27 студзеня адбылося афіцыйнае адкрыццё праекта «Нясвіж — культурная сталіца Беларусі 2012 года», паведаміла прэс-сакратар Міністэрства культуры Ганна Смольская.

Нясвіж стаў трэцім горадам, які атрымаў ганаровы статус культурнай сталіцы Беларусі. У 2011 годзе культурнай сталіцай Беларусі быў Гомель, у 2010 годзе — Полацк. Фінансавую і арганізацыйную падтрымку праекта ажыццяўляюць Міністэрства культуры, Мінскі абласны выканаўчы камітэт, Нясвіжскі райвыканкам, спонсары і мецэнаты.

Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця была падпісана праграма культурных падзей года і ўручаны сертыфікат і сімвал культурнай сталіцы Беларусі.

Галоўнай падзеяй акцыі «Нясвіж — культурная сталіца Беларусі 2012 года» стане афіцыйнае адкрыццё палацавага ансамбля Радзівілаў XVI–XVIII стагоддзяў.

На працягу года ў Нясвіжы будуць прадстаўлены лепшыя творчыя праекты краіны. Запланаваны цыклы канцэртаў беларускай старадаўняй музыкі, канцэрты ўдзельнікаў міжнародных фестываляў «Уладзімір Співакоў запрашае…» і Юрыя Башмета, опернага і балетнага мастацтва «Вечары Вялікага тэатра ў Нясвіжскім палацы Радзівілаў».

Адбудуцца XVII свята мастацтваў «Музы Нясвіжа» з удзелам Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, Ноч музеяў у Нясвіжскім палацы Радзівілаў, канцэрт з цыкла «Залатая калекцыя беларускай песні» і інш.

Упершыню ў краіне пройдзе форум прафесійных тэатраў «Тэатр Уршулі Радзівіл» з паказам спектакляў, звязаных з гісторыяй роду Радзівілаў.

Таксама ўпершыню адбудзецца міжнародны семінар ЮНЕСКА «Аб’екты сусветнай спадчыны: зберажэнне і выкарыстанне ў мэтах устойлівага развіцця» з удзелам вядучых экспертаў у сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны з розных краін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?