30 студзеня рада Руху «За Свабоду» прыняла рэзалюцыю аб фармаце ўдзелу ў палітычнай кампаніі выбараў 2012 года.

Рух «За Свабоду» не будзе вылучаць сваіх кандыдатаў, але гатовы падтрымаць кампаніі тых, якія падзяляюць мэты і каштоўнасці руху «За Свабоду».

Разам з тым Рух «За Свабоду» звяртаецца да ўсіх кандыдатаў ад дэмсілаў з прапановай зняць свае кандыдатуры перад пачаткам галасавання, калі ў краіне будуць палітвязні, а практыка прымянення выбарчага заканадаўства істотна не палепшае.

У рашэнні рады адзначаецца, што «ў Беларусі не існуе паўнавартаснага заканадаўчага органа», улады «праводзяць палітыку неканстытуцыйнага абмежавання грамадзянскіх правоў і свабодаў», а таксама «адмаўляюцца дэмакратызаваць выбарчае заканадаўства і практыку яго прымянення». Таксама ў Беларусі ёсць палітвязні, працягваецца «вельмі небяспечная палітыка самаізаляцыі».

Рада руху «За Свабоду» лічыць, што галоўная мэта ўдзелу ў палітычнай кампаніі выбараў у Палату прадстаўнікоў 2012 года — гэта «прадстаўленне альтэрнатывы сённяшняму рэжыму і павелічэнне падтрымкі дэмакратычных сілаў шырокім грамадствам».

«Найбольш дзейны механізм дасягнення такой мэты — інфармацыйна-агітацыйныя кампаніі кандыдатаў, якія могуць карыстаць з магчымасці кантактавання з людзьмі, пікетавання, выступлення ў дзяржаўных СМІ і данясення сваёй пазіцыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?