Паколькі ў Беларусі выбараў, па сутнасці, няма, значыць і байкатаваць няма чаго. Такое меркаванне выказаў у інтэрв'ю БелаПАН адзіны кандыдат у прэзідэнты ад дэмсіл на выбарах 2006 года, лідар руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, які наведаў Магілёў з нагоды святкавання 435-й гадавіны атрымання горадам Магдэбургскага права.

«Выбараў няма, ніхто сумленна не лічыць галасы. Улада будзе прызначаць, гэта відавочна, новы парламент. Байкот у такім выкананні, што «мы на вашы агідныя выбары не пойдзем», цяжка рэалізаваць», — лічыць палітык.

Паводле яго меркавання, для таго каб такі байкот быў эфектыўным, спатрэбіцца вялікая колькасць людзей, якія распаўсюджваюць інфармацыю пра яго, што на практыцы цяжка рэалізаваць.

Паводле слоў Мілінкевіча, яму бліжэй іншая пазіцыя — актыўны ўдзел дэмсіл у выбарчых працэдурах.

«Каб быў грамадскі дыялог, дыялог з людзьмі, — растлумачыў палітык. — Да людзей трэба давесці больш інфармацыі аб тым, што адбываецца, чаму ў краіне крызіс, чаму гэта ўлада не мае перспектыў. Але паколькі ёсць палітзняволеныя, я б зняўся перад самым галасаваннем».

Ацэньваючы палітычную сітуацыю, Мілінкевіч заявіў, што «ўлада жыве ва ўмовах жорсткага крызісу, які сама ж пераважна і справакавала», а таксама ва ўмовах «наступстваў падзей 19 снежня 2010 года». «Рэпрэсіі ўзмацняюцца, таму што ўлады так і не навучыліся кіраваць краінай без страху, без дубінкі», — лічыць экс-кандыдат у прэзідэнты.

Паводле яго меркавання, на сітуацыю ў Беларусі могуць паўплываць міжнародныя санкцыі — «дыпламатычныя, палітычныя, вельмі шырокія візавыя і кропкавыя эканамічныя». «Але я супраць шырокіх эканамічных санкцый, — падкрэсліў Мілінкевіч.
— Мала калі яны змянілі лад на дэмакратычны». Акрамя таго, лічыць палітык, шырокія эканамічныя санкцыі могуць паменшыць прадэмакратычныя і праеўрапейскія настроі ў грамадстве.

Каментуючы апошнія падзеі вакол кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава, які, як высветлілася на мінулым тыдні, звярнуўся да Лукашэнкі з прашэннем аб памілаванні, Мілінкевіч заявіў: Саннікаў — вельмі мужны чалавек, моцны палітык. «Я хацеў бы, каб ён хутчэй быў на волі і працаваў на Беларусь», — сказаў лідар руху «За Свабоду».

Мілінкевіч назваў цяперашнюю сітуацыю момантам вялікай адказнасці.

«Для нас важна зрабіць краіну свабоднай і захаваць Беларусь, яна перад пагрозай знікнення. Можа адбыцца эканамічная анексія з боку Расіі, гэта відавочна — у Расіі ёсць такія імперскія настроі.
Нам важна, каб мы былі суверэннай краінай», — падкрэсліў экс-кандыдат у прэзідэнты.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?