У раёне Паўночны пасёлак ў Лідзе з кранаў ішла «араматызаваная» вада. Фота Настассі Шамрэй.

У раёне Паўночны пасёлак ў Лідзе з кранаў ішла «араматызаваная» вада. Фота Настассі Шамрэй.

Раніцай 28 студзеня многія жыхары Ліды адчулі ў пітной вадзе з кранаў хімічны пах.
Як паведамляе мясцовы сайт Lida.info, першапачаткова скаргі на якасць вады паступалі ад жыхароў вуліц Тухачэўскага, Рыбыноўскага і Гастэлы. Таксама пах ці то ацэтону, ці то сальвенту адчувалі і жыхары іншых раёнаў горада.
Здарэнне з вадой у Лідзе справакавала хвалю чутак.
На інтэрнэт-форуме пішуць пра магчымую аварыю на адным з хімічных заводаў горада; пра пацярпелых, змешчаных у бальніцу з атручваннямі; пра раскупленую ў магазінах бутыляваную пітную ваду.

Нашы чытачы з Ліды, якія жывуць у адным з раёнаў, дзе ўзніклі праблемы з вадой, пацвярджалі наяўнасць непрыемнага паху. Пры гэтым яны не ведаюць ніводнага факта шпіталізацыі кагосьці з блізкіх ці знаёмых.

Тым часам мясцовая служба ЖКГ праз лідскі тэлеканал паведаміла прычыны здарэння:
«Жыхары асобных раёнаў Ліды адчулі незвычайны пах пітной вады, што выклікала сумневы: ці прыдатная яна для выкарыстання і ці бяспечна гэта для здароўя? Высветлілася, што сапраўды па хімічных параметрах ёсць невялікія адхіленні, але яна адпавядае нарматывам і не ўяўляе пагрозу здароўю насельніцтва.
А непрыемны пах выкліканы тым, што мінулай ноччу з-за моцных маразоў былі прыняты меры па прадухіленні прамярзання трубаправода.

У гэты час у асобных зонах на водазаборы «Бароўка» праходзіў рамонт, у тым ліку і афарбоўка памяшканняў. З-за гэтага адбылося насычэнне падаванай вады пахамі рамонту. Усе нязручнасці будуць ліквідаваны на працягу 24 гадзін. Да гэтага часу вадой карыстацца можна, але папярэдне яе неабходна пракіпяціць».

Але ні 29, ні 30 студзеня вада не прыйшла ў норму.
У панядзелак па абедзе жыхары некаторых дамоў паведамлялі, што ваду па-ранейшаму немагчыма піць праз спецыфічны пах.
Мы патэлефанавалі на лідскі вадаканал. Там таксама сказалі, што вада набралася паху ад фарбы. Маўляў, у зале фільтрацыі сапраўды фарбавалі падлогу.
І майстар не адчыніў вокны, каб праветрылася. Там паведамілі, што тэлефанаванні са скаргамі ідуць цягам панядзелка. Па такіх адрасах пасылаюць брагады, якія хларыруюць ваду.
На вадаканале запэўнілі, што пробы вады прайшлі аналіз і яе можна піць. Раяць толькі, каб перад ужываннем яна адстаялася.

31 студзеня, як паведамілі жыхары аднаго з дамоў, дзе былі праблемы, пах нарэшце знік. Дырэктар лідскай ЖКГ Сяргей Саўко не лічыць праблему істотнай:

«Адна баба другой сказала. Яны чулі там, дзе таго не было. А мы дрэнна спрацавалі, што людзей не супакоілі».

Па яго словах, праблемы не было. А толькі непаразуменне.

«Пытанняў па вадзе няма. І скаргаў няма некалькі дзён».

Саўко адзначыў, што менавіта супрацоўнікі ЖКГ папрасілі правесці аналіз вады, каб засведчыць яе прыдатнасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?