З наступнага навучальнага году можа быць адмененае вывучэньне беларускай мовы на нефілялягічных факультэтах ВНУ. Такую інфармацыю атрымала «НН». Абавязковае вывучэньне роднай мовы ў гуманітарным курсе ВНУ — апошні здабытак беларусізацыі 90-х, які захаваўся да нашых дзён. Па камэнтар мы зьвярнуліся ў Міністэрства адукацыі.

Міністэрскія чыноўнікі з управы вышэйшай і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі простага адказу на пытаньне не даюць. Начальніца аддзелу вышэйшай адукацыі Галіна Хацешава кажа, што «адбываецца перагляд курсу гуманітарных і грамадзкіх навук» у ВНУ: «Згодна з заданьнем прэзыдэнта, гэты курс будзе скарочаны, але на колькі гадзін, на якія прадметы — пакуль невядома. Яшчэ толькі распрацоўваюцца праекты».

Ня ўнесла яснасьці й кіраўніца сэктару выкладаньня грамадазнаўчых дысцыплінаў Надзея Ганушчанка: «Пакуль што мы карыстаемся нарматывамі, зацьверджанымі ў 1999 г. Наконт праектаў нічога сказаць не магу, бо праекты могуць мяняцца. Дарэчы, той праект, пра які згадвалі вы, таксама нядаўна быў зьменены».

Значыць, рашэньне аб выдаленьні мовы з унівэрсытэцкага курсу яшчэ не прынятае. Але калі такі дакумэнт і прымуць, мы даведаемся пра яго толькі постфактум. Ні пра якое публічнае абмеркаваньне няма гаворкі, калі ёсьць «заданьне» самага шматпрофільнага спэцыяліста краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?