобам. Спіс выкладзены на сайце гарвыканкама, кожны можа пазнаёміцца з ім і нават прагаласаваць, ці то за першага мінскага князя Глеба, ці то за Пятра Машэрава... Галоўнае ж месца адведзена мемарыяльнай кампазіцыі «1000¬годдзе беларускай дзяржаўнасці», пералічаны нават дзеячы, якія ўсталёўвалі гэту дзяржаўнасць, — ад Усяслава Чара­дзея да Івана Шамякіна ды многіх іншых... Паколькі кожнаму з гэтага велізарнага спіса надаць выгляд помніка немагчыма, прапануецца стварыць нейкі абагульнены, збіральны вобраз, які «позволит создать в столице значимый познавательный туристический объект...».

Такі вось «план манументальнай прапаганды»...

Не ведаю, як суаднясецца з гэтым планам камень, які паўстагоддзя таму ўсталявалі на невялічкай плошчы ля Заходняга моста.

Узвышалася на гэтай плошчы, за зялёным, здаецца, плотам, драўляная цэркаўка. Хлопчыкам я заходзіў у гэту цэркаўку, душа замірала ад песнапенняў ды таямнічай раскошы...

Потым царкву знеслі. А на плошчу прывезлі камень.

Праходу да кветніка, дзе хаваецца камень, цяпер няма. Ухіляючыся ад аўто, я ўсё ж дабраўся да яго, прачытаў ледзь бачныя літары: «Здесь будет установлен памятник Александру Мясникову, видному деятелю Коммунистической партии».

Будзе ўсталяваны...

Вось і скажыце цяпер, што ў будучыні няма мінулага.

А ў мінулага будучыня ёсць?

Я адказаў бы, што ёсць, каб не тая цэркаўка.

Ды не цёмныя вокны.

Я ўбачыў іх зусім выпадкова, калі ў чаканні зялёнага святлафора на праспекце Незалежнасці немаведама чаму ўзняў вочы ўгору. Зіхацелі ліхтары, бруілася падсвечанае паветра... Толькі не свяцілася цёплым хатнім агеньчыкам аніводнае акно ў дамах па абодва бакі праспекта, праўда, чамусьці на двух ці трох апошніх паверхах...

З таго даволі даўняга часу кожны раз, калі позна ўвечары рухаюся ўздоўж праспекта, я гляджу на тыя вокны.

Але святла там няма.

Чаму так? Хто ведае. У мяне сваё тлумачэнне: жыхары ці сышлі ў нябыт, ці кудысьці далёка з’ехалі... Рыэлтары гавораць, што лепшыя кватэры ў цэнтры скупляюць заможныя расіяне. Але самі тут не жывуць, чакаюць, пакуль іх цана наблізіцца да цаны кватэр за маскоўскімі вокнамі...

Няма пераліку тых, хто ў розныя часы па розных разбуральных абставінах знік з твару мінскай зямлі, пакінуўшы пасля сябе цёмныя вокны...

...Не ведаю, ці галасавала за які-небудзь помнік са звышзгаданага спіса жанчына сярэдняга ўзросту, у старамодных акулярах, падобна, настаўніца, якую я сустрэў ў завулку, дзе яшчэ месцяцца польскае пасольства і Дом літаратараў. Рыпеў у паваротах высачэзны кран, аднекуль з вышыні сыпаліся іскры зваркі...

«Вось бачыце, — сказала жанчына. — Ужо сюды дабраліся... А такі прыгожы домік стаяў, сад... Я на Бранявым жыву, тут недалёка. Дык ужо і да нас прыходзілі, пойдзем, мусіць, пад знос...»

Так, я ведаў гэты «домік», дзе доўгі час існаваў Саюз журналістаў, а да таго хтосьці жыў.

Але і гэты домік напаткаў трагічны лёс знікнення з твару мінскай зямлі...

Зніклі з твару мінскай зямлі старыя дрэвы Цэнтральнага дзіцячага парку. І маладзейшыя дрэвы іншага парку, аддадзенага кітайцам пад будаўніцтва гатэля «Пекін»...Знікла з твару мінскай зямлі старадаўняя электрастанцыя, якая асвятляла ацалеўшыя мінскія вокны пасля вайны... Няма пераліку таго, што ў розныя часы знікла і зараз знікае з твару мінскай зямлі. Няма больш спрадвечнага Горада. Ёсць толькі месца, дзе ён калісьці быў...

Што ж, скажа нехта, ідзе час, старое саступае новаму, сучаснаму.

Магчыма, і так.

Але якая смяротная хада ў гэтага «новага, сучаснага»! Як руйнуе яно тое, што не паспелі зруйнаваць вайна і бальшавіцкая навалач! Як нахабна шчэміцца паміж тым, што яшчэ засталося, надаючы яму выгляд фальшывай дэкарацыі ў марным спадзяванні на незлічоных замежных турыстаў...

І тут няма розніцы, ідэалогія рухае разбуральнікамі ці камерцыйны разлік.

...Калі б у мяне сапраўды спыталі, якога помніка не хапае роднаму гораду, я адказаў бы: Мінскаму Старажылу.

Чалавеку... Доміку... Дрэву...

Такі вось атрымліваецца збіральны вобраз.

Але каму ж яшчэ ставіць помнікі, як не таму, хто зусім знік?..

Глядзець таксама:

Сяргей Ваганаў. Наменклатурнае паліто

Сяргей Ваганаў. Пераходны перыяд

Сяргей Ваганаў. Мосцік над вечнасцю

Сяргей Ваганаў. Калгасная праўда

Сяргей Ваганаў. Божы дар і яечня, ці Правадыр на раялі

Сяргей Ваганаў. Вайна пад дахамі, альбо Кампот з восеньскіх дзіячак

Сяргей Ваганаў. Доўгі доўг

Сяргей Ваганаў. Суддзя Стук і пракурор Стук

Сяргей Ваганаў. Разруб, ці Візітоўка ад Расіі.

Сяргей Ваганаў. З нагоды ўзнагароды

Сяргей Ваганаў. Кроў лялькі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?