«Белдзяржхарчпрам» прапанаваў украінскай кампаніі «Абалонь» наладзіць ліцэнзійную вытворчасць піва ў Беларусі, паведаміў на прэс-канферэнцыі 27 студзеня ў Мінску старшыня канцэрна Іван Данчанка.

Паводле яго слоў, прапанавана арганізаваць вытворчасць на базе існых магутнасцяў беларускіх прадпрыемстваў.

Данчанка нагадаў, што ў 2010 годзе было праведзена антыдэмпінгавае расследаванне адносна імпартнага піва з Украіны. Было прынята рашэнне аб ліцэнзаванні. «Мы з „Абалонню“ і іншымі ўкраінскімі вытворцамі ўзгадняем узровень цэн. Былі праведзены перамовы. Мы бяром за базіс цэны на піва „Крыніца“. Гэтыя цэны павінны быць прыкладна роўнымі, нават імпартнае піва павінна быць даражэйшым на 10–15%. Узровень цэн на 2012 год зафіксаваны. Пагадненне падпісана», — сказаў Данчанка.

У студзені-лістападзе 2011 года імпарт піва з Украіны склаў 947,7 тыс. дал (на 78% менш).

Данчанка паведаміў, што ў цэлым доля імпартнага піва на беларускім рынку знізілася з 30% у 2010 годзе да 24% у 2011 годзе. «Гэта яшчэ дастаткова высокая доля. Але пераломлена тэндэнцыя росту долі, якая даходзіла да 33%. Папярэдняя пяцігодка была пяцігодкай стварэння магутнасцяў піўной галіны, цяпер ідзе іх асваенне і выцісканне з рынку імпартнага піва. Продаж беларускага піва ў 2011 годзе павялічыўся на 18%», — адзначыў Данчанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?