Афіцыйная беларуская лацінка, распрацаваная Акадэміяй Навук у 2009 годзе.
Сучасная беларуская лацінка, як яна ўжывалася ў публікацыях перыяду 1990-х — 2000-х гадоў.
Афіцыйны варыянт лацінкі быў распрацаваны тапанімічнай камісіяй пры Акадэміі навук у 2009 годзе.
Распрацаваны ў НАН варыянт адрозніваецца ад таго, што быў прапанаваны колісь Вацлавам Іваноўскім. У першую чаргу адсутнасцю літары «Ł». Яе замяніла «L», а для змякчэння яе, як і для змякчэння іншых літараў, прапануецца выкарыстоўваць «і».
З іншых новаўвядзенняў – з’явіўся апостраф. Ён ставіцца ўсюды, дзе стаіць мяккі знак ці апостраф у акадэмічным кірылічным правапіск. Прычым літара «j» захавалася і функцыя апострафа не да канца зразумелая.
Гісторык Анатоль Сідарэвіч лічыць, што новы варыянт беларускай лацінкі цалкам прымальны.
«Толькі што апостраф дарма дадалі, ды літары «G» не хапае для правільнай перадачы гучання замежных уласных імёнаў», – зазначыў гісторык. А.Сідарэвіч таксама лічыць, што варыянт, прапанаваны НАН, набліжае беларускую лацінку да наркамаўкі.
Мовазнаўца Зміцер Саўка адзначыў у размове з «НН», што вяртанне беларускай лацінкі ва ўжытак – справа неабходная. «Гэты працэс варта падтрымліваць. Лацінка перспектыўная. Яна ў нечым далучае нас да Еўропы. Пашыраючы сферу прымянення беларускай лацінкі мы выходзім з-пад культурнага ўплыву Расіі.
Добра, што дзяржава пайшла на прававое замацаванне статусу нашай лацінкі. Гэта вельмі разумны крок. Тым больш, што яе плануецца выкарыстоўваць не толькі для перадачы геаграфічных назваў. Той беларуска-англійскі варыянт, што зараз выкарыстоўваецца у нашых пашпартах – гэта пачварная трасянка» – мяркуе ён.
Нягледзячы на сваю непаслядоўнасць, варыянт лацінкі, распрацаваны тапанімічнай камісіяй, варты павагі. Ягоная перавага ў тым, што яго лёгка засвоіць людзям са школьнымі ведамі беларускай мовы.
Больш падрабязную інфармацыю аб розных варыянтах беларускай лацінкі можна знайсці тут.