Саша Ладычына ў віцебскай абласной дзіцячай бальніцы лечыцца ўжо тыдзень. Дактары абнадзейваюць яе маму: аперацыя прайшла паспяхова, усе пальцы на правай руцэ рухаюцца, працэс аднаўлення ідзе. Саша вучыцца граць на скрыпцы, таму цалкам аднавіць усе функцыі кісці для яе асабліва важна. У бальніцы Саша апынулася пасля таго, як на яе ў двары напаў суседскі ратвейлер.

— Яна так страшна закрычала, што я не пазнала голас свайго дзіцяці! — успамінае Марына Ладычына, маці Сашы. — Я была дома, пачула крык, падумала: «Што магло здарыцца, што дзіця так крычыць?» Саша крычала: «Мама!», «Дапамажыце!».

У двары ў гэты час было некалькі чалавек. І толькі адзін мужчына, Аляксандр Шаляпнёў, кінуўся на дапамогу дзяўчынцы.
Астатнія з асцярогай назіралі здалёк, як ратвейлер грызе дзяўчынку, заціснуўшы ў пашчы яе руку.
Гаспадыня сабакі спрабавала адцягнуць яго, але нічога не магла зрабіць — жанчына даволі мініяцюрнай камплекцыі з магутным сабакам проста фізічна не дала б рады.
Аляксандр Шаляпнёў адбіў дзіця ў сабакі шуфляй, якой перад гэтым расчышчаў снег каля свайго аўтамабіля. З цяжкасцю расціснуў сківіцы сабакі. Адвёў скрываўленую і перапалоханую дзяўчынку дадому, а потым, пасля таго як іншы сусед, медык Віктар Валавік, аказаў ёй першую дапамогу, адвёз на сваёй машыне ў бальніцу.
— Саша не рабіла нічога, што магло б справакаваць сабаку!
Не крычала, не размахвала рукамі, нічым не кідалася, — лічыць Марына Ладычына. — Яна проста ішла дадому. Там у снезе пратаптаныя вузенькая сцяжынка, і Саша глядзела пад ногі, каб не спатыкнуцца. Як мне казалі сведкі, жанчына з ратвейлерам спынілася на сцежцы, каб пагаварыць са сваёй знаёмай.
Яна яшчэ, кажуць, знаёмай, якая была з дзіцем, крыкнула: «Не падыходзь да мяне, бо я з сабакам!» — і размаўляла з ёй на адлегласці.

Саша заўважыла ратвейлера, толькі калі падышла ўшчыльную да сабакі. Сабака кінуўся на дзяўчынку. Саша паспела толькі прыкрыць твар рукой. У руку сабака і ўчапіўся.

Гаспадары ратвейлера прымчалі ў траўмапункт адразу ж услед за Сашай і яе мамай. Прывезлі даведкі, што сабака прышчэплены ад шаленства, нейкія граматы.

Расказвалі, што сабака для іх — як член сям’і, вельмі прасілі, каб Марына не настойвала на ўсыпленні.
Заяву ў міліцыю яна напісала, і з гаспадарамі ратвейлера будуць разбірацца праваахоўныя органы.

— Летась у дзіцячы траўмапункт са скаргамі на ўкусы жывёл звярталіся 237 дзяцей, — кажа намеснік галоўнага ўрача віцебскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Ірына Юнес. — Толькі трое былі ўкушаныя дзікімі жывёламі, астатнія траўмы — на сумленні хатніх гадаванцаў.

Праект Закона аб абыходжанні з жывёламі цяпер знаходзіцца на разглядзе ў парламенце. Нагадаем, што да праекту прыкладзены спіс патэнцыйна небяспечных парод сабак, якіх у выпадку прыняцця закона будзе забаронена трымаць у кватэры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?