Сёньня ў Міляне праваабарончая асацыяцыя «Сябры дзяцей» правяла першыя публічныя дэбаты, прысьвечаныя лёсу Вікі Мароз ды іншых беларускіх сіротаў, якім, паводле ўдзельнікаў імпрэзы, адмоўлена ў праве на сям’ю. У рамках дэбатаў адбылася прэзэнтацыя кнігі «Марыя і дзеці разладу. Выпадак у Кагалета».

У сёньняшніх дэбатах у Міляне ўзялі ўдзел прадстаўнікі шырокіх колаў італьянскай грамадзкасьці — юрысты, унівэрсытэцкія выкладчыкі, псыхолягі, журналісты, сем’і, якія дагэтуль штогоду прымалі ў сябе дома беларускіх дзяцей‑сірот.

Усе яны згодныя: драматычная гісторыя Вікі Мароз, пра якую апавядаюць аўтары новай кнігі, не адзінкавая, галоўным на сёньня пытаньнем ёсьць наступнае: «Што трэба зрабіць, каб гэтыя няшчасныя дзеці‑сіроты не зьяўляліся надалей падставай для міждзяржаўнага разладу?»

У часе імпрэзы прадстаўнікі італьянскіх сем’яў выказалі занепакоенасьць, што беларускія сіроты ў выніку рашэньня ўладаў зноў не прыедуць — цяпер ужо на велікодныя вакацыі.

«Мы ўсе некалькі месяцаў шмат гаварылі пра беларускую дзяўчынку, аднак рэальна так нічога і не зрабілі, — заявіў прэзыдэнт асацыяцыі «Сябры дзяцей» Марка Графіні. — Сёньняшнімі дэбатамі мы хочам прыцягнуць увагу да парушэньня права беларускіх сірот жыць у сям’і».

Тым часам Генуэскі суд у справах непаўналетніх на атрыманае ад беларускай амбасады ў Рыме даручэньне — правесьці дасьледаваньне італьянскіх паказаньняў Вікі Мароз — адрэагаваў словамі «Гэта варта ўвагі». Пра гэта піша італьянская «Рэпубліка».

Раней перадавалі, што сьцьвярджэньні беларускай дзяўчынкі пра гвалт над ёй на радзіме яна зрабіла нібыта паводле падказкі сям’і Джуста — Барначын, каб застацца ў іх у Італіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?