Меркаванні198198

Рымашэўскі сарваў падпісанне пагаднення аб адзінстве дзеянняў апазіцыі

І атрымаў падсрачнік ад Фядуты.

Лябедзька, Мілінкевіч, Някляеў, Янукевіч былі гатовыя падпісаць пагадненне аб адзінстве дзеянняў апазіцыі ў часе «выбараў» у палату прадстаўнікоў.
Прапаноўваўся прымальны для ўсіх варыянт-мінімум: калі ўлады не вызваляюць палітвязняў, кандыдаты ад апазіцыі знімаюцца з выбараў.

Калякін, які спачатку быў за ўдзел у выбарах, пагадзіўся далучыцца да пазіцыі большасці.
Чакалася, што сёння лідары кааліцыі абвесцяць пра падпісанне дэкларацыі «Аб грамадскай дыскусіі пра мэты і формы ўдзелу беларускай апазіцыі ў выбарах 2012 года». Спецыяльна для гэтага на 12.00 была склікана прэс-канферэнцыя.

Аднак нечакана падпісанне пагаднення сарваў Віталь Рымашэўскі з Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.
Афіцыйнай падставай для непадпісання стала тое, што Рымашэўскага запозна пазнаёмілі з тэкстам дакумента. Як заявіў журналістам Рымашэўскі, тэкст дэкларацыі быў падрыхтаваны рухам «За свабоду», але ўзгоднены не з усімі ўдзельнікамі кааліцыі. Як піша агенцтва «Інтэрфакс», «ён адмовіўся патлумачыць, у чым заключаецца прынцыповае разыходжанне варыянтаў дэкларацыі».

Нарада доўжылася прыкладна паўгадзіны.

Як стала вядома, пазіцыя Рымашэўскага настолькі раззлавала Аляксандра Фядуту з «Гавары праўду», што той даў яму выспятка. «З развароту», — перадаюць пікантныя дэталі відавочцы інцыдэнта.
Няма сумневу, што гэтыя маляўнічыя дэталі прыцягнуць увагу СМІ.

У кааліцыю «шасці» ўваходзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП), Партыя БНФ, Беларуская партыя левых «Справядлівы свет», аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД), Рух «За свабоду» і грамадзянская кампанія «Гавары праўду!».

Намеснік старшыні Руху за Свабоду Юрый Губарэвіч кажа, што менавіта гэты тэкст раней абмяркоўваўся на пасяджэннях кааліцыі.
У выніковым варыянце, паводле яго слоў, сталі больш ясна прапісаны палажэнні аб умовах, што вылучаюцца ўладам, а таксама аб зняцці кандыдатаў у дэпутаты перад датэрміновым галасаваннем. Як падкрэсліў Губарэвіч, дэкларацыю сёння гатовы былі падпісаць усе ўдзельнікі кааліцыі, апрача БХД.

Губарэвіч сказаў у размове з «Нашай Нівай», што сітуацыя нагадвае вылучэнне адзінага кандыдата ад Беларускага незалежніцкага блока ў 2010 годзе.
Тады таксама БХД урэшце заблакавала працэдуру.

Лідар АГП Анатоль Лябедзька больш аптымістычны. Ён паведаміў, што ўдзельнікі кааліцыі паспрабуюць правесці новы раунд перамоваў і ўсё-такі ўзгадніць тэкст.

Як вынікае з дэкларацыі, тэкст якой быў раздадзены журналістам,

удзельнікі кааліцыі зыходзяць з таго, што ў краіне адсутнічае легітымны механізм выбараў.

«Права на выбар заменена яго імітацыяй, а сам электаральны працэс ператварыўся ў фарс, прычым дзяржава нават не лічыць неабходным гэта хаваць. Дэмакратычныя сілы гатовы да сумленнай барацьбы за дэпутацкія мандаты, але на сапраўдных свабодных выбарах», — гаворыцца ў дакуменце.

Разам з тым удзельнікі кааліцыі мяркуюць, што прапісаная ў заканадаўстве працэдура з’яўляецца адзінай законнай магчымасцю на працягу трох месяцаў штодзень весці «поўнамаштабны дыялог» з выбаршчыкамі — не толькі даваць ацэнкі таго, што адбываецца ў кране, але і выслухаць людзей.

Менавіта такі дыялог, а не «фармальнае дэпутацтва» кааліцыя лічыць «адзінай мэтай свайго ўдзелу ў выбарах 2012 года».

Першачарговай задачай удзельнікі кааліцыі разглядаюць каардынацыю дзеянняў прыхільнікаў розных форм удзелу ў выбарах. «Як прыхільнікі выкарыстання дадзенай законам працэдуры, гэтак і прыхільнікі яе байкоту павінны перайсці ад мовы ўльтыматумаў да мовы дыялогу, таму мы прапаноўваем правесці публічнае абмеркаванне сітуацыі», — падкрэсліваецца ў дэкларацыі.

На думку прадстаўнікоў кааліцыі,

усе формы ўдзелу ў палітычным працэсе на сённяшнім этапе «на тры чвэрці супадаюць». «Нават для паўнацэннай арганізацыі байкоту нам неабходна вылучаць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, арганізоўваць назіранне, а калі неабходна, і вылучаць кандыдатаў», — зазначаецца ў дакуменце.

У дэкларацыі ўтрымліваецца патрабаванне неадкладнага вызвалення палітзняволеных.

«Мы будзем заклікаць усіх прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці Беларусі зняць свае кандыдатуры пасля выкарыстання ўсіх магчымасцяў агітацыйнай кампаніі за тыдзень да пачатку датэрміновага галасавання ў выпадку, калі да гэтага часу ўсе 15 палітзняволеных не будуць вызваленыя або ў краіне з’явяцца новыя палітычныя зняволеныя», — падкрэсліваецца ў дэкларацыі.

Парламенцкія выбары ў Беларусі павінны прайсці не пазней за 25 верасня. Выбарчая кампанія пачнецца ў чэрвені.

* * *

Каардынатар кампаніі «Гавары праўду» Аляксандр Фядута кажа, што «даў падсрачніка, бо Рымашэўскі толькі піярыцца».

«У мяне вельмі напружаныя адносіны з многімі людзьмі, з якімі я маю сустрэчы. Але трэба неяк знаходзіць супольную мову. Рымашэўскі толькі піярыцца, займаецца самапіярам, больш нічога не робіць. Хлопчык не ўмее сябе паводзіць, недастаткова выхаваны чалавек. Ёсць рэчы, якія я не збіраюся дараваць. Думаю, што я здзейсніў мару многіх беларусаў, што цікавяцца палітыкай, — даць выспятка зарэгістраванаму кандыдату ў прэзідэнты», — жартуе Фядута.

Каментары198

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

У Суле адзначылі Купалле. Гасцей было столькі, што на дарогах утварыліся заторы5

У Суле адзначылі Купалле. Гасцей было столькі, што на дарогах утварыліся заторы

Усе навіны →
Усе навіны

Ілан Маск абвясціў аб стварэнні сваёй партыі20

Аятала Хаменеі ўпершыню за некалькі тыдняў з'явіўся на публіцы

Дэпутат Гайдукевіч заклікаў нападаць на апазіцыянераў за мяжой: Гэты ўчынак будзе залічаны пры вяртанні15

Што вядома пра сетку кол-цэнтраў, якія ўцюхвалі беларускім пенсіянерам біядабаўкі4

Жонка трактарыста ўразіла колькасцю сыроў і каўбас, якія падарылі мужу на працы32

Дажджы вяртаюцца. Але будзе цёпла

У Мінску колькасць немаўлят скарацілася на траціну проці 2020 года21

Расія засакрэціла амаль усю статыстыку па дэмаграфіі5

Пошук у Google зніжае крэатыўнасць — людзі пачынаюць думаць аднолькава

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Суле адзначылі Купалле. Гасцей было столькі, што на дарогах утварыліся заторы5

У Суле адзначылі Купалле. Гасцей было столькі, што на дарогах утварыліся заторы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць