Санкцыі і аднабаковыя рэзалюцыі ў дачыненні да Беларусі заводзяць сітуацыю ў тупік, заявіў намеснік міністра замежных спраў Расіі Рыгор Карасін 30 студзеня ў Мінску, адказваючы на пытанні журналістаў.

У прыватнасці, каментуючы нядаўнюю рэзалюцыю па Беларусі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, Карасін падкрэсліў: «Расія і яе дыпламаты заўсёды гавораць усім нашым заходнім партнёрам, што палітыка санкцый заводзіць сітуацыю ў тупік. Мы прыхільнікі таго, каб кантакты працягваліся, каб усе праблемы вырашаліся ў духу адкрытасці і транспарэнтнасці. Такой пазіцыі мы будзем прытрымлівацца і далей».

На думку Расіі, адзначыў Карасін, Беларусь павінна быць прадстаўлена на ўсіх форумах і мець магчымасць самастойна адстойваць сваю пазіцыю.

Адказваючы на ўдакладняльнае пытанне, ці азначае гэта, што Расія не бачыць праблем у сферы выканання правоў чалавека ў Беларусі, Карасін сказаў:

«Вы ведаеце нашу пазіцыю адносна падзей 19 снежня, мы пра гэта шчыра і ў голас заявілі. У нас ёсць пытанні наконт гэтага, але мы лічым, што ўсе гэтыя праблемы павінны вырашацца ў дыялогу».

Былы пасол Беларусі ў Расіі Васіль Далгалёў адзначыў, што на Захадзе «да нас простыя людзі і бізнесмены добра ставяцца». «Вы паглядзіце, колькі ў нас створана СП, — сказаў Далгалёў. — Праблема ў тым, што нам Еўропа спрабуе навязаць сваю пазіцыю. Але ў любой краіне можна знайсці незадаволеных уладай. Праблемы ёсць у любой краіны, а падкрэсліваць іх, здзекавацца, спрабаваць заціснуць — гэта контрпрадуктыўна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?