Ірына Халіп, жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, не верыць у версію МУС адносна прашэння аб памілаванні, якое накіраваў на імя Лукашэнкі яе муж.

Каментуючы учарашнюю заяву прадстаўніка МУС аб тым, што прашэнне аб памілаванні Саннікаў напісаў не 20 лістапада, як ён сам паведаміў ёй, а 23 снежня, Халіп сказала:

«Улады не хацелі, каб аб напісанні прашэння стала вядома раней. Таму і прыдумалі 23 снежня, бо напярэдадні маёй прэс-канферэнцыі фактычна закончыўся тэрмін, калі папера магла паступіць у адміністрацыю прэзідэнта».

Жонка палітыка падкрэсліла: дату напісання прашэння — 20 лістапада — Саннікаў назваў ёй падчас перамоў праз шкло ў пакоі для спатканняў у калоніі «Віцьба-3» 24 студзеня.

Халіп зноў заявіла, што задача ўлады «не проста выбіць з палітзняволеных паперкі» з просьбай аб памілаванні, а «знішчыць іх фізічна».

«У іншым выпадку Лукашэнка на прэс-канферэнцыі 23 снежня размахваў бы гэтымі паперкамі, заяўляючы, што яго просяць аб памілаванні»,
 — перакананая жонка Саннікава.

Нагадаем, на ўчарашняй прэс-канферэнцыі Халіп паведаміла, што яе муж пад уздзеяннем катаванняў напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі яшчэ 20 лістапада мінулага года, знаходзячыся на перасылцы ў магілёўскай турме.

Яе словы абверглі ў МУС. Прадстаўнік міністэрства паведаміў, што прашэнне аб памілаванні на імя прэзідэнта Саннікаў падаў не 20 лістапада, а 23 снежня. Згодна з працэдурай, хадайніцтва аб памілаванні асуджаны падае праз адміністрацыю папраўчай установы, дзе адбывае пакаранне.

Адміністрацыя, у сваю чаргу, на працягу месяца павінна накіраваць хадайніцтва на разгляд прэзідэнта.
У МУС сцвярджаюць, што хадайніцтва Саннікава было накіравана адміністрацыяй калоніі «Віцьба-3», дзе ён зараз утрымліваецца, у аддзел па пытаннях грамадзянства і памілавання Адміністрацыі прэзідэнта 23 студзеня, роўна праз месяц пасля таго, як было напісана.
У Адміністрацыі прэзідэнта сітуацыю з прашэннем не каментуюць.

Як паведамлялася раней, 27 студзеня з Саннікавым мае намер сустрэцца яго адвакат. Паводле вынікаў гэтай паездкі сваякі палітыка будуць планаваць далейшыя дзеянні па яго ратаванні.

Андрэй Саннікаў асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 года. Адбываць пакаранне палітык павінен быў у папраўчай калоніі Наваполацка (Віцебская вобласць), аднак потым яго неаднаразова этапавалі ў іншыя ўстановы. З 8 лістапада па 20 студзеня экс-кандыдата ў прэзідэнты трымалі ў поўнай ізаляцыі — да яго не дапускалі ні сваякоў, ні адвакатаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?