Будаўніцтва заводаў па перапрацоўцы адходаў плануецца пачаць у 2007 годзе ў Гомелі, Магілёве, Мінску і Брэсце. Сродкі на гэтыя мэты выдзелены з дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага фонду арганізацыі збору (нарыхтоўкі) і выкарыстання адходаў у якасці другаснай сыравіны згодна з указам прэзідэнта Беларусі ад 20 лютага нумар 93, які вызначае напрамкі і памеры іх выкарыстання ў бягучым годзе, паведамілі БЕЛТА у прэс‑службе кіраўніка дзяржавы.
Законам «Аб бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2007 год» даходы фонду ўстаноўлены ў памеры Br20 млрд.
У бягучым годзе сродкі фонду будуць выкарыстаны па 8 асноўных напрамках. У іх ліку выкананне эксперыментальных, доследных і праектных работ, звязаных са зборам (нарыхтоўкай) і выкарыстаннем адходаў, рэалізацыя інвестыцыйных праектаў, выкананне праграм абыходжання з адходамі, павелічэнне аб’ёмаў нарыхтовак другаснай сыравіны.
Частка сродкаў будзе накіравана на развіццё матэрыяльна‑тэхнічнай базы арганізацый, якія ажыццяўляюць дзейнасць па абыходжанню з адходамі, і іх аснашчэнне нарыхтоўчымі пунктамі і кантэйнерамі для раздзельнага збору другаснай сыравіны, сартавальнымі лініямі, перасовачнымі прыёмнымі пунктамі, спецаўтатранспартам, вертыкальнымі і канальнымі прэсамі.
За кошт сродкаў фонду будуць таксама пакрывацца затраты арганізацыям Мінжылкамгаса, Белкаапсаюза, дзяржаўнага гандлёва‑вытворчага аб’яднання «Белрэсурсы» і іншым арганізацыям на правядзенне раздзельнага збору другаснай сыравіны.