Салігорскія ўлады ўжо некалькі год запар укараняюць практыку ўшчыльнення гарадской забудовы. Замест школьных стадыёнаў, дваравых дзіцячых пляцовак і аўтапарковак з’яўляюцца новыя панэльныя шматпавярховікі ды аб’екты гандлю.

Плануючы ўзвядзенне новых аб’ектаў, з самімі гараджанамі, натуральна, ніхто не раіцца. Жыхары дамоў 3а і 5а, што на праспекце Міру ў Салігорску, з такой палітыкай не пагадзіліся і ўступлі ў адкрытую барацьбу з уладамі і бізнесам супраць будаўніцтва гандлёвага павільёна ў двары іх дому.

З’яўленне першых будаўнікоў два тыдні таму выклікала самую негатыўную рэакцыю насельнікаў бліжэйшых шматпавярховікаў.

Каля сарака чалавек выйшлі на вуліцу і пачалі наўпрост перашкаджаць будаўнічым працам.
Прыезд замоўцы, які яшчэ год назад набыў на аўкцыёне гэты кавалак зямлі ды ўзгадніў праект будаўніцтва з Салігорскім выканкамам, сітуацыю не вырашыў.
Усе далейшыя спробы правядзення падрадных працаў сканчваліся фактычна фізічным супрацьстаяннем - жыхары літаральна аблівалі будаўнікоў кіпнем з вокнаў сваіх кватэр.

У выніку салігорцы сабралі подпісы супраць будаўніцтва ды накіравалі іх у мясцовы выканкам. У мінулую пятніцу адбылася сустрэча намесніцы старшыні Салігорскага райвыканкама Ірыны Зубарэвіч з жыхарамі ўзбунтаваных дамоў. Вынікам сустрэчы стала рашэнне аб спыненні будаўніцтва гандлёвага павільёна ў дадзеным месцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?